Вадзім Саранчукоў: Публічная актыўнасць у Беларусі – немагчыма
У Беларусі сканчаецца перарэгістрацыя палітычных партыяў.
Кіраўнік Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў пракаментаваў гэтую ініцыятыву Мінюста Беларусі наступным чынам:
– Па-першае, любыя змены, якія будуць унесеныя ў заканадаўства, пагаршаюць палітычную сітуацыю і ўвогуле становішча партыяў унутры Беларусі. Трэба разумець, што нармальнай працы ў партыйных арганізацыях не магло быць ужо досыць даўна. Таму што любая актыўнасць у Беларусі, мякка кажучы, не вітаецца. А на практыцы яна губіцца на самым корані. Самыя, здаецца, законныя праявы такой актыўнасці – сустрэчы, абмеркаванні – адразу падвяргаюцца налётам. Ні пра якую публічнасць даўно гаворкі няма.
Па словах палітыка, зараз прадстаўнікі партыі БНФ вельмі засяроджваюцца на сваёй бяспецы:
– Адным з асноўных прыярытэтаў для нашай партыі з’яўляецца бяспека нашых сяброў. Таму менавіта з гэтага разумення ўсе нашыя рашэнні і сыходзяць. Гэта тычыцца перш за ўсё публічнай актыўнасці, якая можа быць на сёння ў Беларусі.
Вадзім Саранчукоў ужо амаль два гады вымушана жыве ў Літве, аднак, па яго словах, ён не знаходзіцца ў эміграцыі, а ў працяглай «творчай камандзіроўцы».
Беларускае Радыё Рацыя