„Вагнераўцы” вяртаюцца з Беларусі ў Бахмут
Некаторыя вагнераўцы вяртаюцца з Беларусі ў франтавы Бахмут. Пра гэта заявіў прадстаўнік Усходняй групоўкі войскаў Узброеных сілаў Украіны Ілля Еўлаш. Паводле яго словаў, былыя вайскоўцы прыватнай вайсковай кампаніі „Вагнэр“ зараз сапраўды прысутнічаюць на тэрыторыі ўсходняй групоўкі войскаў і ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях.
У прыватнасці, яны паступаюць з тэрыторыі Беларусі, дзе былі іх лагеры. Зараз іх расфармоўваюць. Гэтыя вайскоўцы паступаюць у розныя падраздзяленні — частка з іх адпраўляецца ў Афрыку, некаторыя перападпісваюць кантракты з Мінабароны Расеі і ўдзельнічаюць ў вайне на розных пасадах, у прыватнасці, на інструктарскіх. Некаторыя ідуць у звычайныя баявыя падраздзяленні.
Еўлаш таксама канстатуе, што былыя „вагнераўцы” «не нясуць такой пагрозы, як гэта было, напрыклад, яшчэ год таму з-за страты іх галоўнага верхавода Яўгенія Прыгожына».
Беларускае Радыё Рацыя