Вадзім Саранчукоў: Партыя БНФ у выбарах не ўдзельнічае



Намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў лічыць, што правядзенне выбарчай кампаніі ў перыяд пандэміі з’яўляецца злачынным і спасылаецца на рашэнне Cойма партыі:

– Партыя БНФ на сваім Сойме прыняла рашэнне, што правядзенне выбарчай кампаніі ва ўмовах пандэміі з’яўляецца злачынным. Мы не будзем вылучаць свах прадстаўнікоў на пасаду прэзідэнта Беларусі. Мы таксама рэкамендавалі ўсім патэнцыйным прэтэндэнтам устрымацца ад падачы сваіх ініцыятыўных групаў і супольна правесці круглы стол нацыянальнай згоды з патрабаваннем да Палаты прадстаўнікоў без увядзення надзвычайнага становішча адкласці выбары на больш бяспечны ў эпідэміялагічным плане тэрмін.

Палітык лічыць, што і ажыццявіць назіранне за выбарамі ў такі перыяд будзе вельмі праблематычна:

– Пакуль партыя застаецца ў рамках кампаніі ”Права выбару”. Мы вылучалі і кандыдатаў, і назіральнікаў на папярэднія кампаніі. Але трэба разумець усё ж такі, што свет мяняецца і сітуацыя, якая сёння склалася з эпідэміяй COVID-19, яна патрабуе зменаў у рашэннях і паводзінах.  

Палітык падчас эпідэміі каронавірусу займаецца валанцёрскім рухам у Гародні і з’яўляецца адным з каардынатараў гэтага пачыну, у які ўвайшло амаль 600 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня