Вадзім Саранчукоў: Сітуацыя з Кастусёвым вельмі складаная



Пастаянныя рэпрэсіі супраць сябраў партыі, затрыманні, вялізныя штрафы – у такіх умовах цягам апошняга году знаходзіцца адна з самых вялікіх апазіцыйных партый – Партыя БНФ. Размаўляем з выконваючым абавязкі старшыні партыі, Вадзімам Саранчуковым.

РР: Як удаецца выжываць у такіх умовах, калі і каронавірус, і рэпрэсіі, прадстаўнікам БНФ у Беларусі?    

Вадзім Саранчукоў: Для партыі сітуацыя не новая. Мы фактычна ўсю сваю гісторыю існуём у такіх умовах. Мы працягваем працу ў прававым полі згодна з праграмай і статутам, таму тыя мэты і задачы, якія мы перад сабой ставілі, і тыя перакананні, якіх мы прытрымліваемся, яны застаюцца актуальнымі.

РР: Якія, напрыклад?

Вадзім Саранчукоў: Беларуская Нацыянальная дзяржава – гэта тэма, якая падымаецца ўсё часцей і часцей на фоне размоў пра магчымы рэферэндум, пра магчымае аб’яднанне, пра дарожныя карты. 

РР: Кіраўнік партыі знаходзіцца за кратамі. Ці ёсць нейкі кантакт з ім, ці піша ён лісты сябрам па партыі?

Вадзім Саранчукоў: Гэта вельмі складаная сітуацыя. Лісты да Рыгора Андрэевіча не даходзяць. Я асабіста напісаў яму два лісты. Ніводны не атрыманы ім. Вельмі эпізадычна даходзяць нашым сябрам лісты адтуль. Адвакат працуе. Праблема ў тым, што адвакат можа сустракацца са сваім падабаронным толькі падчас следчых дзеянняў. Таму гэта асобная складанасць. Да Рыгора Андрэевіча даходзяць пасылкі, некаторыя тэлеграмы. Тыя перадачы, якія мы ў рамках закона можам перадаваць, мы перадаём.

РР: Ці не было ў вас думкі з’ехаць за мяжу?

Вадзім Саранчукоў: Я – патрыёт. І маё месца тут.

Самога Вадзіма Саранчукова не аднойчы выклікалі ва ўпраўленне Следчага камітэту па Гарадзенскай вобласці і па дзвюм крымінальным справам, заведзеным яшчэ ў верасні 2020 году, палітык праходзіць у якасці сведкі.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя