Вадзім Саранчукоў падвёў вынікі тыднёвага збора подпісаў
Каманда намесніка старшыні Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова падвяла ў Гародні першыя вынікі працы вялікім пікетам у цэнтры горада.
Кажа Вадзім Саранчукоў:
– Нашая каманда тыя задачы, якія перад сабой ставіла, – выканала. Мы штодня праводзім пікеты па збору подпісаў. Мы пайшлі да людзей. Мы запусцілі тэлеграм-канал нашай каманды. Мы запусцілі чат. Мы збіраем водгукі людзей, чаму яны падпісваюцца за нас. Фактычна мы адзіныя, хто ў гэтым горадзе зараз займаецца актыўнай выбарчай кампаніяй.
Зміцер Бандарчук, сябра каманды, лічыць, што каманда Саранчукова здолела аб’яднаць у Гародні розныя палітычныя сілы.
– Мы бачым, што на справе адбываецца тое, пра што мы планавалі раней. Усе палітычныя партыі і арганізацыі, якія ёсць у Гародні, усе прадстаўнікі не вылучаліся на гэтай акрузе. Цэнтральная акруга для Гародні будзе ўнікальнай. Пакуль мы бачым, што ўсе вытрымліваюць тыя пагадненні, якія ёсць. Мы будзем працаваць агульнай камандай. Вынікам будзе ганарыцца Гародня.
Ужо на бліжэйшыя некалькі дзён каманда Вадзіма Саранчукова запланавала шмат розных акцый, у ліку якіх будуць не толькі пікеты ў цэнтры горада, але і сустрэчы з жыхарамі спальных раёнаў і ўдзел у розных мерапрыемствах.
Беларускае Радыё Рацыя