Вадзім Мажэйка: Пратэстовыя настроі застаюцца і набываюць новыя формы



Ці варта ісці на перамовы з уладамі ў пытаннях палітвязняў? Ці варта чакаць вясны або лета для пратэстовай актыўнасці? Што даюць мерапрыемствы з чырвона-зялёнымі сцягамі? На такія пытанні даў адказы наш сённяшні Госць Рацыі, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Вадзім Мажэйка ў размове з Алісай Поль.

РР: На вашу думку, якім чынам зараз выглядае пратэставы настрой, ці ён захоўваецца?

Вадзім Мажэйка: Сам па сабе пратэставы настрой захоўваецца, але зараз ён, канешне, памножаны на вялікі страх, бо гэта зрэшты тое, з чым беларускі пратэст сутыкнуўся, гэта беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі для пасляваеннай Еўропы. І канешне, у такіх умовах не дзіва, што нават такія ўзрушаныя і пратэстова ўзбуджаныя людзі, як беларускі народ у 2020 годзе, нават яны, канешне, запалоханыя, і з-за гэтага мы бачым, што няшмат зараз адбываецца пратэстаў, і яны не такія шматлюдныя. Але разам з тым мы бачым, што пратэсты застаюцца на пэўным роўні, адбываюцца фактычна штодня. Штодня мы бачым паведамленні ў Тэлеграме пра акцыі салідарнасці ў розных раёнах Менска, у розных гарадах Беларусі. Часам у гэтых акцыях бяруць удзел некалькі чалавек, а часам некалькі дзясяткаў чалавек. Раней гэта было для беларускай палітычнай сцэны чымсьці незвычайным. А зараз гэта стала ў ранг звычайнага дзеяння. І я б яшчэ зазначыў, што важнай часткай пратэстаў стала іх лакальная арганізаванасць, калі людзі разумеюць, што пакуль пратэст – гэта рызыкоўна, таму да яго трэба сур’ёзна падысці. Людзі навучыліся ствараць закрытыя чаты, якія правераныя, і людзі ведаюць, што тут няма нейкіх падазроных асобаў. Людзі навучыліся рабіць так званыя дазоры, пэўную каардынацыю нават з рацыямі, якія дазваляюць хутка паведамляць пра з’яўленне сілавікоў. І гэта ўсё сведчыць, што пратэст мае пэўную ўстойлівасць, хоць і на такім роўні, які не пагражае захаванню ўлады Лукашэнкі, але істотнай праблемай для ўлады застаецца. І тое што няспынна працягваюцца арышты, прычым не толькі лідараў, гэта таксама сведчыць пра тое, што ёсць каго арыштоўваць, пратэст захоўваецца.  

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя