Ваенная аперацыя Расеі правалілася
Ваенная аперацыя Расеі правалілася: Масква гатовая да кампрамісу. Гэтак першы дзень перамоваў паміж дэлегацыямі Расеі і Украіны ў Стамбуле ацаніў палітычны аналітык Валер Карбалевіч.
Паводле яго, бакі як ніколі блізкія да кампрамісу. Недапушчэнне сяброўства Украіны ў Паўночнаатлантычным альянсе было абвешчана адной з задач вайны Расеі. Гатовасць Кіева да кампрамісу ў гэтым пытанні — прынцыповая саступка з ягонага боку. Але яна абстаўлена важнымі ўмовамі. Гарантам бяспекі становіцца Рада бяспекі ААН, а таксама шэраг вядучых дзяржаваў. Рашэнне аб нейтральным статусе Украіны павінна быць зацверджана на рэферэндуме. Таксама цяпер Расея не пярэчыць уступленню Украіны ў Еўразвяз.
Карбалевіч заўважае, што кожны дзень вайны наносіць цяжкія страты войску і эканоміцы Расеі. Шлях да мірнай дамовы будзе цяжкі, але яна выглядае цалкам рэальнай. Турэцкая зямля аказалася больш спрыяльнай для паразумення перамоўнікаў, чым беларуская, мяркуе эксперт.
Беларускае Радыё Рацыя