Вадзім Мажэйка: Сітуацыя з Пратасевічам – не тыповая



Некалькі дзён таму ў Беларусі агучаныя выракі ў «справе Nexta». Адзін з фігурантаў справы Раман Пратасевіч прысуджаны да 8 гадоў зняволення, але яго пакінулі пад “хатнім арыштам”.

Прысуд Пратасевічу і справу каментуе палітычны аналітык Вадзім Мажэйка:

-У такой сітуацыі нічога не было чаканым, бо сама сітуацыя цалкам незвычайная. Тое што праціўнік рэжыму фактычна захоплены па-пірацку, і што ён цалкам пайшоў на супрацу, гатовы быў каяцца, плакаць ў эфіры АНТ, і фактычна быў на ўсё гатовы. Выглядае, што і сам Пратасевіч такога жорсткага выраку не чакаў. Ён чакаў чагосьці больш мяккага. У гэтым сэнсе гэта паказвае цяперашні твар рэжыма.

Вадзім Мажэйка таксама лічыць Пратасевіча закладнікам рэжыма:

-Раман Пратасевіч – трагічная фігура. Пры ўсім тым, што няма нічога прыемнага ў ягоных дзеяннях, у ягоных публічных словах, выказваннях. І разам з тым у мяне ўсё больш выклікае хутчэй шкадаванне. Напрыклад, Васкрасенскі так ці інакш выбіраў такі самы шлях. Васкрасенскі меў магчымасць быць за мяжой, але не прасіў прытулку ў Польшчы, але вырашыў гуляць у такія ж гульні з рэжымам. Пратасевіча захапілі, не ён такі шлях абраў.

Іншыя выракі  ў «справе Nexta» выглядаюць наступным чынам: Сцяпану Пуцілу прысудзілі 20 гадоў калоніі, Яну Рудзіку — 19 гадоў (абодвум завочна).

Беларускае Радыё Рацыя