Вайна ва Украіне, 10 сакавіка (абноўлена)



Пад Лунінцам, на тэрыторыі Беларусі, імаверна ўпаў расейскі ваенны самалёт.

Расейскія войскі абстралялі з «ураганаў» горад Нежын Чарнігаўскай вобласці

Мэр горада Аляксандр Кадола паведамляе пра 8 параненых і 2 загінулых.

У выніку выбуху пашкоджаныя 40 метраў цеплатрасы. 

***

Дырэктарка Нацыянальнай разведкі ЗША Эўрыл Хэйнс заявіла, што расейскія сілы зараз дзейнічаюць з „безразважным грэбаваннем” да грамадзянскага насельніцтва, паколькі яны сутыкнуліся з больш моцным, чым чакалася, супрацівам ва Украіне і санкцыямі Амерыкі.

Паводле яе слоў, спецслужбы ЗША адсочваюць дзеянні расейскіх войскаў і заўважаюць, што яны вымушаны мяняць сваю тактыку, у тым ліку, дзейнічаючы больш жорстка ў адносінах да мірных жыхароў.

* * *

Для дыпламатыі ў расейска-ўкраінскай вайне пакуль няма магчымасцяў. Такую заяву прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон зрабіў перад самітам Еўразвяза ў Версалі. «Не бачу магчымасці дыпламатычнага ўрэгулявання ў найбліжэйшыя гадзіны або ў найбліжэйшыя дні», заявіў ён. Як вядома, Макрон стаў адным з галоўных медыятараў у перамовах Пуціна з дэмакратычным светам і Украінай.

* * *

У Менску прааперыравалі параненую ў галаву ўкраінскую дзяўчынку.

Пацыентка выйшла з цяжкага стану. Трэцяга сакавіка яе даставілі  з агнястрэльным раненнем у РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Паводле інфармацыі Свабоды, бацькі і брат дзяўчынкі загінулі. Засталася толькі бабуля, якая цяпер разам з ёй у шпіталі ў Менску. Пасля ўсяго перажытага бабуля ў стане афекту. Да таго ж яна пад кантролем супрацоўнікаў КДБ. Паведамляецца, што расейскія вайскоўцы, якія паранілі дзяўчынку, эвакуявалі яе на верталёце з аэрапорту Гастомеля да Мазыра, а адтуль санавіяцыяй малую перавезлі ў Менск. Усе медычныя брыгады, нават санітаркі, хто сутыкаўся з параненай дзяўчынкай, строга папярэджаныя наконт наступстваў разгалошвання інфармацыі пра яе. Праўдападобна, дзяўчынка страціць зрок на адно вока, прагназуюць дактары.

* * *

Расейская авіяцыя бамбіць Чарнігаў запальнымі авіябомбамі, што наўпрост забаронена міжнародным правам. Аб гэтым паведамляе Conflict Intelligence Team (CIT) у Telegram.

Фота: ДСНС

Гэта стала вядома пасля таго, як ДСНС пачала займацца размініраваннем неразарваных боепрыпасаў у Чарнігаве. На відэа, дзе ратавальнікі здабываюць узрывальнік з боепрыпасу, які не разарваўся, можна апазнаць аскепкава-фугасна-запальную авіябомбу ОФЗАБ-500.

* * *

Канфіскавана 130 фур, сотня беларускіх дальнабойнікаў не можа выбрацца з-пад абстрэлаў.

Пра гэта піша НН. Упершыню масавыя канфіскацыі беларускіх фур пачаліся ў суботу, 5 сакавіка: у Ковелі ўкраінцы затрымалі 21 фуру, затым у Чопе 32 фуры. Ужо потым 25 у Ягодзіне, а таксама былі іншыя адзінкавыя выпадкі ў іншых месцах. Агулам называецца лічба да 130 канфіскаваных машын. Калі груз належыць еўрапейскім кампаніям, то ўласнікам прапануецца забраць яго іншым транспартам. Ацэначна, каля 300 беларускіх дальнабояў паспелі выехаць з Украіны разам з грузам у першыя дні баявых дзеяньняў. Але яшчэ з сотню чалавек застаецца ва Украіне. Цяпер лагістычныя кампаніі спрабуюць выратаваць гэтых людзей. Застаюцца няяснымі перспектывы двух параненых беларускіх дальнабояў, якія атрымалі апёкі ў выніку расейскага ўдара з тэрыторыі Беларусі па Корасцені ў Жытомірскай вобласці.

* * *

Служба бяспекі Украіны мае інфармацыю аб тым, што Расея сур’ёзна разглядае магчымасць падарваць склады аміяку на Харкаўшчыне і хоча абвінаваціць у гэтым украінскую армію. Прапрацоўваюцца варыянты правядзення і іншых правакацый. Раней пра імавернасць прымянення Расеяй хімічнай або біялагічнай зброі перасцераглі і ЗША.

* * *

92% украінцаў лічаць, што Украіна зможа адбіць напад Расеі. Пра гэта сведчаць вынікі апытання сацыялагічнай групы Рейтынг, праведзенага 8-9 сакавіка. 57% апытаных лічаць, што Украіна зможа перамагчы ў вайне з Расеяй ужо ў найбліжэйшыя тыдні, 18% думаюць, што ўкраінцы перамогуць за тыдзень, 39% — за некалькі тыдняў. Яшчэ 18% апытаных лічаць, што вайна будзе трываць некалькі месяцаў, 9% думаюць, што вайна скончыцца за паўгода-год альбо пазней.

«Тых, хто зусім не верыць у перамогу, амаль няма», — кажуць сацыёлагі.

* * *

У Польшчу прыбыла каманда пракурораў Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе, якая будзе расследаваць ваенныя злачынствы Расейскай Федэрацыі ва Украіне.

Фота: Jakub Szymczuk/KPRP

Пра гэта паведаміў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на сумесным брыфінгу з віцэ-прэзідэнтам ЗША Камалай Харыс у чацвер, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

* * *

ЗША выдзеляць 50 мільярдаў долараў на гуманітарную дапамогу ўкраінцам, якія пацярпелі ў выніку расейскай агрэсіі.

Пра гэта заявіла віцэ-прэзідэнт ЗША Камала Харыс падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам.

* * *

Колькасць уцекачоў з Украіны з пачатку вайны перавысіла 2 мільёны 316 тысяч чалавек.

Пра гэта паведамляе агенцтва ААН па справах бежанцаў. Большасць з іх накіравалася ў Польшчу, іх колькасць перавысіла 1,4 мільёна чалавек.

* * *

Пры абстрэле горада Корасцень на Жытоміршчыне загінулі два беларусы-дальнабойнікі. Пра гэта паведаміў кіраўнік горада Уладзімір Маскаленка. Па ягоных словах, горад бамбілі расейскія самалёты, якія вылецелі з беларускіх аэрадромаў. Апоўначы пачаўся абстрэл тэрыторыі Корасценя, зазначыў ён. «Вынікі абстрэлу з самалётаў вы можаце ўбачыць: фактычна разбураныя ўсе памяшканні. На жаль, ёсць загінулыя. Два з іх — беларусы, якія машынамі стаялі тут, папрасіліся на перыяд, пакуль будуць выязджаць. І яны не ведалі, што якраз з беларускіх аэрадромаў вылецяць расейскія самалёты і будуць бамбіць горад Корасцень», — расказаў Маскаленка.

* * *

На захопленых расейскім войскам тэрыторыях поўдня Украіны, прылеглых да Крыму, пачаліся арышты і ператрусы.

Ёсьць інфармацыя, што першай арыштаванай ФСБ Расеі стала Лэйла Ібрагімава, дырэктарка Мелітопальскага гістарычнага музея. У прыватнасці, пра гэта паведамляе ўкраінскі пісьменнік, выкладчык і сцэнарыст Андрэй Куркоў.

* * *

З пачатку ўварвання Расеі ва Украіну загінула 71 дзіця і атрымалі раненні больш за 100 дзяцей.

Пра гэта паведаміла Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады па правах чалавека Людміла Дзянісава.

„Па стане на 11 гадзін 10 сакавіка з пачатку ўварвання Расейскай Федэрацыі ва Украіне загінула 71 дзіця і атрымалі раненні больш за 100 дзяцей„, – адзначыла яна.

* * *

Прэзідэнт Украіны падпісаў закон аб прымусовай канфіскацыі маёмасці Расеі і яе рэзідэнтаў ва Украіне.

Гаворка ідзе пра любыя маёмасныя суб’екты, якія належаць юрыдычным асобам РФ (пра фізычных асобаў у законе не гаворыцца). У законе сказана, што прымусовая канфіскацыя аб’ектаў маёмасці будзе ажыццяўляцца «без якой-небудзь кампенсацыі іх кошту, улічваючы поўнамаштабную агрэсіўную вайну, якую РФ развязала і вядзе супраць Украіны і ўкраінскага народа».

* * *

Сярод беларусаў, якія далучыліся да абароны Украіны, яшчэ адзін паранены

Беларускія добраахвотнікі, якія далучыліся да абароны Украіны паведамілі, што ў іх яшчэ адзін паранены.Раней стала вядома, што ў баях пад Бучай Кіеўскай вобласці загінуў беларус Ілля «Літвін», а 26-гадоваму Дзянісу «Кіту» у выніку ранення ампутавалі нагу.

***

Офіс прэзідэнта Украіны: Расея пераходзіць на «сірыйскі сцэнар» знішчэння ўкраінскіх гарадоў

Дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч заявіў аб тым, што Расея змяняе тактыку вайсковых дзеянняў і пераходзіць на «сірыйскі сцэнар» бамбардавання Украіны.

«Стала зразумела, што вораг канчаткова змяніў тактыку і будучы няздольным нанесці паражэнне нашым узброеным сілам і іншым сілам абароны на полі бою, перайшоў да так званага сірыйскага варыянту — атачэнне і тэрор вялікіх і малых гарадоў, каб найбольш цярпела цывільнае насельніцтва», — сказаў Аляксей Арастовіч 10 сакавіка на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яго, цяпер «зносяць» Марыўпаль, каб потым паказваць і запытаць «Вы хочаце так, як у Марыўпалі?!»

«Таксама церпяць Харкаў, Ахтырка і цяпер Мікалаеў».

***

Расея пацвердзіла наўмысныя абстрэлы дзіцячай лякарні ў Марыупалі

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў пацвердзіў, што абстрэл дзіцячай лякарні і радзільнага дому быў свядомым і мэтанакіраваным рашэннем расейскіх вайскоўцаў. «Некалькі дзён таму на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН расейская дэлегацыя прадставіла факты аб тым, што гэтую радзільню даўно захапілі батальён «Азоў» і іншыя радыкалы. Гэта была база ультрарадыкальнага батальёну «Азоў», — сказаў Сяргей Лаўроў у Анталлі (Турэччына) 10 сакавіка пасьля перамоў з міністрам замежных спраў Украіны Дзмітром Кулебам. Лаўроў прызнаўся, што бачыў рэпартажы з Марыупалю, якія сведчылі аб супрацьлеглым, і ў якіх паказалі параненых цяжарных, але лічыць іх маніпуляцыямі. Марыупальская гарадзкая рада 10 сакавіка паведаміла, што ў выніку авіяцыйных удараў расейскімі самалётамі па дзіцячай лякарні загінулі тры асобы, у тым ліку адно дзіця. Атрымалі траўмы 17 чалавек .

***

Расея адразу пасля перамоў з Украінай у Турэччыне аднавіла абстрэлы заблакаванага Марыўпаля

Марыўпальская гарадская рада паведаміла пра пачатак Расеяй новых авіяўдараў па Марыўпалю, якія аднавіліся адразу пасля ўкраінска-расейскіх перамоў у Турэччыне.

«Бомбы трапляюць у жылыя будынкі. Пацэлілі таксама ў корпус Прыазоўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта ў цэнтры горада. Таксама зафіксавана бамбардаванне ў раёне драматычнага тэатра», — паведаміла Марыўпальская гарадская рада.

***

У Генштабе Украіны заявілі, што праціўнік спынены ва ўсіх напрамках

***

Мэр Кіева Клічко: З Кіева з’ехалі амаль 2 мільёны чалавек. Гэта палова насельніцтва горада

***

ВСУ знішчылі расейскі дывізіён ракетных комплексаў „Іскандэр-М”

На чарнігаўскім напрамку Узброеныя сілы Украіны знішчылі дывізіён балістычных аператыўна-тактычных ракетных комплексаў „Іскандэр-М”.

„Іскандэр-М” / фота facebook.com/kommander.nord

Пра гэта днём у чацвер, 10 сакавіка, паведамілі ў аператыўным камандаванні „Поўнач”.

„На чарнігаўскім кірунку адно з падраздзяленняў аператыўнага камандавання „Поўнач” знішчыла дывізіён „Іскандэр-М”, якія абстрэльвалі мірнае насельніцтва”, – гаворыцца ў паведамленні.

Раней разлютаваны бой 72-й АМБр з расейскімі акупантамі ў Кіеўскай вобласці патрапіў на відэа. З самай раніцы пачалі з’яўляцца навіны аб тым, што ўкраінскія вайскоўцы пайшлі ў контратаку. Ноч была складаная, раніцай баі працягнуліся.

***

Заўтра Лукашэнка ляціць у Расею

У Маскве 11 сакавіка адбудуцца перамовы з Уладзімірам Пуціным.

Лідары краін «абмяркуюць актуальныя пытанні двухбаковых адносін, развіццё Саюзнай кааперацыі, эканамічнае ўзаемадзеянне ва ўмовах санкцыйнага ціску. На парадку дня таксама абстаноўка ў рэгіёне і ва Украіне» — паведамляе Пул першага.

***

Расея не нападала на Украіну, заявіў Сяргей Лаўроў. Вось яго прамая цытата

«Ці плануем мы нападаць на іншыя краіны? На іншыя краіны мы нападаць не плануем. Мы і на Украіну не нападалі. На Украіне мы проста … патлумачылі шматкроць: наступіла сітуацыя, якая стварае прамыя пагрозы бяспецы Расейскай Федэрацыі», — сказаў Лаўроў.

***

Ва ўрадзе Украіны заявілі аб узгадненьні сямі гуманітарных калідораў для эвакуацыі грамадзян

Віцэ-прэм’ерка Украіны, міністр у пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук паведаміла аб узгадненні сямі гуманітарных калідораў для эвакуацыі мірнага насельніцтва з найбольш пацярпелых ад расейскіх абстрэлаў украінскіх гарадоў.

У прыватнасці, эвакуацыя будзе ажыццяўляцца з Трасцянца, Краснаполля, Сумаў (Сумская вобласць) у Палтаву, з Марыўпаля ў Запарожжа, з Валнавахі (Данецкая вобласць) у Пакроўск (Данецкая вобласць), з Ізюму ў Лазавую (Харкаўская вобласць), з Бучы, Барадзянкі, Ірпеня, Гастомеля ў Кіеў.

***

Пасля авіяудару па Марыўпалю генсек ААН заклікаў неадкладна спыніць кровапраліцце

Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антоніу Гутэрыш заклікаў неадкладна спыніць кровапраліцце пасля нанясення расейскай захопніцкай арміяй авіяўдараў па радзільным доме ў Марыўпалі.
Пра гэта Гутэрыш паведаміў у мікраблогу Twitter.

„Атака на шпіталь у Марыўпалі, дзе размешчана радзільнае і дзіцячае аддзяленні, жахлівая. Грамадзянскія плацяць самую высокую цану за вайну, якая ніякім чынам іх не датычыцца. Гэты бессэнсоўны гвалт павінен спыніцца. Спыніце кровапраліцце зараз”, – падкрэсліў Гутэрыш.

Як паведамляла агенцтва УНІАН, падчас авіяналёту расейскай авіяцыі на Марыўпаль быў знішчаны радзільны дом у цэнтры горада, а таксама шпіталь, дзіцячае аддзяленне і аддзяленне тэрапіі. У выніку ўдару паранены 17 чалавек.

***

Сустрэча Дзмітрыя Кулебы і Сяргея Лаўрова пры пасярэдніцтве турэцкага боку скончылася

Яна доўжылася каля паўтары гадзіны.

Кулеба заявіў, што перамовы былі складаныя. Ён сказаў, што абмяркоўваліся пытанні гуманітарнага калідора з Марыўпаля. Але Лаўроў адказаў, што ён перадасць гэту прапанову «адказным асобам».

Бакі не змаглі дасягнуць рашэння па спыненні агню.

***

Bellingcat: Расея паспрабуе замарозіць вайну праз тыдзень

Расея паспрабуе замарозіць вайну ва Украіне праз 7-10 дзён. Пра гэта заявіў журналіст-расследавальнік Bellingcat Хрыста Грозев у інтэрв’ю Алесі Бацман.

«Цяжка назваць канец, таму што гэта хутчэй за ўсё будзе не рэзкі такі канец ‒ вось сёння скончыцца вайна ‒ баюся, гэта будзе перыяд, у якім будзе незразумела, скончылася вайна ці не. Але кровапраліцця не будзе больш, і гэта самае галоўнае.

Мы набліжаемся да гэтага, гэта пытанне тыдня ‒ 10 дзён. Таму што пазіцыі Расеі аслабляюцца, яны гэта разумеюць, і ім будзе больш выгадна нават не называць вайну скончанай, таму што яны павінны прызнацца, што яна страчана, але спыніць яе на нейкім замарожаным этапе».

Па ацэнцы Пентагона на 7 сакавіка, Расея ўжо задзейнічала 95% сілаў і сродкаў, сканцэнтраваных ля межаў Украіны да пачатку ўварвання.

***

Расея вырашыла больш не ўдзельнічаць у Радзе Еўропы, гаворыцца ў заяве МЗС

«Расея не мае намеру мірыцца з падрыўнымі дзеяннямі Захаду па замене міжнароднага права сваім парадкам», — гаворыцца ў заяве ведамства.
***

У Турцыі пачалася першая з моманту ўварвання сустрэча кіраўнікоў МЗС Расеі і Украіны

***

У кірунку Украіны над Лельчыцкім раёнам увечары серады 9 сакавіка праляцела 6 ракет, яшчэ 6 — уначы з 9 на 10 сакавіка

Пра гэта паведамляюць чытачы «Наша Ніва».

Лельчыцкі раён знаходзіцца на мяжы Украіны ў Гомельскай вобласці. «Бедная Украіна», — дадае адзін з чытачоў.

***

У Марыупалі, дзе лютуюць расейцы, загінулых хаваюць у брацкай магіле

У Марыўпалі загінулых украінцаў у выніку абстрэлаў расейскіх акупантаў пахавалі ў брацкай магіле.

Фота: Тэлеграм-канал А.Герашчанка

Адпаведныя фота з ахопленага баямі горада Данецкай вобласці апублікаваў дарадца кіраўніка МУС Антон Герашчанка ў сваім Тэлеграм-канале. „Людзі кладуць целы загінулых у брацкую магілу на ўскраіне Марыўпаля, паколькі не могуць пахаваць сваіх блізкіх з-за моцнага абстрэлу з боку акупацыйных войскаў”, – падпісаў ён здымкі. 

Раней байцы палка „Азоў” расказалі аб сітуацыі ў акупаваным з 1 сакавіка расейскімі войскамі горадзе Марыўпаль Данецкай вобласці. Акупанты артылерыйскімі і авіяцыйнымі абстрэламі бязлітасна знішчаюць як сам горад, так і яго жыхароў. З-за абстрэлаў у Марыўпалі няма электрычнасці, вады і газу. Адсутнічае сувязь. Акупанты не прапускаюць у горад гуманітарныя канвоі, а з горада не выпускаюць грамадзянскіх па „зялёным калідоры”. Горад на мяжы гуманітарнай катастрофы.

***

Расейскія войскі перабазаваліся ў Крым: пакуль перадумалі атакаваць Адэсу

Прыцягнутыя да запланаванага штурму Адэсы расейскія войскі перабазаваліся ў акупаваны Крым.
Пра гэта ў Telegram паведаміў прадстаўнік аператыўнага штаба Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Братчук. Ён зазначыў, што ноч прайшла ў рэгіёне спакойна.

„Чарнаморскія расейскія кадры перабазаваліся цяпер да мыса Тарханкут і на возера Данузлаў. І пакуль не маюць намеру высаджваць дэсант на наша марское ўзбярэжжа, таму што ведаюць, чым для іх гэта скончыцца”, – сказаў Братчук.

Паводле яго слоў, на паўднёвым напрамку абароны вораг стрыманы на пазіцыях Херсон – Нікалаеў – Крывы Рог – Вазнясенск – Новая Кахоўка.

За апошнія двое сутак сістэмамі СПА знішчаны чатыры расейскія самалёты Су-25 і два верталёты.

***

Украінцы канфіскавалі 25 беларускіх фур пры спробе выезду з краіны

У пункце пропуску „Ягодзін” на мяжы Украіны і Польшчы ўкраінскі бок канфіскаваў 25 фур з беларускімі нумарамі, піша выданне, прызнанае ў Беларусі экстрэмісцкім.

Кіроўцам загадалі пакінуць машыны. Іх месца займалі прывезеныя для гэтага мясцовыя кіроўцы, распавёў журналістам адзін з беларусаў.

„Папер аб канфіскацыі не выдалі, сказалі — не да таго. Я ўкраінцаў цудоўна разумею, чаму яны так дзейнічаюць, і чаму беларускія фуры канфіскаваныя. На словах патлумачылі, што тэхніка цяпер будзе працаваць у інтарэсах украінскай арміі”, — расказаў мужчына.

Беларусь выступае саюзнікам Расеі, якая з 24 лютага вядзе вайну супраць Украіны. З тэрыторыі Беларусі ідуць расейскія войскі і адбываецца запуск ракет на Украіну.

***

Украінская армія ноччу ажыццявіла контратаку пад Кіевам і падбіла пяць варожых танкаў

Раніцай на заходняй ускраіне сталіцы чутныя артылерыйскія баі — пра гэта распавёў дарадца міністра ўнутраных спраў Вадзім Дзенісенка.

***

Расейскія вайскоўцы гэтай ноччу зноў абстрэльвалі і бамбілі жылыя кварталы Харкава і вёскі вобласці.

У цэнтры горада гарэў і падвергнуўся разбурэнням ГРЦ «Нікольскі», а ў сяле Слабажанскае снарад трапіў у прыватны дом — загінулі чатыры чалавекі, двое з іх дзеці.

***

Трое мірных жыхароў загінулі ў выніку начнога абстрэлу ў горадзе Ахтырка

Трое мірных жыхароў загінулі ў выніку начнога абстрэлу ў горадзе Ахтырка на паўночным усходзе Сумскай вобласці

Загінулыя — дзве жанчыны і 13-гадовы падлетак. Кіраўнік Сумскай абласной адміністрацыі Дзмітрый Жывіцкі паведамляў, што ў ноч на 10 сакавіка падвергліся авіяўдарам жылыя кварталы наваколля Сум, Ахтыркі і сяло Біціца. Адзін са снарадаў таксама трапіў у газаправод.

***

15-ы дзень Украіна трымае гераічную абарону ад расейскага агрэсара.

Страты войска захопнікаў:

Асабовы склад: больш 12000 чалавек
Танкі: 317
Самалеты: 49
Верталёты: 81

Кіеў пакуль безвынікова заклікае NATO закрыць неба над Украінай, у бамбаваннях штодня гінуць людзі. Расея працягвае знішчаць інфраструктуру краіны, загінулі некалькі дзясяткаў дзяцей. 

фота Konrad Falecki/Gazeta Polska

Зяленскі выступіў з чарговым зваротам

Ён лічыць абстрэл Расеяй радзільні ў Марыупалі канчатковым доказам таго, што Расія праводзіць генацыд украінцаў.

«Еўрапейцы! Вы не зможаце сказаць, што не бачылі, што адбывалася з украінцамі, што адбываецца з марыупальцамі. Вы бачылі, вы ведаеце. А значыць, вы павінны ўзмацняць санкцыі супраць Расеі так, каб у яе больш не было ніякай магчымасці працягваць гэты генацыд. Вы павінны ціснуць на Расею так, каб яны селі за стол перамоваў і завяршылі гэтую зверскую вайну».

Са слоў Зяленскага, тое, што акупанты робяць з Марыупалем — гэта ўжо за мяжой зверстваў.

«Дзіцячая бальніца, радзільня. Чым яны пагражалі Расійскай Федэрацыі? Што гэта за краіна такая — Расейская Федэрацыя, якая баіцца бальніц, баіцца радзільняў і знішчае іх? Там што, былі маленькія бандэраўцы? Цяжарныя жанчыны збіраліся страляць па Растове? Хтосьці ў радзільні прыніжаў рускамоўных? Што гэта было, дэнацыфікацыя бальніцы?» — пытаецца прэзідэнт Украіны.

***

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што прыкладна праз тыдзень у электронным сэрвісе дзяржаўных паслугаў «Дія» можна будзе зарэгістраваць інфармацыю пра пашкоджаную і разбураную маёмасьць.

«Кожны, хто застаўся бяз даху над галавой, кожны, чый дом або кватэру зьнішчыў акупант, зможа пакінуць пазоў аб кампенсацыі ў «Діі». У нас ужо створаны Фонд па аднаўленні разбуранай маёмасці і інфраструктуры. І як толькі вайна скончыцца, мы пачнем аднаўляць усё, што было знішчана ворагам, — цытуе кіраўніка ўраду тэлеграм-канал Офісу прэзідэнта Украіны.