Ваенныя інспектары з ЗША наведаюць адну з вайсковых частак у Беларусі
Група ваенных інспектараў са Злучаных Штатаў Амерыкі 11—14 лютага праінспектуе адну з вайсковых частак Узброеных сіл Беларусі, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.
Акрамя сямі прадстаўнікоў ЗША ў інспекцыйную групу ўвайшло па адным інспектары з Даніі і Румыніі.
Візіт адбудзецца ў межах Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе. Інспекцыю правядуць з мэтай пацвярджэння прадстаўленай Беларуссю інфармацыі аб змешчаных у вайсковай частцы ўзбраеннях і ваеннай тэхніцы, колькасць якіх, паводле дамовы, падлягае абмежаванню.
Дамова аб звычайных узброеных сілах у Еўропе была падпісаная 19 лістапада 1990 года, набыла моц 17 ліпеня 1992 года. Яе ўдзельнікамі з`яўляюцца 28 дзяржаў Еўразіі, уключаючы Беларусь, а таксама ЗША і Канада.
Мэта дакумента заключаецца ва „ўсталяванні бяспечнага і стабільнага балансу звычайных узброеных сіл у Еўропе”, „ліквідацыі няроўнасцяў, якія наносяць шкоду стабільнасці і бяспецы”, а таксама ў „ліквідацыі патэнцыялу для ажыццяўлення раптоўнага нападу і пачатку буйнамаштабных наступальных дзеянняў у Еўропе.
Паводле інфармацыі Мінабароны, з 1992 па 2018 гады ў межах выканання дамовы Беларусь прыняла 323 замежныя інспекцыйныя групы з 20 дзяржаў і правяла 235 інспекцый на тэрыторыі 14 дзяржаў. Таксама прадстаўнікі Беларусі ўдзельнічалі ў 119 інспекцыях у складзе груп іншых дзяржаў — удзельніц дагавора.