Вадзім Мажэйка: Лукашэнку застаецца толькі блефаваць
Палітычны блеф – так аналітык называе рэакцыі афіцыйнага Менску на чарговыя санкцыі, якія абяцае Еўропа. Аляксандр Лукашэнка выказваўся, што Беларусь да гэтых санкцыяў гатовая ды заклікае не драматызаваць сітуацыю. Фактычна яму не застаецца казаць нешта іншае, як тое, што санкцый Беларусь не баіцца, заўважае палітычны аналітык Вадзім Мажэйка. Тут кіраўнік краіны сапраўды нічога не можа зрабіць, тым больш прадухіліць увядзенне новых санкцый.
– Мы бачым, што авантура з мігрыцыйным крызісам, які фактычна штучна быў створаны на заходняй мяжы, замест таго, каб прымусіць заходнія краіны на перамовы з Лукашэнкам, толькі вядзе да новых санкцый і што цяпер, матывуючы пяты пакет санкцый, узгадваюць яшчэ і мігрантаў. Паколькі ніякіх рэальных канструктыўных магчымасцяў уплываць на Еўропу ў Лукашэнкі не засталося, таму застаецца толькі блефаваць і казаць, маўляў, мне ўсё гэта не страшна.
У Еўропе рыхтуецца ужо пяты пакет санкцый супраць афіцыйнага Менску. На мінулым тыдні Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі, дакумент, якім будзе кіравацца Еўрапейская Рада, сход кіраўнікоў дзяржаваў Еўразвязу ў Бруселі на наступным тыдні. Там канчаткова вырашыцца пытанне пра чарговыя санкцыі.
Беларускае Радыё Рацыя