Ва Украіне спынена ваеннае становішча (абноўлена)



Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны ўхваліла рашэнне аб прыпыненні ў 10-ці абласцях ваеннага становішча, абвешчанага месяц таму ў сувязі з «чарговым актам агрэсіі Расейскай Федэрацыі 25 лістапада ў раёне Керчанскай пратокі супраць караблёў Ваенна-марскіх сіл Украіны».

«26 снежня спыняецца ваеннае становішча. Гэта маё прынцыповае рашэнне, яно заснавана на аналізе ўсіх складнікаў існуючай сітуацыі бяспекі ва Украіне», — заявіў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка сёння на паседжанні Рады нацыянальнай бяспекі.  

* * * 

У сераду, 26 снежня, заканчваецца тэрмін дзеяння ваеннага становiшча, якое было ўведзенае пасля інцыдэнту ў Керчанскай пратоцы ў дзесяці абласцях Украіны, паведамляе zn.ua.

Ваеннае становішча было ўведзенае тэрмінам на 30 дзён з 14.00 26 лістапада ў Вінніцкай, Луганскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Сумскай, Харкаўскай, Чарнігаўскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцях.

Нагадаем, што 25 лістапада расейскія памежнікі атакавалі і захапілі два катары і рэйдавы буксір Вайсковых марскіх Узброеных сіл Украіны, якія ехалі з Адэсы ў Марыупаль. У выніку гэтага некалькі ўкраінцаў атрымалі раненні, усіх 24 маракоў арыштавалі за нібыта „незаконнае перасячэнне дзяржмяжы РФ”.

26 лістапада Рада прагаласавала за ўвядзенне ваеннага становішча тэрмінам на 30 дзён у 10 абласцях, а таксама ва ўнутраных водах Украіны ў акваторыі Азоўскага мора. Закон аб увядзенні ваеннага становішча ўвайшоў у дзеянне 28 лістапада.