Вадзім Саранчукоў: У мяне ўнікальная каманда



Палітык, намеснік старшыні Гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, які зарэгістраваны кандыдатам на парламенцкіх выбарах, лічыць сваю каманду ўнікальнай:

– #Каманда28 – гэта група людзей фактычна з усіх партый, якія на сённяшні дзень ёсць у Гародні, з розных грамадскіх арганізацыяй, каляпалітычных, экалагічных – гэта звычайныя актывісты. #Каманда28 – гэта не нейкая фармальная арганізацыя, гэта ініцыятыва для нашага горада, ініцыятыва групы людзей, якія бачаць развіццё для нашага горада, ведаюць як гэта зрабіць. Ведаюць, як сапраўды зрабіць так, каб у горада з’явіўся свой голас. У тых людзей, якія жывуць у горадзе, з’явілася магчымасць нейкім чынам рэалізоўваць сваё бачанне гораду, сваё бачанне краіны. 

Палітык кажа, што праца яго каманды накіравана да будучыню:

– Любая кампанія павінна мець нейкую часовую рамку. У дадзеным выпадку тыя стратэгіі, тыя планы, якія мы распрацоўваем да юбілею горада – да 900-годдзя, якое будзе адзначацца ў 2028 годзе. Менавіта таму лічба 28 увайшла ў назву нашай каманды. 

РР: Колькі людзей у вашай камандзе?

– Людзей у нас шмат, мы не гонімся за нейкай лічбай, бо колькасць удзельнікаў на самой справе не мае значэння. Нам цікава якасць, нам цікава актыўнасць, тыя ідэі, прапановы, якія генеруюць людзі, што да нас прыходзяць. 

Падчас збору подпісаў штодзённые пікеты каманды Вадзіма Саранчукова пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі сталі гарадзенскай адметнасцю.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня