Вайна і… вера (2)
Пасхальны час нясе выклікі для ўсіх нас. Вядома, самыя важныя і вечныя з іх — гэта ўбіранне і выношванне ў сабе той магутнасці ўчынку Сына Божага — Ісуса Хрыста, які, распяты на крыжу за адкупленне грахоў чалавецтва і наша права да вечнага збаўлення, уваскрэс паводле апісанняў на трэці дзень. У адрозненні ад нейкага, часам радаснага чакання калядных свят, над велікодным перыядам расцягваецца аўра прыцішэння, пакуты, болю катавання і смерці. Жыццёвыя чалавечыя слабасці на фоне Хрыстовых крокаў і вучэння як у калейдаскопе паказваюць, як важным з’яўляецца непахіснасць у вытрымцы ў веры дзеля жыцця вечнага і выканання законаў Божых на зямлі, хаця б асноўных дзесяці, біблейных запаведзей. Грэшнасць нашых учынкаў у штодзённым жыцці паказвае, як слабымі і беднымі духам з’яўляемся ў імгненным зямным прамінанні.
Таму вельмі часта за нашы паразы ці клопаты вельмі хутка абвінавачваем з ходу Усявышняга, які, паводле нас, павінен абавязкова кожнага з нас безупынна абдорваць толькі сваёй ласкай. Наша эгацэнтрычная натура не хоча ўспрымаць сваіх выпрабаванняў і перажыванняў як частку Божага плана, але як толькі сваю адзіную і выключную самарэалізацыю. Бачна як часта імкненне за зямнымі прывабнасцямі і фальшывымі багаццямі закрывае нашы сэрцы і душы на боль і трагедыі чалавечага роду. Таксама найбліжэйшага — сямейнікаў ці сяброў. На жаль, неад’емнай часткай зямной гісторыі людскога жыцця з’яўляюцца войны. Час хрысціянскай універсальнасці сперсаналізаваў іх перш за ўсё да зямнога вымярэння. Ідыліяй спакою і бяспекі застаецца рай як краіна шчаслівасці, да якой можам павярнуцца, дзякуючы нашаму правільнаму жыццёваму шляху. Узнагарода за кару першароднага граху Адама і Евы нават найбольш знявераным з узростам здаецца мабыць той адзінай надзеяй, за ўсе расчараванні пры зямным жыцці. Вобраз страшнага Божага суда ўжо звыш два тысячагоддзі так моцна ўздзейнічае на ўяўленне хрысціянскай міфалогіі і рэлігійнай навукі. Хрыстовае Уваскрэсенне гэта менавіта рэальны вобраз перамогі жыцця над смерцю. Выйгрыш дабра над злом вельмі выдатна зразумелы і прываблівы сваёй даступнасцю, нягледзячы на ранейшыя багацці, грамадскі статус, ці нават грэшнае жыццё. Гэта непазбежныя сумненні і пытанні кожнага чалавека, які раней ці пазней пачынае на пачатак з самім сабою метафізічныя размовы.
Але раней бывала па-іншаму. У міфалогіях і касмаганічных эпасах старажытных цывілізацый не толькі людзі, але і іхнія багі вядуць з сабою войны, а таксама людзі змагаюцца з багамі ці паўбагамі. Войны вяліся на небе і зямлі, а нават у падзямеллі. Няма ні аднаго спакойнага ці бяспечнага месца ў такіх пераказах. Ваююць нават цэлыя касмічныя цывілізацыі, ці светы святла і цемры. Адным словам, вобразы ваенных жахаў і страхаў упісаныя ў наш генетычна-культурны код. Цывілізацыя смерці гэта, на жаль, адзін з тых балючых паказальнікаў шляхоў памкненняў людскіх патрэб, грамадскіх самастварэнняў і слабасцей. Нічога, на жаль, затым дзіўнага, што ў гісторыі чалавецтва бывала не раз і не два, што на адно чалавечае пакаленне выпадала па некалькі войнаў.
Нашым продкам, народжаным у васьмідзясятых гадах ХІХ стагоддзя, на іхняе дарослае жыццё магло выпасці ваяваць у час рэвалюцыі 1905-1907 гадоў, у Першай сусветнай вайне (1914-1918), потым у розных нацыянальных арміях, як хаця б у вайсковых ці партызанскіх атрадах, ваюючых за Беларускую Народную Рэспубліку, у грамадзянскай вайне ў Расеі, у бальшавіцка-польскім змаганні 1920 года, у войнах нямецка-польскай 1939 года і савецка-нямецкай 1941-1945 гадоў, а на савецка-японскай вайне 1945 года канчаючы. Пасля гэтага, як у выпадку ўсяго цывільнага насельніцтва, можна заўсёды было памерці ад куль, у палоне ад голаду і хвароб, а таксама ад пераходу франтоў і армій туды і назад. Адным словам маем дачыненні з масавай смерцю на вачах народу і нацыянальнай памяццю, пазначанай у такіх сітуацыях бежанствам, крыжамі і невядомымі магіламі.
Пішу пра вайну ў час Велікоднага чакання, бо яна проста акружае нас і заціскае з усіх бакоў. Таму так хочацца верыць і маліцца за тое, каб Уваскрэслы Хрыстос прынёс перамогу над злом і даў сілы ўкраінскаму народу выстаяць перад нашэсцем расейскага імперыялізму і знішчэння.
Яўген Вапа, Ніва №17 (2022)