Вадзім Мажэйка: Сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам больш нагадваюць працоўныя планёркі



На мінулым тыдні Лукашэнка чарговы раз сустракаўся з Уладзімірам Пуціным у Сочы. Абмеркавалі гэта ў нашым эфіры з палітычным аналітыкам Вадзімам Мажэйкам.

РР: Журналісты падлічылі, што з пачатку года гэта ўжо, здаецца, чацвёртая сустрэча. Ці можна нешта новае сёння сказаць пасля гэтай сустрэчы?

Вадзім Мажэйка: Сапраўды, сустрэчаў шмат. У мінулым годзе іх было яшчэ болей. Лаўроў падлічыў, што іх было 12. Фактычна, па адной на месяц. Па маім меркаванні, сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі варта разумець не як сустрэчы двух лідараў краінаў, якія раўназначныя, а гэта працоўныя планёркі. А працоўныя планёркі адбываюцца і значна часцей за сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў. Пасля працоўных планёрак не робяць прэс-канферэнцый, планёркі праводзяцца не таму, што ёсць нейкая нетыповая нагода, а проста больш-менш рэгулярна. І нікога не здзіўляюць. Таму і тое, як праходзяць гэтыя сустрэчы, і якія паводзіны Лукашэнкі з Пуціным пасля сустрэчаў, сапраўды гэта ўсё ж такі працоўныя планёркі. І гэта ў пэўнай ступені адлюстроўвае тое, наколькі за апошнія гады павялічылася залежнасць Лукашэнкі ад Пуціна. І пры гэтым мы бачым, што такія важныя падзеі, як напрыклад, саўдзел Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны, гэта адбывалася не як нейкае рашэнне было прынятае на сустрэчы, а неяк само сабой. І калі што і абмяркоўвалася на гэтых сустрэчах, то нам гэта не вядома і гэта дакладна не паведамляюць загадзя.

РР: Ёсць абавязковы момант пасля такіх сустрэчаў, калі кіраўнікі дзяржаў выходзяць да прэсы і расказваюць пра тое, пра што яны дамовіліся. А апошнім часам Лукашэнка і Пуцін да прэсы фактычна не выходзяць.

Вадзім Мажэйка: Так, той жа тэлеграм-канал “Пул Первого”, блізкі да прэс-службы Лукашэнкі, калі ён асвятляе сустрэчы, то бачна, як у іх бракуе хоць нейкага кантэнту. Бо бракуе рэальных нагодаў. І вось пра тую ж ядзерную зброю, яе размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі. Пра яго зараз шмат спекуляцый.

РР: Давай з гэтым разбярэмся. Размяшчэнне расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі пачнецца адразу пасля завяршэння 7 – 8 ліпеня падрыхтоўкі збудаванняў для яе, – заявіў Пуцін пасля сустрэчы з Лукашэнкам у Сочы. Але, здаецца, ужо даўно вырашана гэтае пытанне з ядзернай зброяй у Беларусі. Як ты гэта патлумачыш? Можа ўвогуле не будзе ядзернай зброі ў Беларусі, а гэта такая спецаперацыя па запалохванні?

Вадзім Мажэйка: Ужыванне ядзернай зброі супраць Хірасімы і Нагасакі патрэбна было не каб гарады разбурыць, а ядзерная зброя – гэта ад пачатку псіхалагічная зброя. Прадэманстраваць сваю магутнасць, усіх запужаць, дэмаралізаваць. І фактычна дагэтуль так Расея ёй і карыстаецца. І паколькі Пуцін дайшоў да апошняга аргумента, то цяпер трэба гэты аргумент расцягваць. І таму мы бачым такія вельмі паступовыя крокі. Ад пачатку ж казалі, што ўсё збудуюць да 1-га чэрвеня. Цяпер ужо Пуцін кажа пра ліпень. І не дзіва, што гэта супадае з датамі Саміта НАТА ў Вільні. Пашантажаваць, прыгразіць – гэта акурат тое, што трэба.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя