Вадзім Мажэйка: Лукашэнка вымушаны сімвалічна падтрымліваць расейскія ініцыятывы



Госць Рацыі палітычны аглядальнік Вадзім Мажэйка распавёў журналісту Уладу Грынеўскаму ў эфіры нашага радыё, чаго варта чакаць ад адпраўкі беларускіх вайскоўцаў у Казахстан і ці была логіка ў Лукашэнкі гэта зрабіць.

– Са стратэгічнага пункта гледжання, наяўнасць беларускага кантынгета асабліва ні на што не паўплывае, бо там сімвалічная іх колькасць. Калі і будуць моцныя вайсковыя задачы, дык яны будуць тычыцца расейцаў. З пунтку гледжання беларускіх уладаў, мела б сэнс не высоўвацца, ахоўваць у тылу аб’екты, не лезці на перадаваю, бо калі нешта здарыцца з кімсці з беларускіх вайскоўцаў, то будзе цяжка патлумачыць грамадству: а ўвогуле дзеля чаго гэтыя беларусы паміралі, за якія такія беларускія інтарэсы ў Казахстане мы змагаемся. Зразумела, што Лукашэнка можа і вымушаны гэта рабіць, вымушаны сімвалічна падтрымліваць такія расейскія ініцыятывы. І зразумелы такі аўтарытарны клуб старых дыктатараў, якія могуць падтрымліваць адзін аднаго – вайсковае ўвасабленне канцэпцыі аўтарытарнага інтэрнацыянала. Логіку зразумець можна, але тут няма логікі для беларускага грамадства, толькі для ўлады.

– А для беларускага грамадства аргументам увогуле з’яўляецца, а што робяць там нашыя войскі, калі ў Казахстане ўлады са сваім народам змагаюцца? Там жа няма ўмяшання трэцяй краіны.

– Безумоўна, нават чыста тэарэтычна, калі на Казахстан напала нейкая іншая азіяцкая краіна, нават у такім выпадку мне было б цяжка патлумачыць, а чаму беларусы мусяць туды паляцець. Але нават такога мы зараз не бачым. Прапаганда кажа пра нейкае знешняе ўмяшальніцтва, але дагэтуль прапаганда не вызначылася, гэта умяшальніцтва каго: талібан, ІГІЛ, заходнія НДА ці хто, то бок незразумела з якога вектару заходняе ўмяшальніцтва прапаганда тут бачыць. Таму зараз такая вайна з уласным народам і падаўленне пратэстаў, самі казахі бачаць больш унутранай гульні, яны разважаюць пра кланы, пра захад, пра поўнач, пра жузы. А беларусы пра ўсё гэта не абазнаныя і акурат экстрапалююць сваё ўяўленне пра беларускі пратэст на Казахстан, часам, вядома, спрашчаючы нешта, і таму хутчэй будуць салідарныя з казахамі.

– Рыторыка прапаганды звычайная і мы тысячу разоў чулі гэта – і пратэсты ў Расеі, і пратэсты ў Беларусі, калі прапаганда падавала гэта быццам умоўны Вашынгтонскі абкам усё прыдумаў і некага даслаў.

– Проста прапаганда ўвогуле не бачыць суб’ектансці ў грамадства, у людзей. Прапаганда і старыя аўтарытары і эліты не могуць сабе ўявіць, што людзі проста могуць нешта рабіць самі, таму што яны таксама суб’ект палітыкі, яны хочуць на нешта ўплываць, хочуць прымаць рашэнні і што людзі здольныя самаарганізавацца. Улада гэтага не разумее, гэтыя людзі разумеюць нейкую мову камандаў, змоваў. Таму гэта такое нявер’е ў тое, што людзі здольныя на самастойныя дзеянні.

Цалкам размову слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Беларускае Радыё Рацыя