Вадзім Мажэйка: Вагнераўцы асвойваюцца ў Беларусі



Госць Рацыі – Вадзім Мажэйка, палітычны аналітык, каардынатар беларускай экспертнай сеткі “Наша меркаванне”. Пра вагнераўцаў, іх мэту знаходжання ў Беларусі і лёс іх кіраўніка з ім размаўляе наш карэспандэнт Стась Дадэрка.

РР: Тэма вагнераўцаў у Беларусі. Як мы можам ацэньваць гэтую сітуацыю па стане на цяпер? Колькі гэтых вагнераўцаў, лічбы вар’ююцца самым розным чынам. Ці знаходзяцца яны пастаянна ў гэтым сваім лагеры пад Асіповічамі ці ўсё ж такі пад’язджаюць да мяжы Беларусі з Еўразвязам? Што з іх лідарам, з уладальнікам, ці жывы ён? На гэты конт таксама ёсць чуткі. І галоўнае пытанне – якая мэта іх знаходжання, ці вырашаная яна тымі, хто іх сюды паслаў і хто іх прыняў?

Вадзім Мажэйка: Сапраўды, тэма вагнераўцаў, як слушна вы заўважылі, прыцягвае процьму ўвагі міжнародных медыя. Можа, нават болей, чым беларускіх, бо мы ўжо прызвычаіліся да нашага такога перманентнага крызісу рознага. А сапраўды тэма вагнераўцаў цікавіць вельмі розныя медыя ў розных краінах, ад Амерыкі да блізкага Усходу. Гэтая напружанасць у Еўропе, якая ледзь не перарастае ў вайну…

Адказваючы на гэтае галоўнае пытанне, вагнераўцы з’явіліся ў Беларусі ў першую чаргу не таму, што ім трэба было быць у Беларусі, а таму што ім трэба было кудысьці з’ехаць з Расеі. То бок па тым, як мы можам меркаваць, як разгортваўся вось гэты крызіс, марша вагнераўцаў на Маскву, выглядала, што да канца ні вагнераўцы, ні Пуцін не хацелі вырашаць гэтае пытанне пэўным шляхам, то бок нейкімі баямі пад Масквой. Мабыць, для Пуціна гэта было катастрафічна іміджава, а для “Вагнера” гэта было б катастрафічна фізічна. Таму вось гэты кампраміс, што яны ўсе могуць сысці ў Беларусь, выглядае, што задаволіў і Прыгожына, і Пуціна. А Лукашэнка ўжо быў вымушаны прыстасоўвацца.

РР: А што наконт уладальніка “Вагнера”, як ён знік відавочна з радараў, ці існуе яшчэ ў гэтай рэчаіснасці?

Вадзім Мажэйка: Прынамсі не быў там забіты, мы таксама не бачылі. Мне здаецца, тут проста пэўны такі кантраст паміж тым наколькі ён інфармацыйна быў блізкі да ўсіх нас падчас ягонага мецяжу. Ён не проста быў у публічнай сферы, а вось гэтыя камунікацыі праз галасавыя паведамленні ў Тэлеграме – гэта такі стыль, які вельмі сцірае межы паміж медыя і прыватнай гутаркай. Фактычна вось кожны з нас мог паслухаць Прыгожына, як мы слухаем сваіх сяброў. І з-за гэтага стылю камунікацыі цяпер здаецца, што ён аддалены, ледзь не знік.

Мне падаецца, што ён вярнуўся ў менш публічнае поле, у якім ён быў у прынцыпе і да вайны. І цяпер, пэўна, вагнераўцы асвойваюцца. У Прыгожына ёсць важная задача асвоіцца, што ім рабіць у Беларусі. Бо відавочна, што вось гэтыя трэніроўкі для беларускіх вайскоўцаў – гэта і блізка не можа задаволіць фінансавы апетыт вагнераўцаў. Гэтай так, часовая падпрацоўка, але фактычна для вагнераўцаў гэтая тыповая сітуацыя як для наймітаў, як гэта бывала  там у гісторыі. Такія войскі наймітаў увесь час шукаюць сабе новую працу, новага наймальніка, які зможа ім плаціць, бо такая праца не можа быць стацыянарнай.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя