Ва Украіне згадваюць Ілавайскую трагедыю
У канцы жніўня 2014 года, падчас цяжкіх баёў непадалёк Данецка, часткі ўкраінскай арміі патрапілі ў кацёл. Расейскія вайскоўцы, якія супрацьстаялі байцам узброеных сіл Украіны, паабяцалі арганізаваць “гуманітарны калідор” для выхаду ўкраінскіх вайскоўцаў і нават далі слова “расейскага афіцэра”, але падманулі іх. У выніку калона была расстраляная.
Расейскія ўлады пагэтуль сцвярджаюць, што супраць украінскай арміі ваявалі баявікі непрызнанай ДНР. Але сведчанні відавочцаў тых падзей абвяргаюць афіцыйную версію Крамля. Згадвае Сяргей Багукалец, этнічны беларус з Сівершчыны, які ў жніўні 2014 года ваяваў у зоне Антытэрарыстычнай аперацыі:
– Гэта была штатная, укамлектаваная, вышкаленая расейская армія. Аўтаматныя абстрэлы былі кожны дзень, а потым пачаліся абстрэлы з „Градаў” з боку дзяржаўнай мяжы з Расеяй.
Паводле афіцыйных дадзеных, падчас Ілавайскай трагедыі загінула 366 і было паранена 429 украінскіх вайскоўцаў. Праваабаронцы называюць лічбу больш чым у 1000 забітых.
Беларускае Радыё Рацыя