Вадзім Саранчукоў: Мы праходзілі “дэмакратызацыю” і ў 2006 годзе, і ў 2010 годзе



Гарадзенскія ўлады да 17 ліпеня бягучага года павінны агучыць пералік грамадскіх месцаў, дзе будзе забаронена пікетаванне і збор подпісаў у падтрымку таго ці іншага кандыдата ў прэзідэнты падчас выбарчай кампаніі.

Актывісты апазіцыйных партый Прынёмання выказваюць меркаванні, што найбольш даступныя і людныя месцы горада трапяць у пералік забароненых, што на думку старшыні гарадской арганізацыі партыі БНФ Вадзіма Саранчукова ў сённяшняй сітуацыі цалкам верагодна:

 – З усіх бакоў фіксуюцца пасылы, што будзе “чарговая дэмакратызацыя”. Мы ўжо праходзілі такую “дэмакратызацыю” – і ў 2006 годзе, і ў 2010 годзе. Ніякіх глабальных зменаў у параўнанні з папярэднімі кампаніямі я не прагназую. Не будзе падліку галасоў, не будзе роўнасці ўсіх кандыдатаў. Не будзе нармальных умоваў для агітацыі і збору подпісаў. 

Падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў ўлады Гародні дазволілі правядзенне пікетаў для збору подпісаў за вылучэнне апазіцыйных кандыдатаў у самых людных месцах горада, у тым ліку каля рынкаў і вакзалаў.

Бягучым часам у горадзе над Нёманам актыўна фармуюцца ініцыятыўныя групы двух магчымых кандыдатаў – Анатоля Лябедзькі і Таццяны Караткевіч.

 Беларускае Радыё Рацыя, Гародня