Вайна ва Украіне: легіён «Свабода Расеі» анансаваў новы рэйд
Легіён «Свабода Расеі» плануе яшчэ адзін рэйд на тэрыторыю РФ цягам найбліжэйшага месяца ці каля таго. Пра гэта сказаў камандзір легіёна з пазыўным «Цэзар» у інтэрв’ю выданню The Observer.
Цытата: «На працягу наступнага месяца або каля таго будзе яшчэ адзін сюрпрыз. Гэта будзе наша трэцяя аперацыя. Пасля яе будзе чацвёртая, затым пятая. У нас амбіцыйныя планы. Мы хочам вызваліць усю нашу тэрыторыю». Як піша выданне, сапраўднае імя «Цэзара», 49-гадовага былога трэнера па фітнесе з Сочы і Санкт-Пецярбурга, Максімільян Андроннікаў. Ён прызнаў, што ягонае апалчэнне можа функцыянаваць толькі з дапамогай украінскіх вайскоўцаў, але заявіў, што, апынуўшыся на тэрыторыі Расеі, яны прымаюць уласныя незалежныя рашэнні. Бранятэхніка легіёна, паводле яго, у асноўным была ўзятая з расейскіх складоў, захопленых ва Украіне.
Камандзір дадаў, што паведамленні Крамля пра вялікія страты сярод ягоных байцоў перабольшаныя.
«Цэзар» мяркуе, што мяцеж Прыгожына аслабіў Пуціна. Ён таксама лічыць, што пуцінскі рэжым будзе зрынуты да канца будучага году.