Вадзім Саранчукоў: Махавік рэпрэсій не спыняецца



Палітык, намесьнік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, які штодзённа сочыць за сітуацыяй у краіне, лічыць, што зараз ідзе працэс “закручвання гаек” – працэс павелічэння рэпрэсій.

– Махавік рэпрэсій не спыняецца, ён толькі закручваецца ўсё больш і больш. Ціснуць на незалежную прэсу, на любыя кропкі, на якіх базуецца любая актыўнасць. Таму маё асабістае ўражанне, што сітуацыя не паляпшаецца. Ні пра які грамадскі дыялог і дыялог увогуле гаворкі няма. Усё ідзе толькі па шляху зачысткі любой прасторы, якая не падпадае пад дзяржаўную ідэалогію.

Вадзім Саранчукоў  упэўнены, што грамадзяне цяпер пачалі думаць пра тое, як трэба будзе  жыць, калі Лукашэнкі не будзе:

– Я бачу эвалюцыю сітуацыі. Зараз ужо няма таго, што ўсё, мы зараз скінем Лукашэнку і штосьці будзем рабіць. Людзі задумваюцца пра тое, што будзе пасля Лукашэнкі. Вельмі цешыць, таму што на змену пратэсту, на змену негатыву прыйшоў пазітыў, калі людзі пачынаюць распрацоўваць планы і стратэгіі, якім чынам мусіць развівацца іх горад, якім чынам мусіць развівацца сітуацыя, і гэта вельмі добра.

Па словах палітыка, ён вельмі рады, што з’яўляюцца мясцовыя ініцыятывы не толькі ў Менску, абласных цэнтрах, але таксама і ў маленькіх гарадах і мястэчках.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня