Ва Украіне выказваюць спачуванні французскаму народу



Украіна шакаваная крывавымі тэрактамі ў Парыжы. Людзі жахаюцца, што падобнае ўвогуле магчымае ў цывілізаваным свеце. І высокапасадоўцы, і звычайныя грамадзяне выказваюць спагаду і салідарнасць народу Францыі.

Спачуванні французскаму народу ўжо выказаў прэзідэнт Пётр Парашэнка, які напісаў у сваім твітары: “Тэрарызм – наш агульны вораг. Салідарны з народам Францыі”.

Таксама выказалі спачуванні прэм’ер-міністр Арсеній Яцэнюк, кіеўскі мэр Віталій Клычко і спікер Вярхоўнай Рады Уладзімір Гройсман, прытым апошні прызнаўся, што моліцца за ўратаванне закладнікаў.

Але першымі на тэрарыстычныя акты адрэагавалі звычайныя ўкраінскія грамадзяне. Яшчэ ўначы каля французскай амбасады ў Кіеве з’явіліся кветкі і запаленыя свечкі. Тыя, хто прыходзіў да амбасады, слухалі апошнія навіны з Парыжа разам з ахоўнікамі, прытым некаторыя не маглі ўтрымаць слёзаў.

Інфармацыі пра грамадзянаў Украіны, якія пацярпелі ад тэрарыстычнага акту, пакуль няма. Міністэрства замежных спраў Украіны адкрыла “гарачую лінію”, дзе кожны можа дазнацца пра лёс сваякоў ці сяброў, якія знаходзяцца ў Францыі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя