Вадзім Саранчукоў: Партыя працуе ў прававым полі, нягледзячы на рэпрэсіі



Тыдзень за кратамі знаходзіцца старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Што змянілася за гэты час у працы партыі, распавядае намеснік старшыні партыі Вадзім Саранчукоў:

– Партыя БНФ і іншыя палітычныя партыі дзейнічаюць выключна ў прававым полі. І тыя рэпрэсіі, якія зараз адбываюцца супраць палітыкаў, супраць грамадскіх актывістаў і звычайных грамадзян, яны скіраваныя на тое, каб максімальна задушыць любую грамадска-палітычную актыўнасць. Усё, што адбываецца ў рамках праграмы і статута Партыі БНФ, знаходзіцца выключна ў прававым полі. Мы супраць гвалту, экстрэмізму і тэрарызму, пра якія зараз шмат гаворыцца. Таму я абсалютна перакананы, што затрыманне Рыгора Кастусёва і іншых палітзняволеных мае палітычную афарбоўку і ніяк не звязана з нібыта замахамі, якія яны нібыта рыхтавалі.

Па словах Вадзіма Саранчукова, прадстаўнікі Партыі БНФ дапамагаюць свайму старшыні:

– Арганізаваныя перадачы, адвакат для Рыгора Андрэевіча. Арганізавана кампанія міжнароднай падтрымкі. У бліжэйшы тыдзень рэакцыі міжнародныя і ўнутры краіны будуць апублікаваныя з мэтай максімальна прыцягнуць увагу да тых працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі. Партыя працягвае дзейнічаць у рамках статута. Сойм, як вышэйшы орган, які дзейнічае паміж з’ездамі, працуе. Асноўная задача, якая зараз стаіць, – гэта, безумоўна, рэакцыя на тыя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі і перш за ўсё – на затрыманне і магчымы арышт нашага старшыні.

Вадзім Саранчукоў упэўнены, што зараз па ўсёй краіне адбываецца ціск не толькі на сябраў партыі БНФ, але й на іншых актыўных грамадзян і гэта адбываецца не толькі ў Менску, але і ў малых гарадах і ў абласных цэнтрах.  

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня