Вадзім Cаранчукоў: Выбарчая кампанія мусіць быць перанесена



Кіраўнік гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў лічыць, што ладзіць выбары ў перыяд пандэміі каронавіруса – гэта злачынства.

– Праводзіць выбарчую кампанію не толькі немагчыма, але гэта з’яўляецца злачынствам. Менавіта такое рашэнне прыняў Сойм партыі БНФ. Мы разглядаем сённяшнюю эпідэміялагічную сітуацыю як вельмі складаную. Ні пра якое плато, ні пра якія дасягненні піку на сённяшні дзень гаворкі няма. Таму адпраўляць людзей збіраць подпісы – гэта не проста недапушчальна, але фактычна злачынства. Таму я абсалютна перакананы, што кампанія павінна быць перанесеная на больш спрыяльны эпідэміялагічны час і стан.

На думку Вадзіма Саранчукова, кандыдаты мусяць адмовіцца ад кантактаў з людзьмі, і не ўдзельнічаць у гэтай кампаніі:

– Усе, хто заяўляе, што ён адказны беларускі палітык, павінны адмовіцца ад шырокіх кантактаў з людзьмі дзеля захавання бяспекі, дзеля здароўя гэтых самых людзей. Таму я асабіста заклікаў бы ўсіх прэтэндэнтаў, якія хацелі б вылучацца, не ўдзельнічаць у гэтай кампаніі.

У Гародні большасць грамадскіх дзеячаў і палітыкаў уваходзяць у грамадскі рух дапамогі гарадзенскім медыкам, да якога можна далучыцца праз тэлеграм-канал  https://t.me/k28chat

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня