Вадзім Мажэйка пра эскалацыю адносінаў паміж Менскам і Бруселем



„Госць Рацыі” – аналітык Вадзім Мажэйка – прадстаўнік Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS). 

РР: Выхад з праграмы “Усходняе партнёрства”, пра які заявіў афіцыйны Менск, – гэта сімвалічны крок ці не?

Вадзім Мажэйка: Я звярнуў увагу на тое, што калі глядзець на заяву МЗС, Менск не выходзіў з “Усходняга партнёрства”, а прыпыняе свой удзел. І, адпаведна, Менск пакідае сабе магчымасць куды ісці надалей. Але ў Еўразвяза значна болей магчымасцяў уплыву. Бо залежнасць ад узаемаадносінаў Беларусь – ЕЗ для Беларусі параўнальна большая. І, адпаведна, прыпыняючы ўдзел ва УП Менск фактычна не свае грошы перастае даваць Брусэлю, а наадварот – Менск перастае прымаць падтрымку Брусэля. Усе шматлікія праекты, якія былі звязаны з памежжам, экалагічныя праекты прыпыненыя. Але што важна адзначыць, апошнія часы пасля падзеяў жніўня, і так былі прыпынены ўсе трансферы еўрапейскіх грошай для ўладаў Беларусі, прынамсі, на вялікім роўні. І факт у тым, што паколькі асноўных грошай Менск усё роўна ад ЕЗ атрымаць не мог, то гэтае прыпыненне ўдзелу ва УП яно значна дэманструе, дзеля чаго ўвогуле Менску гэта ўсё было патрэбна. Бо калі няма доступу да больш-менш вялікіх грошай, то Менск ня мае значнага інтарэсу да ўдзелу ва “Усходнім партнёрстве”. Як мы бычым, транспамежныя праекты – зараз афіцыйны Менск на іх паставіў вялікі крыж, бо фактычна выбраў шлях шантажа Еўропы нелегальнай міграцыяй. Які, мне здаецца, цалкам пройгрышны.

РР: Выхад з пагаднення аб рэадмісіі – ён акурат тычыцца нелегальных мігрантаў. То бок гэта, можна сказаць, афіцыйнае абгрунтаванне такой меры ў адказ?

Вадзім Мажэйка: Я б сказаў, што тут  два ў адным, бо з аднаго боку, Менск выходзіць з гэтага пагаднення проста таму, што ў Менска не надта шмат беларуска-еўрапейскіх пагадненняў, з якіх увогуле можна выйсці. Але варта адзначыць, што да гэтага пагаднення больш за ўсё імкнуўся сам афіцыйны Менск, калі быў зацікаўлены атрымаць лепшыя кошты на візы. Але, канешне, так, сэнс гэтага выхаду ў тым, што пагадненне наўпрост тычыцца сітуацыі з нелегальнай міграцыяй. І мы бачым, што цяпер Менск дакладана не зацікаўлены прымаць назад усіх нелегальных мігрантаў з Ірака. Бо акурат сам Менск, як сцвярджаюць літоўскія ўлады, садзейнічае таму, каб гэтая нелегальная міграцыя адбывалася. Але, як мне падаецца, гэта цалкам тупіковы шлях. Бо калі глядзець прагматычна, няма  вялікай розніцы, на якім баку мяжы усталёўваць за еўрапейскія грошы інфраструктуру – на беларускім ці на літоўскім.  Гэта не стратэгічныя, а чыста тэхнічныя пытанні. Ну дапаможа ЕЗ Літве, абсталююць яны мяжу, на гэта пойдуць еўрапескія грошы. І пытанне на гэтым закрыецца. А Беларусь застанецца са сваімі праблемамі. Таму гэта такі маленькі камарыны ўкус, які са зла можна зрабіць, але нейкім сур’ёзным крокам назваць нельга.

РР: Цікава, чаму гэтая праблема ўзнікла менавіта на беларуска-літоўскай мяжы, а не на мяжы з Польшчай?

Вадзім Мажэйка: Прынамсі, адная з версій, якую я чуў, палягае ў тым, што беларуска-польская мяжа – гэта мяжа , якая засталася з савецкіх часоў. Паколькі за савецкім часам гэта была мяжа з СССР, яна была значна лепш абсталяваная, чым мяжа паміж Беларуссю і Літвой – савецкімі рэспублікамі. І таму, магчыма, праз беларуска-польскую мяжу складаней рабіць шляхі нелегальнай міграцыі.

РР: Як, на вашую думку, будзе далей разгортвацца эскалацыя адносінаў паміж Менскам і Бруселем? Ці мажлівы ад’езд паслоў еўрапейскіх краінаў з Менску?

Вадзім Мажэйка: Ад’езд еўрапейскіх паслоў магчымы. Як мы бачылі за апошнія 10 гадоў паслы ўжо некалькі разоў Беларусь пакідалі. Таму праблемы з гэтым магчымыя. Але, на жаль, гэта будзе праблемай для любых сумесных праектаў.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя