Вайна ва Украіне, 1 сакавіка (абнаўляецца)
Праз агрэсію Расеі на ўсходзе Украіны каля 40 тысяч чалавек засталіся без святла і харчавання, а расейскія вайскоўцы перашкаджаюць эвакуацыі мясцовага насельніцтва, паведаміў міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі.
„Асабліва востра стаіць пытанне аб эвакуацыі насельніцтва з гарадоў Валнаваха, Сартана, Талакоўка, дзе працягваюцца актыўныя баявыя дзеянні. Але расейскі бок ня даў адказу датычна эвакуацыі насельніцтва», — цытуе міністра ў тэлеграме прэс-служба МУС.
Міністар унутраных спраў адзначыў, што Ўкраіна выкарыстала ўсе магчымыя міжнародныя інструменты.
Таксама, паводле яго, крытычная сытуацыя ў горадзе Буча Кіеўскай вобласці.
***
Пасля 24 лютага ва Украіну з-за мяжы вярнуліся 80 тысяч чалавек — у асноўным мужчыны
Пра гэта паведамляе МУС са спасылкай на Дзяржаўную памежную службу.
***
Харкаў пасля ракетных удараўк
28 лютага расейскія войскі бамбілі Харкаў. Мэр Харкава Ігар Церахаў паведаміў, што 1 сакавіка па жылым мікрараёне зноў быў здзейснены ракетны ўдар, разбураная лякарня, ёсць загінулыя і параненыя.
***
Амбасадары ЕC узгаднілі адключэнне ад сістэмы SWIFT банкаў ВТБ, «Россия» і «Открытие», а таксама Новикомбанка, Промсвязьбанка, Совкомбанка і ВЭБ
***
Пуцін забараніў з 2 сакавіка вывозіць з Расеі замежную наяўную валюту на суму больш за 10 тысяч даляраў ЗША
Раней сумы, большыя за $10 тысяч, можна было вывозіць, але трэба было абавязкова задэклараваць.
***
Былы кіраўнік МЗС Расеі Андрэй Козыраў заклікаў расейскіх дыпламатаў падаваць у адстаўку ў знак пратэсту супраць «крывавай братазабойчай вайны ва Украіне»
«Паважаныя дыпламаты Расеі, вы прафесіяналы а не танныя прапагандысты. Калі я працаваў у МЗС, я ганарыўся сваімі калегамі», — напісаў Козыраў у Твітэры.
***
Чыгуначнага злучэння з поўднем Запарожскай вобласці больш няма
Фатаграфіі апублікаваў кіраўнік Запарожскай аблдзяржадміністрацыі Аляксандр Старух.
***
З улікам інтэнсіфікацыі абстрэлаў украінскіх гарадоў краіны Еўразвязу будуць абмяркоўваць перадачу Украіне зенітна-ракетных комплексаў Patriot
Пра гэта кажуць крыніцы «Нашай Нівы» ў дыпламатычным корпусе.
***
Лукашэнка заявіў, што ўкраінскія ракеты маглі паляцець «у Гомель і Мазыр»
Дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА падрабязна пераказала асноўныя моманты прамовы Аляксандра Лукашэнкі на нарадзе з чальцамі Савета бяспекі, у якой ён спрабаваў патлумачыць сваю падтрымку нападу Расеі на Украіну.
Лукашэнка імкнуўся акцэнтаваць увагу на пагрозах для Беларусі, якія, на ягоную думку, ішлі з тэрыторыі Украіны. Сярод іншага, ён заявіў, што Расея нанесла «апераджальны ўдар», і што «калі б гэтага не зрабілі, гэтыя ракеты прыляцелі б у Гомель і Мазыр».
***
З горада Валнаваха на Данеччыне, які ўжо пяты дзень знаходзіцца пад абстрэламі расійскіх войскаў, эвакуявалі 346 жыхароў
Пра гэта паведаміў кіраўнік Данецкай абласной ваеннай адміністрацыі Павел Кірыленка. Ён пачаў публікаваць спісы эвакуяваных для тых, хто шукае сваіх родных.
***
У Расеі могуць заблакаваць Вікіпедыю
Пра гэта паведамляе твітар яе расейскай версіі.
***
Па словах высокапастаўленага чыноўніка па абароне ЗША, па стане на раніцу 1 сакавіка Расея выпусціла больш за 400 ракет па ўкраінскіх тэрыторыях
Пра гэта перадае CNN.
У той жа час амерыканскі чыноўнік канстатуе: украінцы маюць сістэмы СПА, якія застаюцца «жыццяздольнымі, цэлымі і задзейнічанымі».
***
Расейскую радыёстанцыю «Эхо Москвы» адключылі ад эфіру ў многіх гарадах Расеі
Яна падавала версію вайны ў Украіне, адрозную ад афіцыйнай. І нават называла вайну вайной.
Пра блакаванне радыёстанцыі паведаміў галоўны рэдактар «Эха Москвы» Аляксей Венядзіктаў.
«Эхо Москвы» працуе з 1990 года. Адзіны раз, калі радыёстанцыю адключалі ад эфіру дагэтуль — падчас путчу ГКЧП ў 1991-м
***
Аператар «Паўночнага патоку — 2» абвясціў пра сваё банкруцтва
Nord Stream 2 AG ужо распусціў свой штат з 106 чалавек. Гэта адбылося яшчэ ў панядзелак, паведамляе швейцарская тэлерадыёкампанія SRF.
Кіраўнік эканамічнага дэпартамента Цуга Сільвія Тальман заявіла SRF, што аператар Nord Stream 2 AG прызнаны неплацежаздольным.
Усё гэта адбылося на фоне санкцый Захаду за наступленне Расеі ва Украіне і прыпынення сертыфікацыі газаправода «Паўночны паток — 2» у Германіі.
***
Зяленскі пагаварыў з Байдэнам
Украінскі лідар Уладзімір Зяленскі перагаварыў з амерыканскім калегам Джо Байдэнам.
Пра гэта Зяленскі паведаміў у Twitter.
Тэлефонная размова тычылася санкцый і абароннай дапамогі Узброеным сілам.
„Абмеркавалі амерыканскае лідарства адносна антырасейскіх санкцый і абароннай дапамогі Украіне. Павінны спыніць агрэсара як мага хутчэй. Удзячны за падтрымку”, – гаворыцца ў паведамленні прэзідэнта.
***
Расея рыхтуе правакацыю, каб увесці беларускія войскі. Пра гэта паведамляе ўкраінская разведка.
Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны паведамляе аб падрыхтоўцы расейскай правакацыі. Мэта гэтай правакацыі — увесці ва Украіну беларускія войскі.
Паводле інфармацыі разведкі, цяпер за 30 км ад мяжы з Украінай размяшчаюцца каля 300 беларускіх танкаў. Іх калона чакае на маршруце Пінск — Іванава — Драгічын.
Расейскія войскі наступаюць на Украіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Аднак дагэтуль беларускія вайскоўцы афіцыйна ўдзел у вайне не прымаюць.
***
Сітуацыю пад Крывым Рогам кантралююць ВСУ і тэраабарона
Пра гэта паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной рады Мікалай Лукашук на сваёй старонцы ў Facebook.
„У Днепрапятроўскую вобласць уваходу не было”, – адзначыў ён.
Ён таксама паведаміў, што жыхары Баштанкі суседняй Мікалаеўскай вобласці ўзялі ў палон русейскіх акупантаў:
„Шмат тэхнікі суперніка было знішчана”.
***
Падчас абстрэлу тэлевежы ў Кіеве снарад трапіў у мемарыяльны комплекс Бабін Яр
Пра гэта паведаміў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак.
Бабін Яр — месца, дзе нямецкімі нацыстамі ў часы Другой сусветнай вайны былі расстраляныя тысячы яўрэяў.
***
Амерыканская разведка мяркуе, што некаторыя расейскія падраздзяленні здаліся без бою
Апошнія звесткі амерыканскай разведкі сведчаць, што маральны дух некаторых расейскіх падраздзяленняў пагоршыўся, а некаторыя войскі здаліся ўкраінскім войскам, піша Sky News.
Учора Украіна заявіла, што прапануе амністыю і грашовыя сродкі расейскім салдатам, якія складуць зброю.
Амерыканскі чыноўнік заявіў, што прасоўванне Расе на Кіеў замарудзілася, за апошнія 24 гадзіны было мала зрухаў праз праблемы з забеспячэннем паліва і паставак.
Таксама паведамляецца, што расейцы пачалі пераасэнсоўваць аперацыю, сталі менш рызыкаваць.
***
Еўрапарламент рэкамендаваў даць Украіне статус кандыдата на ўступленне ў ЕЗ
Еўрапейскі парламент амаль аднадушна прагаласаваў за рэзалюцыю, у якой заклікаў інстытуты Еўрапейскага звязу працаваць над тым, каб даць Украіне статус кандыдата ў ЕЗ.
***
Пры абстрэле тэлевышкі ў Кіеве загінулі 5 чалавек
Яшчэ 5 чалавек атрымалі раненні, паведамляе ўкраінская дзяржслужба па надзвычайных сітуацыях.
Спецыялістам удалося аднавіць трансляцыю часткі тэлеканалаў у рэгіёнах пасля бамбардзіроўкі сталічнай тэлевышкі расейцамі.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржспецсувязі.
У Кіеве трансляцыя вядзецца на базе мультыплексаў КРРТ.
Па абноўленай інфармацыі, у выніку атакі атрымалі траўмы некалькі супрацоўнікаў і ахова вежы. Ім аказана дапамога.
***
Ва Украіне знішчана больш за 1500 адзінак расейскай вайсковай тэхнікі
Пра гэта паведаміў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Аляксей Арастовіч у эфіры падчас сумеснага марафону ўкраінскіх тэлеканалаў.
«Знішчана і пашкоджана 29 самалётаў, верталётаў — 29, танкаў — амаль 200, баявых браніраваных машын — 846, артылерыйскіх сістэм — 77, сродкаў СПА — 7, рэактыўных сістэм залпавага агню — 24, цыстэрнаў з гаруча-змазачнымі матэрыяламі — 60, БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 3, ваенных катэраў (падчас спробы высадкі дыверсантаў) — 2 адзінкі і аўтамабільнай тэхнікі — 305 адзінак», — расказаў Арастовіч.
***
Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў паведаміў, што Украіна можа нанесці прэвентыўны ракетны ўдар па Беларусі
— Нашыя войскі сёння займаюцца знішчэннем расейскай вайсковай тэхнікі і рэсурсаў, якія ёсць сёння на тэрыторыі нашай краіны. Па неабходнасці, калі будзе прынятае рашэнне вярхоўным галоўнакамандуючым зрабіць гэта, яно будзе прынятае.
Ці нанясе Украіна прэвентыўны ўдар па Беларусі ў выпадку прыняцця прэзідэнтам Украіны такога рашэння?
«Натуральна», — адказаў на гэта пытанне Данілаў.
***
Марыупаль цяпер знаходзіцца пад шквалам удараў расейскай рэактыўнай артылерыі. Паранены 21 чалавек, колькасць загінулых пакуль невядомая
«Марыупаль — пад шквалам расейскай рэактыўнай артылерыі. Акупанты наносяць удары па ўсіх раёнах горада. Абстрэлы не спыняюцца… Па аператыўнай інфармацыі, ужо вядома пра 21 параненага. Колькі загінулых, пакуль невядома», — напісаў у Фэйсбуку начальнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Павел Кірыленка.
***
Польская пракуратура распачала расследаванне па факце расейскага злачынства «агрэсіўнай вайны» супраць Украіны
Загад на гэта выдаў 28 лютага міністр юстыцыі Польшчы Збігнеў Зёбра.
Сёння, 1 сакавіка, на прэс-канферэнцыі Зёбра паведаміў, што ў нядзелю размаўляў з генеральным пракурорам Украіны Ірынай Венядзіктавай. Паводле яго слоў, Венядзіктава папрасіла польскую пракуратуру ўдзельнічаць у працэсе дакументавання «злачынных дзеянняў», якія адбываюцца ва Украіне.
«У рамках расследавання мы задакументуем усе падзеі, якія ў далейшым стануць падставай для прыцягнення вінаватых у гэтых злачынствах да міжнароднай крымінальнай адказнасці», — перадае словы кіраўніка польскага Мінюста PAP.
***
У Кіеве асцерагаюцца за Сафійскі сабор
Украінская грэка-каталіцкая царква баіцца за захаванасць Сафійскага сабора ў Кіеве.
«Паступіла інфармацыя, што расейскія войскі рыхтуюць авіяўдар па найгалоўнай святыні ўкраінскага народа з часоў Кіеўскай Русі — сабору Святой Сафіі», — гаворыцца ў звароце.
Расейскі бок паслядоўна запэўнівае, што наносіць «кропкавыя ўдары» толькі па вайсковых аб’ектах.
***
Расейцы нанеслі ўдар па тэлевышцы ў Кіеве
***
Рада дырэктараў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця рэкамендавала забараніць Расеі і Беларусі атрымліваць фінансавую дапамогу
Кіраўнікі банка маюць 30 дзён, каб прагаласаваць за рэзалюцыю. Для ўвядзення санкцый супраць Расеі і Беларусі патрэбна 2/3 галасоў «за».
***
Ва Украіне з’явілася першая беларуская рота з добраахвотнікаў
Яна створана пры Кіеўскай тэрытарыяльнай абароне «Азов», паведамляе УНІАН.
***
45 хвілін пекла: Крывы Рог і Днепр перажылі амаль гадзінную паветраную трывогу
Афіцыйнай інфармацыі аб магчымых ахвярах і разбурэннях на дадзены момант яшчэ няма.
Сёння, 1 сакавіка 2022 года ў Крывым Рогу і Дняпры сігнал паветранай трывогі гучаў 45 хвілін.
Пра гэта паведамляе НВ. Сігнал паветранай трывогі раздаваўся ў Крывым Рогу з 15.10 да 15.55, у Дняпры – з 15.13 да 15.40.
Афіцыйнай інфармацыі аб магчымых ахвярах і разбурэннях на дадзены момант яшчэ няма.
***
«Гэта легітымная заяўка»: старшыня Еўрарады заклікаў аператыўна разгледзець уступленне Украіны ў ЕЗ
Кіраўнік Еўрапейскай рады Шарль Мішэль заявіў, што заяўка Украіны на ўступленне — гэта «легітымная заяўка, мы павінны разгледзець яе сур’ёзна ў гэтыя цяжкія часы».
Адпаведную заяву Мішэль зрабіў 1 сакавіка падчас пасяджэння Еўрапарламента.
Мішэль пасля выступу прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага падкрэсліў, што Украіна чакае рашэнняў.
«Некалькі хвілін таму прэзідэнт Зяленскі адкрыў сэрца і нагадаў аб заяўцы на афіцыйнае сяброўства ў ЕЗ. Я думаю, нам трэба дзейнічаць… Гэта цяжкае рашэнне, але мы павінны… выпрацаваць рашэнне, каб Рада магла разгледзець гэтае пытанне», — заявіў Мішэль.
***
Расейскія салдаты абрабавалі царкву ў Чарнігаўскай вобласці
Пра гэта паведамляе прэс-служба рэгіянальнага ўпраўлення сіл тэрабароны „Поўнач” у Facebook.
Як адзначае дыякан Скінаўскай царквы, расейцы разбілі акно, абрабавалі царкву, вынеслі прадукты і нават капаліся ў сметніцы.
„Оркі бягуць, але абрабавалі царкву. Нават гэтым не пагрэбавалі. Залезлі скрозь акно, скралі прадукты ў царквы… прадукты яны крадуць. Гэта значыць, у іх праблемы. Паважаныя браты і сёстры, не давайце акупанту ніводнага зярнятка, ні кроплі вады „Няхай едуць дадому і просяць прадукты ў Пуціна”, – выказаўся дыякан.
***
У Харкаве абстралялі гарадскую лякарню
Пра гэта паведаміў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Аляксей Арастовіч.
«У Харкаве толькі што пацэлілі ў гарадскую лякарню. Там колькасць ахвяр цяпер высвятляецца», — расказаў ён.
Намеснік Харкаўскага гарадскога галавы Святлана Гарбунова-Рубан дадала, што з лякарні эвакуявалі ўсіх, хто там быў.
***
Мінабароны Беларусі: Ні пад Чарнігавам, ні пад Кіевам няма і не можа быць беларускіх вайскоўцаў
«Міністэрства абароны не аднойчы заяўляла аб тым, што ўсе беларускія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. У пунктах пастаяннай дыслакацыі. І не бяруць удзел у спецыяльнай аперацыі на Данбасе», — сказала афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Іна Гарбачова.
Беларускія афіцыйныя ведамствы вайну ва Украіне, падчас якой расейскія войскі заходзяць ва Украіну з Беларусі, працягваюць называць «спецыяльнай аперацыяй на Данбасе».
***
У Сумскай вобласці праводзіцца абмен палоннымі па зялёным калідоры.
Расейскага палоннага афіцэра ўжо абмянялі на пецярых салдат Тэрытарыяльнай абароны.
У Сумскай вобласці зрабілі зялёны калідор для абмену палоннымі. Па ім накіруецца расейская тэхніка. Пра гэта заявіў кіраўнік Сумскай ОДА Дзмітрый Жывіцкі.
Калона тэхнікі акупантаў праедзе з Асаеўкі ў Краснаполле. Рашэнне аб стварэнні зялёнага калідора прыняў Зяленскі.
„Зялёны калідор для варожай тэхнікі, якая ідзе з Осоевки! Там закладнікі – нашы палонныя! Калона накіроўваецца на абмен палоннымі! Зялёны калідор арганізаваны загадам Прэзідэнта Украіны”, – заявіў Жывіцкі.
Першых вернутых палонных Жывіцкі паказаў у Telegram. Пецярых украінскіх салдат з Тэрабароны абмянялі на аднаго расейскага афіцэра ваеннай паліцыі.
***
У СБУ Украіны папярэджваюць аб магчымым распаўсюджванні фэйку, нібыта ўкраінскае кіраўніцтва здало краіну
У Службе зазначаюць, што ўсе органы ўлады, войскі, сілавыя і праваахоўныя органы будуць стаяць да перамогі.
У Службе бяспекі Украіны папярэджваюць аб магчымым распаўсюджванні фэйку, што нібыта ўкраінскае кіраўніцтва і ўрад здалі краіну.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні ў Telegram-канале СБУ.
“Будзьце гатовымі да чарговага фэйку, да якога паспрабуюць звярнуцца расейскія акупанты. А менавіта: што нібыта ўкраінскае кіраўніцтва і ўрад здалі краіну. Гэтую дэзінфармацыю могуць тыражаваць праз усе магчымыя каналы. Але ведайце – гэта фэйк! Яго мэта – дэзарыентаваць, пасеяць паніку, зламаць грамадзян і схіліць нашы войскі да здачы! „, – адзначылі ў СБУ.
У Службе падкрэслілі, што нават у выпадку знікнення сувязі і магчымасці праверыць, ці дакладныя гэтыя дадзеныя, будзьце ўпэўненыя: „капітуляцыя і здача інтарэсаў Украіны – немагчымыя!”.
„Кіраўніцтва дзяржавы разам з народам процідзейнічае расейскім войскам і робіць усё магчымае для вызвалення ўкраінскіх тэрыторый ад акупантаў. Усе органы ўлады, войскі, сілавыя і праваахоўныя органы будуць стаяць да перамогі!”, – падкрэслілі ў СБУ.
У той жа час журналіст Андрэй Цапліенка паведаміў, ужо зараз у Херсоне круцяць фэйкавае пераагучанае відэа прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, нібыта ў Кіеве падпісана капітуляцыя.
„Ясна, што людзі, якія ведаюць у інфармвайне, у гэта не павераць. Але не ўсе маюць імунітэт да прапаганды”, – дадаў ён.
***
Мінабароны РФ анансавала ўдары па аб’ектах СБУ ў Кіеве для «спынення інфармацыйных нападаў»
Расейскія войскі нанясуць удар па аб’ектах у Кіеве, адкуль ідуць інфармацыйныя атакі супраць Расеі, паведаміла Мінабароны РФ.
У прыватнасці, для спынення інфармацыйных нападаў будуць атакаваныя высокадакладнай зброяй тэхналагічныя аб’екты СБУ і 72-га галоўнага цэнтра ПСА ў Кіеве.
«Заклікаем украінскіх грамадзян, якія прыцягваюцца ўкраінскімі нацыяналістамі для ажыццяўлення правакацый супраць Расеі, а таксама жыхароў Кіева, якія пражываюць побач з рэтрансляцыйнымі вузламі, пакінуць свае дамы», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
***
У выніку авіяўдару ў Харкаве часткова разбураны пяціпавярховы жылы дом
Колькасць ахвяр і пацярпелых пакуль невядома.
У выніку авіяўдару ў Харкаве часткова разбураны пяціпавярховы жылы дом.
Пра гэта паведамляе ГУ ДСНС у Харкаўскай вобласці.
„Каля 13:20 у выніку авіяўдару ў Харкаве па праспекце Новобаварский, 5 часткова разбураны пяціпавярховы жылы дом з наступным гарэннем”, – гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што колькасць ахвяр і пацярпелых удакладняецца. Ад ДСНС прыцягнута 8 адзінак тэхнікі.
***
У Калінаўцы Кіеўскай вобласці бомба цалкам знішчыла жылы дом
На месцы знойдзеныя парэшткі цела гаспадыні, працягваюць шукаць мужчыну.
***
Прэзідэнт Еўрапарламента: Мы падтрымаем прадастаўленне Украіне статусу кандыдата на ўступленне
Еўрапейскі парламент прызнае еўрапейскую перспектыву Украіны і будзе працаваць над тым, каб Украіна атрымала статус кандыдата на сяброўства.
Пра гэта заявіла прэзідэнт Еўрапарламента Раберта Метсола на пазачарговай пленарнай сесіі, прысвечанай вайне РФ супраць Украіны.
«Мы прызнаем еўрапейскую перспектыву Украіны. І, як дакладна адзначае рэзалюцыя (якую плануе прыняць Еўрапарламент), мы вітаем заяўку прэзідэнта Украіны «Аб статусе кандыдата», і мы будзем працаваць над гэтай мэтай. Бо мы хочам, і мы павінны сустрэць будучыню разам», — сказала Метсола.
Яна заявіла, што Еўрапарламент цалкам падтрымлівае ўкраінцаў у іх «барацьбе за выжыванне ў гэтыя цёмныя часы нашай гісторыі».
На пасяджэнні парламента прысутнічаюць усе топ-чыноўнікі ЕЗ — прэзідэнт Еўрарады Шарль Мішэль, прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, галоўны дыпламат ЕЗ Жазэп Барэль.
***
У невялікім прымежным мястэчку Украіны Гарадня зніклі некалькі мясцовых жыхароў-электраманцёраў, якія паехалі наладжваць электрычнасць у вёску, дзе стаяла ваенная тэхніка. Блізкія мужчыны і кіраўнік адміністрацыі гораду лічаць, што іх забралі ў Беларусь у палон.
Анастасія, жыхарка невялікага горада Гарадня, што ў Чарнігаўскай вобласці, размясціла ў сетцы пост, дзе просіць дапамагчы знайсці свайго маладога чалавека, 29-гадовага Міхаіла Дудко. Дзяўчына расказвае, што яе хлопец — электраманцёр, разам са сваёй брыгадай паехаў у мясцовую вёску Ільмаўка. Адтуль да беларускай мяжы, як паказваюць карты Google, усяго два кіламетры. Анастасія даслала спіс тых, хто быў у брыгадзе і прапаў.
У спісе восем мужчын, самы малады — 1998 году нараджэння. Раніцай 28 лютага некалькі іхных маці разам з прадстаўнікамі гарадскіх уладаў Гарадні ездзілі ў Ільмаўку прасіць вайскоўцаў вызваліць іх. Але ні саміх вайскоўцаў, ні зніклых мужчын у вёсцы ўжо не было.
„Пры неабходнасці ўкраінскія знішчальнікі змогуць размясціць у польскіх аэрапортах, з якіх украінскія лётчыкі будуць выконваць баявыя задачы, – паведамілі ў камандаванні ВПС Украіны. – Мы не пацвярджаем і не будзем гэта каментаваць”, – паведамляе інтэрнэт-партал Interia са спасылкай на канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы.
Паводле інфармацыі ўкраінцаў, іх узброеныя сілы набылі ад сваіх саюзнікаў 70 самалётаў. Паводле звестак камандавання ВПС Украіны, акупаваная краіна павінна атрымаць 16 знішчальнікаў МіГ-29 з Балгарыі, 12 знішчальнікаў МіГ-29 са Славаччыны і 28 такіх машын з Польшчы. Да гэтага трэба дадаць 14 адзінак Су-25 (штурмавік — рэд.), таксама з Балгарыі.
Інфарматары з канцылярыі польскага прэм’ер-міністра сказалі, што не могуць каментаваць інфармацыю ўкраінцаў. — У цяперашні час навіны пра вайскоўцаў засакрэчаныя. Мы не будзем іх перадаваць журналістам, паведаміў парталу Interia адзін з блізкіх паплечнікаў прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага.
* * *
Міжнародны крымінальны суд у Гаазе пачне расследаванне сітуацыі ва Украіне. Галоўны пракурор суда Карым Хан мае намер зрабіць гэта „як мага хутчэй”.
Ён паведаміў, што прадметам расследавання стануць магчымыя злачынствы з 2014 года і новыя, учыненыя „любым бокам канфлікту на любой частцы тэрыторыі Украіны”.
* * *
Колькасць уцекачоў з Украіны ўжо складае 500 тысяч чалавек.
Пра гэта заявіў генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.
Паводле яго слоў, ёсць дакладныя даныя пра тое, што расійскія войскі наносяць удары не толькі па вайсковых аб’ектах, але і па грамадзянскай інфраструктуры, па жылых дамах. А гэта прыводзіць да гібелі мірных людзей, у тым ліку дзяцей. Уцекачы (а гэта пераважна жанчыны і дзеці) ратуюцца ад вайны і цяпер знаходзяцца ў краінах ЕЗ.
* * *
Украінскія тэлеграм-каналы і тэлеканалы распаўсюджваюць інфармацыю, што беларускія войскі нібыта ўвайшлі ў Чарнігаўскую вобласць.
З’яўленне гэтай інфармацыі звязана з тым, што з’явілася памылковая табліца распазнавання сімвалаў на вайсковай тэхніцы РФ, дзе сімвалам O абазначаныя „сілы з Беларусі”. Насамрэч, на ўсіх відэа з Беларусі вайсковая тэхніка Расеі мае сімвал V, паведамляе „Наша Ніва”.
Пасля з’явілася відэа, дзе спыняюць тэхніку са знакам O. Відаць, гэта дала глебу для высноваў пра тое, што на Чарнігаўшчыну ўвайшлі беларусы.
* * *
На шосты дзень вайны Расеі супраць Украіны Аляксандр Лукашэнка сабраў Савет бяспекі і абяцае, што Беларусь не будзе ваяваць.
На пачатку пасяджэння Лукашэнка заявіў, што яно праходзіць у пашыраным фармаце, разам са спецыялістамі, якія вядуць „інфармацыйную вайну” супраць „нахабнай хлусні”.
„Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін неаднаразова адкрыта заклікаў паважаць расейскія інтарэсы ў сферы бяспекі. Гэтыя заклікі засталіся не пачутымі”. Пры гэтым ён заявіў, што Беларусь і далей не плануе ўдзельнічаць у баявых дзеяннях ва Украіне і нібыта можа „даказаць каму заўгодна”. Лукашэнка называе падзеі „спецаперацыяй”, як і расейская прапаганда, абмінаючы слова „вайна”.
Нагадаю, што ўкраінскі бок сабраў доказы таго, што некалькі ракет былі выпушчаныя па Украіне з Беларусі. Гэта прызнаў і сам Лукашэнка.
* * *
Расея абстрэльвае цэнтры ўкраінскіх гарадоў, каб пасеяць паніку і забіваць мірных жыхароў.
Пра гэта ў Twitter паведамляе дарадца кіраўніка АП Міхаіл Падаляк.
„Маскі нарэшце скінутыя. Расея актыўна абстрэльвае цэнтры гарадоў, наносіць прамыя ракетныя і артылерыйскія ўдары па жылых кварталах і ўладам. Мэта Расеі зразумелая — масавая паніка, ахвяры сярод мірнага насельніцтва, разбурэнне інфраструктуры. Украіна ваюе годна”, — гаворыцца ў паведамленні.
* * *
У выніку нападу Расеі на Украіну, паводле звестак ААН, загінулі больш за 100 мірных жыхароў і больш за 300 былі параненыя.
Пра гэта ў Жэневе паведаміла Высокі камісар ААН у правах чалавека Мішэль Башэле.
Паводле яе, сярод пацярпелых не менш за сямёра дзяцей. Большасць ахвяраў выкліканыя артылерыйскім і ракетным абстрэлам, а таксама авіяцыйнымі абстрэламі, гаворыцца ў заяве Высокага камісара ААН.
Паводле яе падлікаў, за дні вайны, якую вядзе Расея супраць Украіны, загінулі больш за 100 жыхароў, 442 тысячы ўкраінцаў пакінулі сваю краіну як уцекачы ад вайны.
* * *
За пяць дзён вайны ва Украіне загінулі 5 тыс. 710 расейскіх вайскоўцаў, 200 узяты ў палон. Пра гэта паведамілі ў Генеральным штабе Узброеных сіл Украіны.
Таксама знішчана і пашкоджана 29 варожых самалётаў, 29 верталётаў, 198 танкаў, 77 артылерыйскіх сістэм, 7 сродкаў Супрацьпаветранай абароны, 2 катары тэхнікі.
У Генштабе адзначылі, што падлік ускладняецца высокай інтэнсіўнасцю баявых дзеянняў.
* * *
Сітуацыя ў Кіеве застаецца напружанай.
Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміла намеснік міністра абароны Ганна Маляр.
„Расейскі акупант выкарыстоўвае тактыку знішчэння грамадзянскай інфраструктуры і нанясення ракетных удараў па ўсёй Украіне. Калоны расейскай тэхнікі працягваюць хаатычны рух у прыгарадзе сталіцы”, — сказала яна.
* * *
Раніцай у бок будынка Харкаўскай абласной адміністрацыі расейскімі вайскоўцамі быў ажыццёўлены ракетны абстрэл.
Плошча Свабоды ў Харкаве, адна з найбуйнейшых плошчаў у Еўропе, патрапіла пад абстрэл. Там размешчаны будынкі Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі.
Па папярэдняй інфармацыі ёсць трапленне ў будынак Харкаўскай адміністрацыі, опернага тэатра, філармоніі і частку жылога масіву (пераважна 4-5 павярховых жылых дамоў). Па папярэдняй інфармацыі, у выніку абстрэлу пацярпелі 6 чалавек, з іх 1 дзіця. Ахвяры сярод цывільнага насельніцтва ацэньваюцца. Харкаўчан просяць не пакідаць хованак.
Вынікі абстрэлу жылых раёнаў Харкава войскамі РФ.
* * *
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і прэзідэнт Уладзімір Зяленскі абмеркавалі вайну ва Украіне.
Як піша Цензор.НЕТ, пра гэта ў Twitter паведаміў прэзідэнт Польшчы.
„Я толькі што размаўляў з прэзідэнтам Зяленскім пра вайну ва Украіне. Расейскія ракеты і бомбы, у тым ліку касетныя бомбы, забароненыя міжнароднай супольнасцю, падаюць на жылыя кварталы ў Кіеве, Харкаве і іншых гарадах. Сітуацыя складаная, але Украіна адважная”, – напісаў Дуда.
* * *
Паводле паведамленняў з Херсона, гэты абласны цэнтр на поўдні Украіны паблізу Крыма цалкам або амаль цалкам акружаны расейскімі войскамі.
„Горад фактычна акружаны, з усіх бакоў шмат расейскіх вайскоўцаў, вайсковай тэхнікі, яны ставяць блок-пасты на выездах”, — распавяла ў эфіры тэлеканала „Украіна 24” журналістка Алена Паніна, якая знаходзіцца ў Херсоне, піша Бі-бі-сі.
Па яе словах, у крамы 300-тысячнага горада ўжо цяжка падвозіць прадукты, бо склады знаходзяцца за горадам. Святло, вада і ацяпленне ў Херсоне пакуль ёсць.
***
Мінабароны Украіны паведаміла, што за мінулыя суткі, 28 лютага, Узброеныя сілы збілі падчас налётаў на Украіну 5 расейскіх знішчальнікаў. Збілі УСУ таксама варожы верталёт.