ЦАХАЛ нанёс „удар адплаты” па сектары Газа (абнаўляецца)



ЦАХАЛ нанёс „удар адплаты” па сектары Газа.

Палестынцы выкарыстоўваюць феерверкі для таго, каб нібыта асляпіць цеплавізары авіяцыі ВПС Ізраіля.

«Правілы вайны змяніліся і адказ Ізраіля сектару Газы будзе такім магутным, што яго будуць памятаць на працягу наступных 50 гадоў», — заявіў міністр абароны Ізраіля Яаў Галант.

«Яны не рабілі розніцы паміж жанчынамі, дзецьмі і пажылымі людзьмі, яны нанеслі шкоду ўсім. Хутка ХАМАС зразумее, што дапусціў сур’ёзную памылку, і заплаціць за яе».

***

У Ізраілі другі дзень ідзе вайна. Для мясцовых жыхароў гэта стала нечаканай падзеяй, ніхто не рыхтаваўся. Але амаль што ў кожным доме ёсць бамбасховішча.

Фота: Global look press

Пра тое, што ізраільска-палесцінскі канфлікт трывае доўгія гады, распавяла грамадзянка Ізраіля з беларускімі каранямі Ната Карнеева:

–  Учора на Ізраіль напаў ХАМАС, ён прарваў мяжу праз падземныя тунэлі і па паветры. І пачаў хапаць і забіваць людзей, і мірных, і вайскоўцаў. А ўжо больш за 1500 параненых і, я баюся схлусіць, але недзе 200-300 забітых. Яны вывозяць людзей у палон за Газу як закладнікаў, каб гандлявацца за палесцінскіх палонных, якіх шмат у турмах Ізраіля.

Ната Карнеева дадала, што ў бліжэйшы час таксама вырашаецца, ці будзе ў Ізраілі зачыненая паветраная прастора, што значыць адсутнасць авіязлучэння.

***

Атака на Ізраіль. Егіпецкім перагаворшчыкам не ўдалося пераканаць баевікоў ХАМАС адпусціць закладнікаў.

Фота: t.me/hamas

Пра гэта паведамляе The Wall Street Journal. Паводле наяўных звестак, у закладніках у сектары Газа знаходзіцца больш за 100 грамадзян Ізраіля. У сваю чаргу, Times of Israel піша, што Іерусалім адмаўляе зварот да Егіпта для перамоваў з ХАМАС аб закладніках. Ізраільскі чыноўнік паведаміў выданню, што ўрад „не ведае ні пра якую такую размову і не вядзе ніякіх перамоваў”. 

Польскі прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што ў выніку нападу ХАМАС на Ізраіль можа пачацца рост нелегальнай міграцыі, у тым ліку ў Еўразвяз. Прынамсі 250 загінулых ізраільцянаў і 313 загінулых палестынцаў – такі вынік сутыкнення паміж Ізраілем і ХАМАСам, якое працягваецца з суботы.

***

Дзяўчына была выкрадзеная з фэсту электроннай музыкі побач з сектарам Газа.

Блізу 10 дзяўчат былі выкрадзеныя баевікамі ХАМАС з фэсту электроннай музыкі Nature Party недалёка ад горада Афакіма, размешчанага на мяжы з сектарам Газа.

Расейскія СМІ напачатку паведамілі, што сярод іх ёсць дзве расейкі.

Былі названыя прозвішчы Лізаветы Пруднікавай і Вольгі Пільнік.

Яны прыляцелі ў Ізраіль, каб паслухаць тэхна і ўбачыць шоў, але замест яго сталі сведкамі ўварвання ХАМАС. Спачатку яны хаваліся ў металічных кантэйнерах, але калі баевікі адкрылі па іх агонь – пабеглі ў пустыню. Адны здолелі выратавацца, іншыя – не. Агульная колькасць зніклых без вестак вырасла да 130 чалавек.

Аднак пазней з’явілася зняпраўджванне, што Лізавета Пруднікава з’яўляецца грамадзянкай Расеі.

Паводле інфармацыі тэлеграм-канал ВЧК-ОГПУ, 22-гадовая Лізавета Пруднікава, якую выкралі падчас імпрэзы ў Ізраілі, з’яўляецца ўраджэнкай Беларусі. Яе сям’я з Мікашэвічаў пераехала ў Ашдод. Там дзяўчына ўзяла імя Карына Прыціка і працавала фатографам. У студзені яна пабралася шлюбам з украінцам па імені Іван.

***

Фота: israelinside.info

Атака на Ізраіль. Ваенна-палітычны кабінет Ізраіля ўвёў пункт «40 алеф». Гэта азначае афіцыйнае абвяшчэнне вайны. Апошні раз гэты пункт уводзіўся ў дзеянне 50 гадоў таму. Цяпер у арміі абароны Ізраіля поўная свабода дзеянняў, і яна можа дзейнічаць самастойна па сваім меркаванні, хоць абавязаная дакладваць палітычнаму кіраўніцтву. Між тым, два беларусы — маці і сын — пацярпелі ў выніку ракетных абстрэлаў горада Ашкелона. Горад знаходзіцца на паўднёвым захадзе Ізраіля. Пра гэта паведамляе МЗС Беларусі. Пацярпелых шпіталізавалі, ім аказваюць медыцынскую дапамогу. Стан аднаго з іх ацэньваецца як вельмі цяжкі. Каго менавіта, не ўдакладняецца. Імёны пацярпелых не называюцца. У знешнепалітычным ведамстве адзначылі, што ў сувязі з рэзкім абвастрэннем сітуацыі ў Ізраілі за мінулыя суткі ў пасольства Беларусі ў Тэль-Авіве з рознымі пытаннямі звярнулася каля 30 беларусаў.

Усім грамадзянам Беларусі ў Ізраілі рэкамендуюць строга выконваць указанні службы тылу і мясцовых уладаў.

***

Пасля пасяджэння Кабінета бяспекі Ізраіля прэмʼер-міністр Біньямін Нетаньяху заявіў, што Кабінет ухваліў пастановы, cкіраваныя «на знішчэнне вайсковага і ўрадавага патэнцыялу ХАМАС», піша BBC.

Па дадзеных The Times of Israel, загінула сама меней 100 чалавек, больш за 900 атрымалі раненні.

Прадстаўнікі медыцынскіх службаў у сектары Газа заявілі, што ў выніку ўдараў у адказ Ізраіля па тэрыторыі аўтаноміі загінулі 198 чалавек. 1610 паранены.

Прадстаўнік Арміі абароны Ізраілю контр-адмірал Даніэль Хагары заявіў, што баі працягваюцца ў 22 месцах, у тым ліку Беэры і Афакіме, дзе баевікі захапілі закладнікаў.

***

Атака на Ізраіль. Загінулі як мінімум 40 чалавек, яшчэ 740 параненыя. Такія лічбы называе The Times of Israel са спасылкай на службу экстранай дапамогі. Атака ХАМАС у суботу раніцай стала найбуйнейшай за апошнія гады.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Еўразвязу Жазэп Барэль асудзіў напад ХАМАС на Ізраіль і заклікаў неадкладна вызваліць закладнікаў, як мяркуецца, захопленых і вывезеных у Газу падчас нападу. «Гэта парушэнне міжнароднага права. Закладнікі павінны быць неадкладна вызваленыя», — напісаў ён у Твітэры. «Гэта тэрарызм у яго самай агіднай форме. Ізраіль мае права абараняцца ад такіх гнюсных нападаў», — заявіла прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон у сваім Твітэры выказаў падтрымку Ізраілю, салідарнасць з пацярпелымі, іх сем’ямі і блізкімі і «рашуча асудзіў тэрарыстычныя напады на Ізраіль». Паводле яго, напад ХАМАС ня толькі «прычыняе глыбокія пакуты ізраільскаму народу», але і «ўзмацняе напружанасць і падрывае палестынскія інтарэсы».

Кіраўніца МЗС Нямеччыны Аналена Бербак асудзіла напад на Ізраіль з боку скетара Газа і заклікала да неадкладнага спынення гвалту ў дачыненні да мірных грамадзян. «Мы цалкам салідарныя з Ізраілем», — падкрэсліла Бербак. Міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Джэймс Клэвэрлі заявіў, што яго краіна «адназначна асуджае жудасны напад ХАМАС на ізраільскае цывільнае насельніцтва». «Вялікабрытанія заўсёды будзе падтрымліваць права Ізраілю на самаабарону», — напісаў ён. Прэмʼер-міністар краіны Рышы Сунак у сваю чаргу заявіў, што знаходзіцца ў кантакце з ізраільскімі ўладамі. Напад ХАМАС на Ізраіль асудзілі таксама кіраўнікі МЗС Швецыі і Гішпаніі.

* * *

У 14 ізраільскіх населеных пунктах, размешчаных на адлегласці да 15 км ад мяжы сектара Газа, працягваюцца баі з палесцінцамі, якія праніклі на ізраільскую тэрыторыю. У тым ліку, ідзе бой у горадзе Афакім, дзе раней адна з груп баевікоў (каля васьмі чалавек) была ліквідаваная. Звесткі пра страты з ізраільскага боку ў гэтых населеных пунктах удакладняюцца. Ракетныя абстрэлы з Газы працягваюцца. У асноўным абстрэльваюцца памежныя раёны.

Фота: Getty Images

***

Тэрарысты з ХАМАС увайшлі ў гарады Ашкелон і Сдэрот, прынамсі ў некаторыя кварталы гэтых гарадоў. Ізраіль абвесціў пра пачатак контртэрарыстычнай аперацыі пад назвай „Жалезныя мячы”.

Атака ХАМАС у суботу раніцай стала найбуйнейшай за апошнія гады. З 6:29 у цэнтры і на поўдні Ізраіля былі чутныя сірэны, якія папярэджвалі пра ракетныя абстрэлы, і выбухі. Адначасна з ракетным абстрэлам узброеныя баевікі змаглі перасекчы мяжу Ізраіля на некалькіх участках і захапіць сем гарадкоў і пасёлкаў. Міністр абароны Ізраіля абвясціў пра масавы прызыў рэзервістаў.

З ранку па Ізраілю выпусцілі больш 2 тысяч ракет.

Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньягу выступіў са зваротам наконт апошніх падзей і заявіў, што гэта сапраўдная вайна. Ён запэўніў, што ХАМАС «заплаціць» за гэты напад.

Нетаньягу паведаміў, што распарадзіўся «зачысціць памежныя населеныя пункты ад тэрарыстаў» і «правесці мабілізацыю рэзервістаў».

Як паведаміла слухачка нашага радыё ў аэрапортах адкладзеныя амаль усе рэйсы.