Вайна ва Украіне, 9 сакавіка (абноўлена)



Украінцы сцвярджаюць, што за час вайны збілі 56 расейскіх самалётаў і 82 верталёты

Пра гэта заявіў спікер камандавання паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат.

«За апошнія двое сутак 8-9 сакавіка сродкамі супрацьпаветранай абароны паветраных сіл УС Украіны было знішчана па меншай меры восем паветраных цэляў у раёне правядзення аперацыі Аб’яднаных сіл і Кіеўскай вобласці.

Знішчальная авіяцыя, падраздзяленні зенітных ракетных войскаў С-300 і Бук-М1 знішчылі 4 штурмавікі Су-25, 2 верталёты расейскіх акупантаў, таксама ёсць пацверджанне дзвюх збітых крылатых ракет».

Такім чынам, паводле аператыўных падлікаў з часу поўнамаштабнага ўварвання Расеі, страты расейскай авіятэхнікі склалі: 56 самалётаў і 82 верталёты.

***

З акупаваных Ірпеня і Ворзеля на Кіеўшчыне сёння ўдалося вывезці больш за 3 тысячы чалавек. Сярод выратаваных грамадзян некалькі сотняў дзяцей, пажылых людзей, цяжкахворых.

Пра гэта паведамляецца на Facebook-старонцы МУС Украіны. Для эвакуацыі было задзейнічана каля сотні аўтобусаў, а таксама карэты хуткай дапамогі.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўпэўнены, што толькі пасля прамых перамоваў з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным можна будзе пакласці канец вайне.

Пра гэта ішла размова ў ягоным інтэрв’ю Bild.

Вайну можна спыніць толькі пасля прамога дыялогу з прэзідэнтам РФ на аснове ўзаемнага кампрамісу, упэўнены Зяленскі.

* * *

Камандаванне Узброеных сіл Украіны падзялілася чарговай зводкай. Генштаб УСУ распавёў аб паразе акупантаў пад Макаравам і Барадзянкай. У паведамленні таксама ёсць добрая навіна пра беларускіх салдат. Яны адмаўляюцца ўдзельнічаць у вайне.

„У раёне населеных пунктаў Барадзянка і Макараў падчас наступальных дзеянняў падраздзяленняў УС Украіны супернік пацярпеў значныя страты”, — заявілі ў Генштабе.

* * *

У Румыніі і Малдове расце колькасць украінскіх бежанцаў. У гэтыя краіны накіроўваюцца людзі з поўдня Ўкраіны.

Па звестках улад, у Румынію прыбылі каля 320 тысяч бежанцаў. Многія з іх трапляюць у краіну праз суседнюю Малдову.

У ААН падлічылі, што з пачатку ўварвання Расеі Украіну пакінула каля 2 млн чалавек.

* * *

У Марыупалі, які з першых дзён вайны пакутуе ад абстрэлаў, загінула ўжо больш за тысячу чалавек.

Пра гэта паведаміў дарадца гарадскога галавы Марыупаля Пётр Андрушчанка.

„Папярэдне за перыяд блакаднага генацыду Расейскай Федэрацыі ўжо загінула 1300 марыупальцаў. Будзем змагацца за кожнага”, – адзначыў ён.

* * *

Украіна звярнулася да канцлера Германіі Олафа Шольца па дапамогу ў арганізацыі сустрэчы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна.

Аб гэтым заявіў намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Ігар Жоўква ў эфіры праграмы Tagesschau нямецкага тэлеканала ARD.

* * *

Беларусы стварылі батальён імя Кастуся Каліноўскага для абароны Кіева.

У сацсетках ужо распаўсюджваецца відэазварот гэтых вайскоўцаў. „Мы гатовы абараняць Кіеў”, – кажуць беларусы ў відэазвароце.

* * *

Галоўнае ўпраўленне Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла, што расейцы захапілі цывільнае ратавальнае судна «Сапфір» і прымусова транспартуюць яго ў Севастопаль. Капітан украінскага карабля змог паведаміць у Адміністрацыю марскіх портаў Украіны, што функцыі камандавання ўзяў на сябе расейскі вайсковец, а ўкраінскі экіпаж трымаюць пад прыцэлам.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пракаментаваў авіяўдар па радзільным доме ў Марыупалі. Пра гэта ён напісаў у Telegram: „Марыупаль. Прамы ўдар рускіх войскаў па радзільным доме. Людзі пад заваламі. Дзеці пад заваламі. Гэта зверства!”

„Неадкладна закрыйце неба! Неадкладна спыніце забойствы! У вас ёсць сіла. Але, здаецца, губляеце чалавечнасць”, – сказаў ён.

9 сакавіка расейскія акупанты нанеслі авіяўдар па радзільным доме ў Марыупалі, а таксама па дзіцячай бальніцы. Будынкі цалкам разбураныя. Ёсць шмат пацярпелых і загінуўшых.

Фота: Unian

* * *

Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба пацвердзіў перагаворы з Міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым у Турэччыне.

Акрамя гэтага Кулеба дадаў, што не ўскладае на перамовы 10 сакавіка ў Анталлі завышаных чаканняў, але абяцаў дабівацца максімуму магчымага ў інтарэсах сваёй краіны і яе народа.

* * *

Мінабароны Расеі прызнала, што ва Украіну адпраўлялі салдат тэрміновай службы.

«На жаль, выявіліся некалькі фактаў прысутнасці вайскоўцаў тэрміновай службы ў частках расейскіх узброеных сіл, якія ўдзельнічаюць у правядзенні спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны», – заявіў прадстаўнік Міністэрства абароны Расеі Ігар Канашэнкаў. Украінскі бок неаднаразова пацвярджаў інфармацыю, што Расея дасылае ваяваць салдат сярэдняга ўзросту 18-23 гадоў.

* * *

14-ы дзень расейскага ўварвання ва Украіну. Украінская армія і народ трымаюць гераічную абарону. У выніку расейскіх абстрэлаў працягваюць гінуць мірныя людзі.

***

Міхаіл Падаляк: Ужо было больш за дзесяць спробаў замаху на Зяленскага

Пра гэта дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны заявіў у інтэрв’ю «Украінскай праўдзе».

«Нашы замежныя партнёры гавораць пра дзве-тры спробы. Я лічу, што такіх спробаў было больш за дзясятак. Бо пастаянна ў нас ёсць аператыўная інфармацыя, што ёсць нейкія дыверсійна-разведвальныя групы (ДРГ), якія хочуць зайсці ва ўрадавы квартал і гэтак далей.

У нас вельмі магутная сетка разведкі і контрразведкі — яны ўсё гэта адсочваюць і ўсе гэтыя ДРГ яшчэ на падыходах ліквідуюцца. Гэта значыць, мы разумеем усе планы і нашыя контрразведкі па іх адпрацоўваюць.

З пункту гледжання бяспекі я не магу казаць пра некаторыя рэчы. Гэтыя рызыкі нікуды не зніклі.

Заходнія разведкі правільна кажуць, што галоўная мэта для Пуціна — гэта быў Зяленскі з пункту гледжання нападу на ўрадавы квартал і спробы забіць ключавога менеджара краіны».

Раней брытанскае выданне The Times паведамляла, што ад пачатку расейска-ўкраінскай вайны прэзідэнт Зяленскі перажыў як мінімум тры спробы замаху.

***

ЧАЭС цалкам абясточаная

На двух захопленых расейцамі атамных электрастанцыях у Чарнобылі і Энергадары застаецца пагроза ядзернай і радыяцыйнай бяспецы.

Як паведамляе «Укрэнерга», Чарнобыльская АЭС цалкам абясточаная.

«Баявыя дзеянні працягваюцца, што зараз робіць немагчымымі рамонтныя працы і аднаўленне энергасілкавання. „Укрэнерга“ маніторыць сітуацыю і будзе інфармаваць аб усіх зменах», — гаворыцца ў паведамленні «Укрэнерга».

Абясточаны таксама горад Славуціч.

Закрытая пасля аварыі 1986 года ЧАЭС знаходзіцца пад кантролем расейскіх войскаў, якія прыйшлі з тэрыторыі Беларусі.

Нацыянальная кампанія «Укрэнерга» раней заявіла, што на двух захопленых атамных электрастанцыях у Чарнобылі і Энергадары застаецца пагроза ядзернай і радыяцыйнай бяспецы.

Паводле інфармацыі кампаніі, на тэрыторыі Запарожскай АЭС у Энергадары знаходзіцца 50 адзінак вайсковай тэхнікі, каля 400 вайскоўцаў, а таксама шмат выбухоўкі і зброі.

***

Уладзімір Зяленскі выступіў з чарговым відэа-зваротам. Ён адзначыў, што Расея ўжо завяла на тэрыторыю Украіны амаль усіх, каго збіралі для ўварвання ва Украіну:

– Маштаб пагрозы для дзяржавы максімальны. Акупацыйны кантынгент ужо завёў на нашую тэррыторыю амаль усіх, каго збіралі для ўварвання ва Украіну. Але і маштаб нашага адказу максімальны. І гэта два розных слова „максімальны”: у іх і ў нас. У іх толькі тэхніка, па-максімуму, у нас яшчэ да тэхнікі наш народ, на вышыні. У іх толькі загады: наступаць, забіваць. У нас – жаданне мільёнаў украінцаў перамагчы і ачысціць нашу дзяржаву.

“Мы выстаялі і натхнілі ўвесь свет нашай рашучасцю” – адзнчае ў відэа-звароце апрэзыдэнт Украіны.

***

У цэнтры Беластока кожны чацвер будзе гучаць гімн Украіны

У цэнтры Беластока кожны чацвер плануюць уключаць гімн Украіны. Такое рашэнне прыняў прэзідэнт горада Тадэвуш Трускаляскі. У сваім Twitter ён напісаў: “Я прыняў рашэнне, што кожны чацвер (а гэта дзень нападу Расейскай Федэрацыі на незалежную Украіну), замест гарадскога хейнала а 12-ай гадзіне з ратушнай вежы будзе гучаць гімн Украіны. І так будзе да таго часу, пакуль не завершыцца гэтая варварская агрэсія”.

Нагадаем, што ў розных месцах Беластока ўлады вывесілі ўкраінскія сцягі. Між іншым, сцяг Украіны з’явіўся на помніку маршалку Пілсудскаму, на ўязной браме палаца Браніцкіх – побач з польскім сцягам.

***

Сёння ва Украіне будуць працаваць шэсць гуманітарных калідораў для эвакуацыі мірных жыхароў

З Ворзеля, Барадзянкі, Ірпеня і Бучы адкрываецца калідор да Кіеўскага чыгуначнага вакзала, з Марыупаля — да Запарожжа, з Валнавахі — да Пакроўска, з Ізюма да Лазавой, а таксама з Энергадара да Запарожжа.

Пра гэта паведаміла міністр па справах рэінтэграцыі акупаваных тэрыторый Украіны Ірына Верашчук. Паводле яе словаў, расейскі бок паабяцаў прытрымлівацца рэжыму спынення агню. 

Далёка не ўсе ранейшыя спробы адкрыць гуманітарныя калідоры сканчваліся паспяхова. Бакі абвінавачвалі адзін аднаго ў парушэнні рэжыму прыпынення агню. Учора з Сум эвакуявалі пяць тысяч чалавек.

Звесткі Генштаба УСУ па стратах праціўніка

МАГАТЭ страціла сувязь з інфармацыйнай сістэмай Чарнобыльскай АЭС

Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі “сказаў пра страту дыстанцыйнай перадачы дадзеных ад сістэм маніторынгу гарантый, устаноўленых на Чарнобыльскай АЭС”, гаворыцца ў паведамленні агенцтва AFP.

Больш за 200 тэхнічных супрацоўнікаў і ахоўнікаў застаюцца ў пастцы на аб’екце, яны працуюць 13 дзён запар з моманту расейскага захопу станцыі. Непрацоўная станцыя знаходзіцца ў зоне адчужэння, у якой размяшчаюцца выведзеныя з эксплуатацыі рэактары, а таксама радыё-актыўныя адкіды.

***

Расея праводзіць прыхаваную мабілізацыю

У сувязі са шматлікімі стратамі асабовага складу праціўнік працягвае праводзіць тайную мабілізацыю пад выглядам трэніровачных лагераў на часова акупаванай тэрыторыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым, Краснадарскага краю і некаторых раёнах Данецкай і Луганскай абласцей; актывізавалася дзейнасць па вярбоўцы добраахвотнікаў для вайны ва Украіне.

Пра гэта раніцай паведаміў Генеральны штаб Украіны. Акрамя таго, згодна з інфармацыяй Генштаба, былі выпадкі адлічэння юнакоў прызыўнога ўзросту з вышэйшых навучальных устаноў Расеі ў мэтах папаўнення рэзерву войска захопнікаў.

***

Уладзімір Зяленскі традыцыйна падвёў вынікі мінулага дня

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў з традыцыйным відэазваротам з падвядзеннем вынікаў дня.

У пачатку звароту ён падзякаваў Злучаным Штатам за рашэнне адмовіцца ад расейскай нафты і газу:  

–  Амерыка забараняе імпарт нафты, нафтапрадуктаў, газу, вугалю з Расеі. Забараняе грамадзянам ЗША любыя інвестыцыі ў паліўна-энергетычны комплекс. Я асабіста ўдзячны прэзідэнту ЗША Байдану за гэтае рашэнне, за гэта лідарства, за гэты максімальна значны сігнал усяму свету. Ён вельмі просты – кожны цэнт, сплачаны Расеі, яна ператварае на кулі ды снарады, якія ляцяць у іншыя суверэнныя дзяржавы.

Уладзімір Зяленскі таксама падзякаваў Вялікай Брытаніі за рашэнне адмовіцца ад імпарту расейскай нафты і нафтапрадуктаў. Ён зазначыў, што такое рашэнне не толькі аслабіць эканоміку Расеі, але таксама мае вялікае ідэалагічнае значэнне.

***

У Літве запусцілі праект “Патэлефануй Расеі”.

Яго мэта — пераканаць расейцаў выступіць супраць вайны ва Украіне.

Арганізатары акцыі сцвярджаюць, што ў іх ёсць база даных, якая змяшчае 40 мільёнаў расейскіх прыватных тэлефонных нумароў. Наведнікі сайту ініцыятывы могуць генераваць выпадковы расейскі нумар і патэлефанаваць на яго.

***

Адна расейская бомба, якую скінулі на Сумы, забіла 22 чалавекі, з іх трое дзяцей

У выніку авіяўдару расейскіх войскаў па шматкватэрных дамах у Сумах вечарам 7 сакавіка загінулі 22 чалавекі, з іх трое дзяцей і восем чалавек атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік Сумскага абласной вайсковай адміністрацыі Дзмітры Жывіцкі.​

8 сакавіка праводзілася эвакуацыя мірнага насельніцтва з Сумаў у Палтаву ў Сумы. Гуманітарны калідор для эвакуацыі падоўжаны да 9 сакавіка.

***

Пентагон выступіў супраць прапановы Польшчы выкарыстоўваць базу НАТА ў Германіі, каб перадаць Украіне знішчальнікі МіГ-29

Прэс-сакратар Пентагона Джон Кірбі заявіў, што ЗША імкнуцца паскорыць пастаўкі зброі ва Украіну, але перспектыва перакідкі баявых самалётаў з тэрыторыі НАТА ў зону баявых дзеянняў «выклікае сур’ёзныя засцярогі ва ўсяго блока НАТА». Пра гэта піша Reuters.

«Нам проста незразумела, ці ёсць для гэтага істотнае абгрунтаванне», — сказаў Кірбі.

8 сакавіка міністэрства замежных спраў Польшчы аб’явіла, што гатова перакінуць свае знішчальнікі МіГ-29 на авіябазу Рамштайн у Германіі і даць іх у распараджэнне ЗША. Польшча заклікала іншых членаў НАТА, якія маюць падобныя самалёты, зрабіць тое ж самае. У Дзярждэпе заявілі, што польскі бок не ўзгадняў гэты «нечаканы крок» з Вашынгтонам.

Джон Кірбі адзначыў, што рашэнне аб тым, ці перадаваць Украіне самалёты, якія належаць Польшчы, прымае польскі ўрад.

***

Генштаб Украіны заявіў, што Расея можа выкарыстаць для вайны ва Украіне каля 800 чалавек вайскоўцаў з Прыднястроўя, але маральна-псіхалагічны стан іх застаецца на нізкім узроўні.

***

Чарнобыльская атамная электрастанцыя больш не перадае дадзеныя атамнаму нагляду ААН, заявілі ў Міжнародным агенцтве атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ).

Супрацоўнікі Чарнобыльскай АЭС ужо амаль два тыдні працуюць на станцыі, украінскі аб’ект захапілі расейскія войскі на пачатку вайны, піша AFP.

Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі «ўказаў на страту дыстанцыйнай перадачы дадзеных ад сыстэм маніторынгу гарантый, устаноўленых на Чарнобыльскай АЭС», гаворыцца ў паведамленьні агенцтва.

«Агенцтва вывучае стан сыстэм маніторынгу гарантый бясьпекі ў іншых месцах Украіны і бліжэйшым часам прадаставіць дадатковую інфармацыю».

Ранішняя зводка ад Генштаба Узброеных сіл Украіны

На паўночным і паўночна-заходнім кірунках працягваюцца баявыя дзеянні ў раёнах населеных пунктаў Нежын, Іваніца, Трасцянец. Працягваецца абарона Чарнігава.

Групоўка сіл і сродкаў абароны Кіева адбівае наступ супраціўніка і ўтрымлівае рубяжы

На паўднёвым напрамку аператыўныя групоўкі сіл абароны прыкрываюць дзяржаўную мяжы Украіну і марское ўзбярэжжа, ахоўваюць аэрадромы і аб’екты крытычнай інфраструктуры

У Бярдзянску вораг пачаў распаўсюджваць прапагандысцкія матэрыялы, скіраваныя на дыскрэдытацыю кіраўніцтва Украіны

У населеных пунктах Чарнігаўскай вобласці, занятых расейскімі войскамі, вораг працягвае хаваць узбраенне і ваенную тэхніку сярод жылых дамоў і ў памяшканнях сельскагасаб’ектаў. Расейскія вайскоўцы выводзяць з ладу вышкі сотавай сувязі.

У Херсонскай вобласці выявілі вайскоўцаў Расеі, пераапранутых ў цывільную вопратку. Яны рухаліся ў кірунку Мікалаева.

***

Уначы акупанты зноў абстралялі Ахтырку. Загінула найменш адна асоба, не менш 14 паранена.

Twitter/@NEXTA

У горадзе Малін Жытомірскай вобласці ў выніку авіяўдару разбураныя 7 прыватных аднапавярховых жылых дамоў

Загінулі пяць чалавек, з іх двое дзяцей 2021 года нараджэння.

Падчас авіяўдараў у Сумах загінулі чэмпіён Украіны па самба Арцём Прыйменка і ўся ягоная сям’я

Акрамя самога спартсмена, загінулі ягоныя бацька, маці, бабуля і два малодшыя браты.

Абодва этапы эвакуацыі насельніцтва з Сумаў прайшлі паспяхова

Намеснік кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Кірыла Цімашэнка паведаміў, што абодва этапы эвакуацыі насельніцтва з гораду Сумы завяршыліся паспяхова.

Агулам у бяспецы апынуліся каля 5 тысяч чалавек і болей за тысячу прыватных аўтамабіляў.

Другая калона ноччу прыбыла ў Палтаву. Большасць эвакуіраваных — жанчыны і дзеці. Ёсць  і грамадзяне Турцыі. З Палтавы людзі паехалі на захад. Тым, хто захацеў застацца, будзе прадастаўлены прытулак.