Вайна ва Украіне, 3 сакавіка



Святлана Ціханоўская запісала відэазварот да народа Украіны і прэзідэнта Зяленскага. Зварот — па-беларуску і з канкрэтным пасланнем, што ўдзел беларусаў у вайне супраць украінцаў — воля не беларускага народа, а рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. 

***

У Херсоне расійскія вайскоўцы захапілі тэлевежу

Цяпер яны могуць распаўсюджваць дэзынфармацыю пра нібыта «капітуляцыю і падпісанне мірнай дамовы з Расеяй», папярэдзіў старшыня Херсонскай абласной дзяржадміністрацыі Генадзь Лагута.

Пентагон: 70 з 480 выпушчаных па Украіне ракет за першы тыдзень вайны запусцілі з Беларусі

Прадстаўнік Пентагона заявіў, што з пачатку ўварвання Расея выпусціла 480 ракет, дадаўшы, што 230 ракет былі запушчаныя з мабільных пускавых установак, якія Расія даставіла ва Украіну, яшчэ 160 ракет запусцілі з Расеі, 70 ракет — з Беларусі і 10 — з караблёў расійскага флоту ў Чорным моры, піша Financial Times.

Нямецкія крамы абвяшчаюць байкот таварам з Расеі

Тыя, што ў іх засталіся, прадаюцца са зніжкай 50%.

У аб’яве напісана: «Гэтыя рускія тавары распрадаюцца і больш заказвацца не будуць. Мы разрываем сувязь з гэтым рускім пастаўшчыком».

***

Чэхія спыніць выдачу візаў беларусам

Чэхія спыніць выдачу візаў беларусам. Рашэнне ўступіць у сілу 5 сакавіка. Пра гэта паведамляе чэшскі ўрад. Выключэннем стане выдача візаў у гуманітарных мэтах.Таксама для грамадзян Беларусі спыняюць прыём і апрацоўку заяваў на доўгатэрміновае і сталае жыхарства ў Чэхіі.

Раней Чэхія адклікала паслоў з Беларусі і Расеі для кансультацыяў.

***

Урад Канады пазбавіў Расею і Беларусь статусу найбольшага спрыяння ў гандлі

Экспарт будзе абкладацца тарыфам 35 працэнтаў.

***

Зяленскі жорстка раскрытыкаваў пазіцыю НАТА па закрыцці неба над Украінай

Прэзідэнт заявіў, што хоча чуць канкрэтныя адказы на запыты Украіны. Уладзімір Зяленскі заявіў, што пазіцыя саюзнікаў НАТА па закрыцці неба над Украінай яму незразумелая.

Аб гэтым ён заявіў падчас інтэрв’ю замежным СМІ.

„Калі вы не можаце закрыць неба зараз, то дайце тэрмін калі. Калі вы не можаце зрабіць гэта зараз, скажыце, колькі людзей павінна падарвацца, колькі рук, ног, галоў павінны паляцець, каб дастукацца да вас? Скажыце колькі, я пайду лічыць і будзем чакаць гэтага моманту”, – заявіў Зяленскі.

Як паведамляў УНІАН, раней Вярхоўная Рада Украіны заклікала міжнародную супольнасць увесці беспалётную зону над тэрыторыяй Украіны і ўвесці міратворчыя сілы.

***

Генштаб Украіны: 38-я асобная дэсантна-штурмавая брыгада УС Рэспублікі Беларусь гатовая да ўварвання ва Украіну

Ведамства сцвярджае, што камандаванне вайсковай часці атрымала загад аб перасячэнні дзяржаўнай мяжы, а давядзенне баявога загада будзе ажыццёўлена пасля перасячэння.

Паведамляецца, што маральна-псіхалагічны стан дэсантнікаў вельмі нізкі. Афіцэры і салдаты не хочуць выконваць ролю расейскіх наймітаў. Значная колькасць выказалася за спыненне кантрактаў, тэрмін якіх у большасці заканчваецца ў маі.

***

Раднік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк пра вынікі другіх перамоваў Украіны і Расеі: На жаль, мы не атрымалі тых вынікаў, на якія разлічвалі

Па ягоных словах, бакі «дасягнулі разумення» толькі наконт стварэння гуманітарных калідораў і паставак прадуктаў у асабліва пацярпелыя ад вайны рэгіёны.

Падаляк анансаваў трэці раунд перамоваў на наступным тыдні.

***

Вярхоўная Рада просіць увесці ва Украіну міратворцаў ААН

Вярхоўная Рада прыняла зварот да Арганізацыі Аб’яднаных Нацый з просьбай увесці на тэрыторыю Украіны міратворчыя сілы згодна з рэзалюцыяй ААН «Абʼяднанне дзеля міру» ад 1950 года.

Дэпутаты заклікалі ААН, Чырвоны Крыж, Еўрапарламент неадкладна забяспечыць абарону насельніцтва Украіны ад узброенага нападу расейскіх войскаў. Размова ідзе, у прыватнасці, аб неадкладным увядзенні беспалётнай зоны над Украінай, неадкладным адкрыцці «зялёных» калідораў для бяспечнай эвакуацыі людзей і ўвядзенні ва Украіну міратворчых сілаў ААН.

Таксама Вярхоўная Рада звярнулася да Генеральнага сакратара ААН з заклікам да пасярэдніцтве ў справе спынення вайны.

***

Расейскія войскі актывізавалі спробы захапіць Запарожскую атамную электрастанцыю

Нягледзячы на тое, што подступы і дарогу да Энергадара перакрылі прадстаўнікі тэрытарыяльнай абароны і мясцовыя жыхары, да горада наблізілася 2 танкі і 2 бронетранспарцёры, якія спрабуюць прарваць абарону, перадае ўкраінскае МУС.

Пачынаецца хаатычная стральба са стралковай зброі. Таксама расейцы спрабуюць разбіць інжынерныя загароды, каб мець доступ да дарогі, якая вядзе да станцыі.

***

Зяленскі — Пуціну: Сыдзі з нашай зямлі

«Не хочаш зараз сысці — сядзь са мной за стол перамоваў, я вольны. Толькі не на 30 метраў, як з Макронам, Шольцам — я ж сусед! Я не кусаюся. Я нармальны мужык, сядзь са мной, пагавары, чаго ты баішся?» — сказаў прэзідэнт Украіны на прэс-канферэнцыі для заходніх СМІ.

Таксама ён у сваім відэазвароце зазначыў, што ўкраінцы не здадуцца і будуць змагацца, таму што яны разам з Богам.

***

ЗША папярэдзілі Расею, каб не размяшчалі ядзерную зброю ў Беларусі

Злучаныя Штаты папярэдзілі Расею і Беларусь на пасяджэнні ААН па кантролі над узбраеннямі ў чацвер, каб яны не размяшчалі ядзерную зброю ў Беларусі пасля расейскага ўварвання ва Украіну, паведамляе Reuters.

27 лютага падчас тэлефоннай размовы Лукашэнка заявіў Макрону, што калі Захад размесціць такую зброю паблізу межаў краіны, то і ён разгледзіць пытанне і звернецца да кіраўніцтва Расеі, каб такая зброя, у свой час выведзеная з Беларусі, была вернутая назад.

***

Малдова падае заяўку на ўступленне ў Еўразвяз

Пра гэта заявіла прэзідэнт краіны Мая Санду.

***

Актуальны спіс епархій Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, пра якія вядома, што яны спынілі падчас набажэнстваў памінанне Патрыярха Кірыла

На цяперашні момант іх ужо 11:

  • Вазнясенская;
  • Валынска-Луцкая;
  • Вінніцка-Барская;
  • Жытомірская;
  • Львоўская;
  • Мукачаўская;
  • Ровенская;
  • Сумская;
  • Уладзіміра-Валынская;
  • Хмяльніцкая;
  • Шапятоўская.
    ***

Кіраўнік МЗС Нямеччыны заклікала спыніць варожае стаўленне да расейцаў і беларусаў, якія пражываюць у краіне

«Вайна на Украіне — гэта вайна Пуціна. Любы, хто варожа ставіцца да беларусаў ці рускіх у Нямеччыне, нападае не толькі на нашых суграмадзян, але і на асноўныя прынцыпы нашага суіснаваньня. Мы трымаемся разам. Мы мацнейшыя за нянавісць», — напісала кіраўнік ведамства Аналена Бэрбак.

***

У Іванкаве Кіеўскай вобласці 25 лютага расейскія вайскоўцы абстралялі аўтамабіль, у якім знаходзіліся мірныя жыхары

Загінуў мужчына і ягоныя сабакі. Усё гэта здымаў яго сын за 80 кіламетраў ад беларускай мяжы.

***

Расея жорстка абстрэльвае Харкаў, але пад Кіевам украінцы перайшлі ў контрнаступ, а райцэнтры поўдня сустракаюць русейцаў як акупантаў

Расейскія войскі трэці дзень гасяць па Харкаве, другім па памеры горадзе Украіны, з мэтай зламаць волю абаронцаў. Тым часам пад Кіевам украінцы здзейснілі паспяховыя контратакі.

***

Макрон пасля размовы з Пуціным: Горшае наперадзе

Пасля размовы з Уладзімірам Пуціным прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон лічыць, што Пуцін імкнецца захапіць усю Украіну і што «горшае яшчэ наперадзе». Як паведамляе Елісейскі палац, Пуцін выказаў Макрону вялікую рашучасць працягваць наступ з мэтай «узяць пад кантроль» усю краіну.

Расейскі прэзідэнт сказаў Макрону, што аперацыя расейскага войска развіваецца па плане Масквы. Ён сказаў, што, калі ўкраінцы не здадуцца на ягоных умовах, усё будзе горш.

«Прэзідэнт Макрон чакае, што горшае наперадзе, улічваючы тое, што сказаў яму прэзідэнт Пуцін», — паведамілі ў Елісейскім палацы.

Пуцін таксама заявіў Макрону, што інфармацыя аб ракетных абстрэлах Кіева — гэта няпраўда.

Насуперак словам Пуціна, расейская дэлегацыя на перамовах высоўвае ўсё менш умоваў, а ўкраінскія войскі месцамі перайшлі ў контратаку.

***

Мэр Ахтыркі на Сумшчыне паведамляе, што расейцы нанеслі авіяўдар па ЦЭЦ і чыгуначным вакзале горада

***

Дзяржаўная служба надзвычайных сітуацый Украіны паведамляе, што пасля авіяўдараў расейскай арміі па жылых раёнах Чарнігава з-пад завалаў былі выцягнутыя целы 22 загінулых мірных жыхароў

***

Пачаліся расейска-ўкраінскія перамовы

Як паведамляе УНІАН са спасылкай на Міхайлу Падаляка, ключавое ў пачатковым плане перамоваў:

  • Неадкладнае спыненне агню.
  • Перамір’е.
  • Гуманітарныя калідоры для вывазу мірных жыхароў з разбураных і абстрэльваных гарадоў і вёсак

***

Вярхоўная Рада Украіны 3 сакавіка прыняла закон, якім зацвердзіла указ прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага аб усеагульнай мабілізацыі. Таксама сёння быў прыняты шэтаг іншых законаў, іх пералік апублікаваны на сайце парламента.

***
Мэты вайны, якую развязала Масква, — “дэмілітарызацыя Украіны і забеспячэнне яе нейтральнага статусу — “будуць у кожным разе дасягнутыя”, – заявіў у тэлефоннай размове з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін. Пра гэта паведаміла прэс-служба Крамля. Пуцін папярэдзіў таксама, што любыя спробы Кіева зацягнуць перамовы прывядуць да таго, што Масква пашырыць спіс патрабаванняў. Размова Пуціна і Макрона адбылася сёння. Елісейскі палац не паведамляў змест размовы.

Вярхоўная Рада прыняла закон аб прымусовай канфіскацыі расейскай уласнасці ва Украіне

Дакумент прадугледжвае нацыяналізацыю маёмасці і фінансаў расейскіх юрыдычных асобаў.

Спіс аб’ектаў, якія падлягаюць канфіскацыі, устанаўлівае ўрад.

Рашэнне аб канфіскацыі будзе прымацца Радай нацыянальнай абароны і бяспекі па просьбе ўрада.

Аператыўная інфармацыя Генеральнага штабу УСУ:

„Акупанты працягваюць выкарыстоўваць мірнае насельніцтва як жывы шчыт, захопліваючы закладнікаў. Насуперак нормам Міжнароднага гуманітарнага права выкарыстоўваюць пры бамбардаваннях касетныя і асколкавыя боезапасы вялікай магутнасці. Пры нанясенні артылерыйскіх удараў па населеных пунктах акупантамі актыўна выкарыстоўваюцца рэактыўныя сістэмы залпавага агню „Град”, „Смерч” и „Ураган”.

На Валынскім кірунку вораг сіламі двух 2 БТГр перайшоў да абарончых дзеянняў і спрабуе ўтрымацца на рубяжы Бігунь, Оўруч, Піражкі, Рэзня, Украінка.

На Палессі акупанты сканцэнтравалі асноўныя высілкі на Кіеўскім кірунку, зазнаюць страты асабовага складу і тэхнікі, але не пакідаюць спробаў блакаваць Кіеў з паўночнага і паўночна-заходняга кірункаў.

На кірунку Карасценю супраціўнік зазнаў значныя страты і спыніўся. Наступальных дзеянняў не здзясняе”.

***

Эстонскі грузавы карабель Хельт патануў сёння на Чорным моры непадалёк Адэсы. Здарылася гэта ў выніку выбуху, пра што паінфармаваў уладальнік кантэйнернага карабля.

Два чалавекі з каманды знойдзена на ратаўнічых плытах на моры. Яшчэ чатыры чалавекі не знойдзены, – паведаміў Ігар Ільвес, дырэктар Vista Shipping Agency, уладальніка карабля. Ільвес дадаў, што кантэйнеравоз мог натыкнуцца на міну.

***

Адміністрацыя Байдэна звярнулася ў Кангрэс ЗША з просьбай ухваліць выдзяленне 32,5 млрд даляраў на падтрымку Украіны. Пра гэта паведамляе The Washington Post.

Раней аб выдзяленні вялікіх сум заявілі Еўразвяз, Японія, Аўстралія, Нарвегія, Польшча, Германія, Вялікабрытанія, а таксама многія міжнародныя карпарацыі. Некаторыя юрысты выказваюць меркаванне, што пасляваенная адбудова Украіны можа быць прафінансаваная са сродкаў, замарожаных у краіны-агрэсара.

***

Мазырская гарадская бальніца ад пачатку вайны прымае параненых расейскіх вайскоўцаў. Жыхары Мазыра штодзень фіксуюць калоны санітарных “ПАЗікаў” каля шпіталю. Цяпер, паводле сведак, месцаў для нябожчыкаў у моргу не хапае — іх адразу грузяць на расейскія цягнікі, якія прыбываюць на станцыю Мазыр.

“Цяпер, каб не было выхаду інфармацыі, бальніцу ахоўвае міліцыя і КДБ. Медыкі нічога не расказваюць — з іх узялі падпіску аб невыдаванні, пагражаюць не працягнуць кантракт. Хірургаў не хапае. Раней трупы перавозілі на санітарных машынах і грузілі на расейскія цягнікі. Пасля таго, як нехта зняў відэа пра гэта і яно пайшло гуляць па інтэрнэце, пачалі целы грузіць ноччу, каб не прыцягваць увагі”, — расказала Свабодзе крыніца.

***

Украінская дэлегацыя вылецела на перамовы з расейскім бокам у Берасцейскую вобласць.

Кіраўнік фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія і дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк

Сёння вырашаецца будучыня Украіны, усёй Еўропы і свету. У сваім сёлетнім Слове на Вялікі пост арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч згадаў сітуацыю ва Украіне. “Мы з’яўляемся сведкамі ваенных дзеянняў, разбурэння гарадоў і населеных пунктаў, знішчэння інфраструктуры, гібелі людзі, праліцця крыві, змушанага пакідання месца свайго жыхарства мірнымі людзьмі, сярод якіх шмат старых, нямоглых і дзяцей. Ці можна было ўявіць сабе такое яшчэ зусім нядаўна? Але гэта жахлівая рэальнасць нашага часу”, — канстатуе каталіцкі пастыр. Ён мяркуе, што ў сённяшнім супрацьстаянні вырашаецца лёс не толькі Украіны, але і як мінімум усёй Еўропы. „Мы таксама падчас выпрабаванняў павінны паказаць, на чыім баку знаходзімся: Бога ці злога духа. Калі на баку Бога, то можам быць упэўненымі, што Ён нам дапаможа”, — падкрэслівае Кандрусевіч.

***

У Францыі ў кіраўніка „Роснафты” Ігара Сечына канфіскавалі яхту Amore Vero. Яхта стаяла ў порце Ла-Сьёта. Яе кошт ацэньваецца прыкладна ў 190 тысяч даляраў.

Раней стала вядома, што ўлады Германіі канфіскавалі яхту расійскага алігарха Алішэра Усманава. Яе кошт — каля 600 млн даляраў. Яхта Dilbar мае 156 метраў даўжыні.

Маёмасць расейскіх алігархаў трапляе пад арышт у еўрапейскіх краінах пасля пачатку расейскай вайны супраць Украіны.

***

Першы раз з пачатку вайны з Расеяй украінскія войскі дайшлі да лініі дзяржаўнай граніцы ў Сумскай вобласці – паведаміў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў. Паводле яго, цягам апошніх сутак расейскія войскі не змаглі прасунуцца ні па адным з напрамкаў.

“Кіраўніцтва Беларусі ўсё больш фіксуецца як памагатыя дзяржавы-тэрарысткі Расеі. Беларуская тэрыторыя, а паводле некаторых звестак, і яе Узброеныя сілы, выкарыстоўваюцца ў вайне з Украінай”, — заявіў Аляксей Данілаў. Ён дадаў, што расейскія войскі, не дасягнуўшы мэты, пачалі мяняць сваю тактыку і масава абстрэльваць жылыя раёны і аб’екты цывільнай інфраструктуры ў дзясятках украінскіх гарадоў, у тым ліку з выкарыстаннем забароненага Жэнеўскай канвенцыяй ўзбраення.

Па звестках выдання zn.ua, беларуская вайсковая калона, якая ўжо ў вёсцы Міхайла-Кацюбінскае Чарнігаўскай вобласці, адмаўляецца рухацца далей у бок Украіны. Размова ідзе пра некалькі соцень адзінак тэхнікі, сярод якой “Смерчы”, танкі, “Півоні”, БМП, БТР, бензавозы. Крыніца ўкраінскага выдання адзначае, што камандзіры войскаў “бегаюць па калоне і прымушаюць выконваць загад”. Ранейшыя паведамленні пра тое, што беларускія вайскоўцы ступілі на тэрыторыю Украіны, не знайшлі дакументальных пацверджанняў. 2 сакавіка гэта пацвердзіў і Офіс прэзідэнта Украіны.

***

Страты расейскага войска з часу ўварвання – Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны агучыў новыя дадзеныя.

Як адзначаецца, агульныя баявыя страты супраціўніка з 24 лютага да 3 сакавіка прыблізна склалі:

асабовага складу – амаль 9000 чалавек,

танкаў ‒ 217 адзінак,

ББМ – 900 адзінак,

артылерыйскіх сістэм – 90,

сродкі СПА – 11,

самалётаў – 30 адзінак (інфармацыя ўдакладняецца),

верталётаў – 31 адзінка (інфармацыя ўдакладняецца);

аўтамабільнай тэхнікі – 374… і так далей.

Падлік ускладняецца высокай інтэнсіўнасцю баявых дзеянняў.

* * *

Мінулай ноччу расейскія вайскоўцы забілі ў Данецкай вобласці сем мірных жыхароў, пяць чалавек паранілі, у тым ліку дзіця і дваіх паліцыянтаў.

Украіна адновіць усю інфраструктуру, якая пацярпела ў выніку расейскага ўварвання.

Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў на брыфінгу, інфармуе Цэнзар.НЕТ.

„Мы адновім кожны дом, кожную вуліцу, кожны горад. І гаворым Расеі: вучыце словы „рэпарацыі” і „кантрыбуцыі”. Вы адшкадуеце нам усё, што зрабілі супраць Украіны. У поўнай меры. А тых, хто загінуў, – не забудзем”. Мы – разам з Богам”, – адзначыў Зяленскі.

Мірныя жыхары блакуюць войскі РФ у Энергадары.

„Гэта сапраўдная народная вайна за Украіну. У Пуціна няма шанцаў перамагчы. Закрыйце неба”, — Кулеба.

„На гэтым фота мірныя жыхары, якія заблакавалі расейскіх акупантаў у Энергадары. Адно з сотняў такіх фота і відэа. Нам патрэбны партнёры, каб дапамагчы Украіне абараніць сябе. Асабліва ў паветры. Закрыйце неба зараз жа!”.

«Укрзалізниця» зрабіла бясплатнымі цягнікі на захад краіны

Пасажыры, якім неабходна пакінуць гарачыя пункты на ўсходзе і поўдні Ўкраіны, могуць скарыстацца эвакуацыйнымі цягнікамі бясплатна. Пасадка на іх прыярытэтная для жанчын, дзяцей і старых, паведамляе прэс-служба чыгункі.

***

У Чарнігаве снарад трапіў у нафтабазу

Гарыць рэзервуар з 5 тысячамі кубаметраў дызельнага паліва.

***

Нямеччына ўхваліла пастаўкі Украіне 2700 зенітных ракет тыпу «Страла» з былых запасаў Узброеных сіл ГДР.

У суботу Федэральны ўрад прыняў рашэнне як мага хутчэй даставіць Украіне 1000 адзінак супрацьтанкавай зброі і 500 зенітна-ракетных комплексаў «Стынгер» са складоў Бундэсвера. Зброя прыбыла ва Украіну ў сераду.

***

9000 чалавек. Такую лічбы стратаў расейскай арміі называе Генштаб УСУ

***

У інтэрнэце з’явілася відэа ранішняга Харкава з раёну Халоднай гары, дзе паказалі наступствы абстрэлу горада расейскімі войскамі.

Адпаведнае відэа апублікавалі ў тэлеграм канале ZN.UA 

Знішчаная ўкраінскімі вайскоўцамі расейская тэхніка ў Харкаве

***

Заява прадстаўніка Пентагона па сітуацыі ва Украіне

— расейскія войскі страцілі тэмп у апошнія суткі, але гэта не значыць, што ў іх распараджэнні не засталося сілаў;

— Расея не сцягвае ніякія дадатковыя войскі, каб прыцягнуць іх да аперацыі ва Украіне;

— Узброеныя сілы Украіны захоўваюць значную частку баявога патэнцыялу;

— прыкметаў падрыхтоўкі Беларусі да нападу — не відаць.

***

Генеральны штаб Узброеных сілаў Украіны распрацаваў інструкцыю, у якой наглядна заклікае да татальнага супраціву акупантам.

***

Злучаныя Штаты прапанавалі шырокія абмежаванні для ўсіх расейскіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Гаворка ідзе пра «Газпром» і «Раснафту», згодна з законапраектам HEROIAM SLAVA.

“Праект названы ў гонар культавага украінскага вокліча і сімвалу нацыянальнага супраціву. Ён пазбавіць кантраляваныя Масквой кампаніі, такія як «Роснафта», «Газпром», «Росатам», «Аэрафлот» і RT» доступу да амерыканскага капіталу, — гаворыцца ў тэксце дакумента амерыканскіх сенатараў.

***

Украінскія ўлады абвясцілі ў чацвер раніцай, што расейцы ўзялі пад кантроль Херсон пасля цяжкіх баёў. Мэр горада Ігар Калыхаеў паведаміў, што ў будынку гарадской адміністрацыі ён размаўляў з прадстаўнікамі расейскіх сіл, каб папрасіць, каб «па людзях не стралялі», перадае AFP.

Кіраўнік урада Херсонскай вобласці Генадзь Лагута заклікаў херсонцаў заставацца дома, таму што «акупанты (расейскія) знаходзяцца ва ўсіх частках горада і вельмі небяспечныя».

***

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе пачынае расследаванне магчымых ваенных злачынстваў, якія здзейснілі ва Ўкраіне ў час расейскай агрэсіі. Пра гэта паведаміў пракурор Карым Хан у Twitter.

„Актыўныя расследаванні афіцыйна пачынаюцца ва Ўкраіне пасля атрымання зваротаў ад 39 дзяржаў-удзельнікаў” – напісаў ён. Расследаванні будуць датычыць падзей, пачынаючы з 2013 года да сёння. Разгляд пачнецца 7 ці 8 сакавіка.

Карым Хан

Шмат краінаў ужо перадалі матэрыялы. Міністарка замежных справаў Вялікай Брытаніі Ліз Трас паведаміла 2 сакавіка, што Аб’яднанае каралеўства заклікае Міжнародны крымінальны суд расследаваць ваенныя злачынствы Расеі ва Украіне.

Разам з брытанцамі – яшчэ 37 краінаў, што робіць зварот самым масавым у гісторыі Міжнароднага крымінальнага суду. Лічбу пазней пацвердзіў прэм’ер-міністр каралеўства Борыс Джонсан. Сярод падпісантаў – краіны ад Албаніі да Новай Зеландыі.

Паводле Ліз Трас, ваенная машына Уладзіміра Пуціна цэліць у цывільных без разбору. Міністр юстыцыі Вялікай Брытаніі Домінік Рааб дадае, што крытычна важна захаваць усе сведчанні ваенных злачынстваў і што любы расейскі лідар ці афіцэр, які выконвае загады чыніць ваенныя злачынствы, павінен ведаць, што ўрэшце трапіць у суд і ў турму.

Другі тур перамоваў дэлегацый Украіны і Расіі пройдзе не ў Белавежскай пушчы

Пра гэта паведаміў член ўкраінскай дэлегацыі, лідар фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія.

«Перамовы сапраўды будуць, але месца іншае. Усе дэталі пазней», — напісаў ён.

Першы раўнд перамоваў адбыўся 28 лютага на беларуска-ўкраінскай мяжы пад Гомелем.

Мінабароны Расіі расказала аб значэнні знакаў на расейскай тэхніцы

Z — «За перамогу»

V — «Сіла v праўдзе»

Яшчэ адна V (на тэхніцы гэта △) — «Задача будзе выканана»

Раней пісалі, што гэта Заходняя, Усходняя і Паўднёвая Вайсковыя акругі

Больш за мільён чалавек пакінулі Украіну з пачатку ваенных дзеянняў

«Усяго за сем дзён мы сталі сведкамі cыходу мільёна бежанцаў з Украіны ў суседнія краіны», — паведаміў вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў Філіпа Грандзі.

Большая частка бежанцаў, сотні тысяч чалавек, накіраваліся ў Польшчу.

Для параўнання: за ўвесь 2015 год Сірыю, Ірак і Афганістан пакінула каля 1,3 млн чалавек.

***

2 сакавіка быў знішчаны расейскі самалёт Су-25, які бамбіў горад Ірпень у Кіеўскай вобласці.

Пра гэта ў Telegram паведаміў журналіст Андрэй Цапліенка.

3 сакавіка – 8-ы дзень вайны, якую супраць мірнай Украіны развязала пуцінская Расея.

Пасьля ўварваньня вайсковых сілаў Расеі на тэрыторыю Ўкраіны, пачынаючы з 27 лютага, расейскія сайты пачалі масава пашыраць інфармацыю аб нібыта плянах стварэньня так званай «Фэдэратыўнай рэспублікі Ўкраіна», піша ўкраінская служба Радыё Свабода.

Першая публікацыя зьявілася на сайце «Мир и мы», дзе аўтары спасылаюцца на маніфэст, які нібыта ініцывалі «некалькі дэпутатаў гарадзкіх і абласных радаў Украіны», якія, як сьцьвярджаецца, аб’ядналіся ў так званы Савет дэпутатаў абласьцей Украіны. Сам дакумэнт асобна не публікуюць, як і імёны ягоных падпісантаў.

«Мы, свабодны народ Харкаўскай, Мікалаеўскай, Сумскай, Чарнігаўскай і іншых абласьцей Украіны, аб’яўляем і абвяшчаем стварэньне новай дэмакратычнай дзяржавы Фэдэратыўнай Рэспублікі Ўкраіна», — такія тэзісы масава прасоўваюцца ў расейскай інтэрнэт-прасторы.