Вайна ва Украіне: чатыры абстрэлы Запарожскай АЭС за тыдзень
177-ы дзень вайны. Украінская кампанія «Енергоатом», якая ажыццяўляе кіраванне атамнымі электрастанцыямі ва Украіне, паведаміла, што захопленая расейскімі войскамі Запарожская АЭС працуе з рызыкамі парушэння нормаў радыяцыйнай і пажарнай бяспекі.
Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны паведаміла, што Расея рыхтуе правакацыі на гэтым аб’екце.
Расейцы абвясцілі нечаканы «выходны» на Запарожскай АЭС: сёння там толькі аператыўны персанал, уваход для астатніх супрацоўнікаў закрыты. Ведамства сцвярджае, што прадстаўнікі «Росатома» тэрмінова пакінулі тэрыторыю АЭС.
У сваю чаргу Міністэрства абароны Расеі заявіла, што Украіна плануе нанесці «з гарадскіх кварталаў Нікапаля» артылерыйскія ўдары, каб стварыць зону адчужэння радыюсам 30 кіламетраў, увесці міжнародныя сілы і замежных назіральнікаў на тэрыторыю станцыі і абвінаваціць Узброеныя сілы Расеі ў ядзерным тэрарызме. Нікапаль, які некалькі апошніх тыдняў стала абстрэльвае Расея, знаходзіцца за 200 кіламетраў ад Энергадару, дзе месціцца Запарожская АЭС. Расея размясціла на тэрыторыі АЭС вайсковую тэхніку і вядзе адтуль абстрэлы ўкраінскіх гарадоў, правакуючы ўкраінскую армію на абстрэлы ў адказ. Але кіраўніцтва аператыўнага камандавання «Поўдзень» пераконвае, што ўкраінскае войска ўсведамляе небяспеку і не ажыццяўляе ўдараў у кірунку атамнай станцыі. У жніўні Расея чатыры разы абстрэльвала Запарожскую АЭС, каб абвінаваціць у гэтым украінскі бок. Запарожская АЭС – найбуйнейшая ў Еўропе і шостая паводле велічыні сярод атамных станцый у свеце.
Беларускае Радыё Рацыя