Вадзім Саранчукоў: Спадзяванне на ўключэнне нашых партыйцаў у камісіі вельмі малое
Партыя БНФ накіравала ва ўчастковыя камісіі па ўсёй Беларусі 109 прадстаўнікоў, яшчэ 85 чалавек вылучаныя ад мясцовых арганізацый грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”, і лёс гэтых прадстаўнікоў вырашыцца цягам некалькіх бліжэйшых дзён.
Кажа намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:
– Думаю, што па выніку ніякай розніцы не будзе. Ужо сёння мы бачым, як адбываецца фармаванне ўчастковых камісій у Менску, дзе не ўключаюць фактычна ніводнага альтэрнатыўнага прадстаўніка. Я думаю, што заўтра ў Гародні будзе прыблізна тое самае. Папярэднія гады кажуць пра тое, што нашым прадстаўнікам адмаўляюць па абсалютна розных прычынах.
Палітык упэўнены, што большасць прычынаў адмаўлення – надуманыя:
– Выдумвалі за ўсю гісторыю абсалютна розныя, дзікія падставы. Пачынаючы з таго, што ў камісію нельга ўключаць людзей, якія ніколі не працавалі ў камісіі. Спасылаліся на тое, што чалавек можа быць беспрацоўным, хоць наадварот, калі чалавек беспрацоўны, за працу ў камісіі ён грошы не атрымлівае, але затое ён мае шмат вольнага часу, каб прысвяціць арганізацыі выбарчага працэсу. Бо менавіта ўчастковыя камісіі займаюцца тым, што падлічваюць першасныя бюлетэні. І гэта цэлы комплекс кантролю грамадзян.
Па словах Вадзіма Саранчукова, ужо зараз выбары-2020 нельга назваць свабоднымі і дэмакратычнымі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня