Ва Украіне ўсё часцей гавораць пра Трэці Майдан



Ва Украіне ўсё часцей гавораць пра Трэці Майдан. Першы, які ўвайшоў у гісторыю як «Аранжавая рэвалюцыя», адбываўся ў 2004-м годзе і прывёў да прэзідэнцтва Віктара Юшчанку. Вынікам Другога Майдана, больш вядомага, як «Рэвалюцыя годнасці», стаў прыход да ўлады Пятра Парашэнкі і ягонай каманды. Але ж шмат хто ў краіне незадаволены і цяперашняй уладай. Парашэнку вінавацяць у адсутнасці рэальных рэформаў, захоўванні старых карупцыйных схемаў і прасоўванні новых, а галоўнае – ў беспрэцэдэнтным збядненні народа.

Ці мажлівы ва Украіне Трэці Майдан? Гэтае пытанне наш украінскі карэспандэнт Марцін Война задаваў на Майдане Незалежнасці кіеўлянам і гасцям Кіева.

 Уладзімір, пенсіянер з Ровенскай вобласці:

А яно ўсё да Трэцяга Майдану і ідзе. Мы пабачылі, што такое гэты Урад, мы пабачылі, што ў Вярхоўнай Радзе адбылася чарговая здрада. Яны не прагаласавалі за тую адстаўку. У тым жа Блоку Пятра Парашэнкі ў Вярхоўнай Радзе да 15 % — дэпутаты з былой «Партыі Рэгіёнаў», той самай партыі Віктара Януковіча. Усе ранейшыя карупцыйныя схемы засталіся. Уся мафія, усе павязаныя між сабою. У Вярхоўнай Радзе – спрэс алігархі. Вядома, не самі, а тыя дэпутаты, якія іх прадстаўляюць. А парадак навесці вельмі проста. Трэба расстраляць Вярхоўную Раду, а пасля – расстраляць усіх, хто прыйдзе на пахаванні. Вось тады і будзе парадак…

Ігар, будаўнік з Белай Царквы:

Калі цэны будуць падымацца, людзі выйдуць і на Трэці Майдан. Прычына? Людзям не будзе з чаго жыць і з чаго плаціць камунальныя паслугі. На тую ж камуналку ва Украіне выдаткоўваюць ужо 30-40 % ад зарплаты…

Галіна Фёдараўна, настаўніца з Кіева:

Жыццё не палепшылася… У нас ідзе вайна, штодня шалёныя грошы выдаткоўваюцца на вайсковыя патрэбы. Але ж народ у нас цяпер згуртаваўся, і народ, у параўнанні з уладаю, ідзе наперад…

Юніс, грамадскі актывіст з Чарнігава:

Я быў на Майдане з першага дня. Тады ўсе гаварылі: дайце нам замест ненавіснага Януковіча адзінага кандыдата, і мы за яго прагаласуем. Наш народ баіцца адказнасці – ім патрэбны правадыр… Гэтым і скарыстаўся Парашэнка. Людзі чакалі Месію. Ён абяцаў і вайну завершыць за лічаныя гадзіны, і шмат што яшчэ. Гэты чалавек прадаў ідэалы Майдану, дапнуўся да ўлады на крыві нашых герояў і, фактычна, прадаў Украіну. Так, я хачу, каб быў Трэці Майдан, але каб мы не танцавалі, а проста прыйшлі са зброяй і ўзялі ўладу ў свае рукі. А потым правесці выбары. Але калі мы так зробім, ад нас адвернецца ўвесь свет, і мы гэта выдатна разумеем. 

Вольга, менеджэрка з Кіева:

За апошнія гады ўзровень жыцця ва Украіне знізіўся катастрафічна. Дык гэта ў Кіеве. Што тычыцца правінцыі – там людзі на мяжы выжывання, там няма працы, няма грошай. І мы выдатна разумеем, што Парашэнка – скарумпаваны прэзідэнт. Бо, у адрозненне ад вашага беларускага рэжыму, ва Украіне ёсць незалежныя медыя, адкуль мы і можам браць інфармацыю. І ўрад, і Вярхоўная Рада таксама карумпаваныя, там вырашаюць выключна свае меркантыльныя інтарэсы. Улада мае шанец тэрмінова рэфармаваць краіну, і мы ўсе на гэта спадзяемся. Але давайце паспрабуем уявіць, чым можа скончыцца гіпатэтычны Трэці Майдан. Пратэставальнікі на Майдане. Паліцыя і войска бароніць Парашэнку і ўрад, бо тады будзе бараніць не народ, а ўладу. Зноў ахвяры, супрацьстаянне ў грамадстве і анархія на няпэўны час. Ад гэтага выйграе адно расейскі прэзідэнт Пуцін. Напэўна, расейцы ў гэты час распачнуць маштабны наступ не толькі на Усходзе, але і па ўсёй Украіне. А гэта – дзясяткі тысяч забітых украінцаў, я не пабаюся гэтай лічбы. Калі правесці аналогію Трэці Майдан, як Трэцяя Сусветная вайна, то чацвёртага Майдану ўжо не будзе, бо тады не будзе Украіны.

Вось і выходзіць, што Украіна патрапіла ў «нажніцы». З аднаго боку, трыванне ў людзей не бязмежнае, і збядняць ужо няма куды. Але з іншага, чарговая рэвалюцыя будзе выгоднай найперш тым сілам, якія імкнуцца сцерці Украіну з мапы Еўропы.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя