Вадзім Саранчукоў: Кантроль з боку Крамля над Беларуссю непазбежна будзе паслаблены



Госць Рацыі выконваючы абавязкі старшыні партыі БНФ Вадзім Саранчукоў у нашай студыі распавёў пра тое, да чаго беларусы павінны рыхтавацца ўжо зараз. Таксама Вадзім упэўнены, што перамога Украіны – пытанне часу.

– Адразу хацеў бы заўважыць, што не існуе асобна руска-ўкраінскай вайны, ёсць вайна Расеі з усім цывілізаваным светам. І ў гэтым свеце, і ў гэтай вайне Беларусь і Украіна знаходзяцца на адным фронце. Што тычыцца Рыгора Кастусёва, то гэта вялікая праблема, бо інфармацыя, якая паступае ад яго, вельмі-вельмі абмежаваная. Фактычна яе зусім няма. Нам дакладна вядома, што нашы лісты не даходзяць да яго. Вельмі сцісла прыходзіць інфармацыя пра стан ягонага здароўя, а нагадаю, што падцвердзілася анкалогія. І зараз, нягледзячы на тое, што ён патрабуе медычнай дапамогі, гэтая дапамога яму не надаецца. Тое самае можна сказаць пра следчыя дзеянні, якія на сённяшні дзень не вядуцца. Ну, і ў рэжыме інфармацыйнага вакууму знаходзіцца старшыня партыі БНФ.

– Ты некалькі месяцаў знаходзішся не ў Беларусі, як у такіх умовах кіраваць партыяй, партыя БНФ існуе яшчэ?

– Канешне, існуе. На самой справе, нельга сказаць, што я кірую партыяй, бо партыя – гэта механізм, які мае свае інструменты кіравання. І ў нас кіраванне калектыўнае і я на сённяшні дзень выконваючы абавязкі старшыні партыі, і я намеснік старшыні адзін з чатырох. Таму казаць пра тое, што нехта кіруе партыяй не выпадае. Партыя – механізм і людзі, якія ў большасці знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.

– Калі аналізаваць апошнія выказванні Лукашэнкі, атрымліваецца, што ён увесь час задумваецца, як не ўпутацца ў вайну, як пазбегчы дасыланне беларускіх жаўнераў ва Украіну?

– На самой справе такое лавіраванне – традыцыйная палітыка Лукашэнкі. І ўсю гісторыю свайго заняцця пасады ён акурат займаецца тым, каб паспрабаваць не ўпутацца і дзесьці выруліць, так сказаць. Гэта тычыцца і адносінаў з Захадам, гэта тычыцца і адносінаў з Расеяй, гэта тычыцца і эканамічных адносінаў, крэдытаў, на якія спадзяваўся калісьці, а зараз, думаю, ужо не спадзяецца Аляксандр Лукашэнка.

– А калі Расея ўсё ж такі прайграе ў вайне, што гэта азначае для Беларусі?

– Безумоўна, гэта адзін з шанцаў і акно магчымасцяў, якое адкрыецца перад нашай краінай. Мне падаецца, што гэта не пытанне, ці прайграе Расея, пытанне, калі гэта здарыцца па часе. Я абсалютна перакананы, што Украіна выйдзе пераможцай з такімі шанцамі і магчымасцямі, якія раней не адкрываліся перад ёй. Прыблізна тое ж самае тычыцца і нашай краіны. Той ціск, той кантроль, які доўгія гады захоўваецца з боку Крамля над нашай краінай, ён непазбежна будзе паслаблены і гэтымі магчымасцямі трэба будзе карыстацца, трэба быць гатовымі да гэтых момантаў. У нас павінна быць яснае ўяўленне, якой мы хочам бачыць нашу краіну, у нас павінны быць гатовыя крокі на першыя дні, першыя месяцы, праекты рэформаў, мы павінны думаць аб гэтым ужо зараз, бо акно магчымасцяў на самой справе вельмі кароткае.

Цалкам паслухаць размову можна ў далучаным аўдыёфайле: