Вадзім Саранчукоў: Рэпрэсіі толькі ўзмоцняцца



Намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў лічыць, што затрыманне Ціханоўскага і знойдзеныя грошы на лецішчы маці блогера  – гэта толькі пачатак рэпрэсій у адносінах да актывістаў:

– Сённяшнія ўлады перайшлі да брутальных правакацый. Я думаю, чым далей сітуацыя будзе разгортвацца, тым усё больш і больш будуць закручвацца тыя гайкі. Мой прагноз, безумоўна, несуцяшальны. Я не бачу выбары свабоднымі, адкрытымі, дэмакратычнымі. І думаю, што сітуацыя будзе пагаршацца ў плане абмежавання свабодаў і магчымасцяў для людзей, якія ўдзельнічаюць. Пры гэтым сітуацыя з вірусам застаецца складанай. Зараз я па-ранейшаму лічу, што выбары трэба пераносіць на больш спрыяльны час.

Палітык лічыць, што ўлада, аднак, не пойдзе на перанос выбараў:

– Я думаю, што гэта малаверагодна. Думаю, што ўсё будзе нашмат прасцей і брутальней, бо такія складаныя схемы не выкарыстоўвае сённяшняя ўлада. Я думаю, што нягледзячы на ўсе разумныя патрабаванні пераносу, яны перанесены не будуць. І будуць проста заціснуты гайкі і максімальна абмежаваны ўдзел пратэстных кандыдатаў.

Вадзім Саранчукоў не ўдзельнічае ў сёлетняй выбарчай кампаніі, але прымае актыўны ўдзел у валанцёрскім руху дапамогі гарадзенскім медыкам. 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня