Вадзім Мажэйка: рэжым не спыніцца, каб знайсці болей палітвязняў
Цягам апошняга тыдня ў незалежнай прэсе ідзе размова пра так званы «гандаль палітзняволенымі».
Аналітык Вадзім Мажэйка мае свой погляд на гэту праблему:
„Па-першае, ёсць вымярэнне эфектыўнасці, і ёсць маральнае вымярэнне. Калі глядзець з кропкі гледжання эфектыўнасці, прагматыкі, то для гандлю няма першаснай умовы, каб абодва бакі мелі тыя рэсурсы, якімі яны маглі бы падзяліцца ў абмен на штосьці. Зараз выглядае, што і рэжым у Менску і Заходнія партнёры па-першае на ніжэйшым узроўні даверу адзін да аднаго, і па-другое – няма нейкай гатоўнасці да саступак. Няма разумення таго, што можа зрабіць Захад, каб беларускі рэжым выпускаў палітвязняў.”
Мажэйка ўпэўнены, што лукашэнкаўскаму рэжыму нельга даваць шанцаў на такі гандаль:
„Вельмі небяспечна ствараць сістэму, калі будзе існаваць такі прайс: што вось мы столькі палітзняволеных мяняем на грошы ці любы іншы рэсурс. Бо гэта стварае вельмі дрэнны стымул для таго, каб набіраць новых палітзняволеных. Гэта такі рэсурс, калі ў Салігорску капаюць калій, і можна будзе таксама капаць палітвязняў. Вядома, што рэжым не спыніцца на тым, каб больш накапаць.”
Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка вельмі ўсцешаны тым, што з’явілася «Абʼяднанне сваякоў і колішніх палітвязняў», якое заклікае «лідэраў свабоднага свету да больш рашучых дзеянняў па вызваленні беларускіх палітвязняў».
Беларускае Радыё Рацыя