Вайна ва Украіне: падрыхтоўкі новай атакі з Поўначы не заўважаецца



69-ы дзень вайны. У Кіеве не заўважылі прыкмет таго, каб з тэрыторыі Беларусі рыхтаваўся новы наступ на Украіну. «На Валынскім, Палескім і Северскім кірунках расейскі праціўнік актыўных дзеянняў не рабіў, прыкмет фармавання наступальных груповак не знойдзена», — гаворыцца ў зводцы ўкраінскага вайсковага камандавання. Раней, 30 красавіка ў Генштабе Узброеных Сіл Украіны заявілі, што не выключаюць учынення Расеяй правакацый на беларуска-ўкраінскім памежжы. Паводле наяўнай інфармацыі, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь да гэтага часу разгорнуты расейскія аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы „Іскандэр-М“, а асобныя авіяцыйныя падраздзяленні Паветрана-касмічных сіл РФ працягваюць базавацца на пэўных аэрадромах.

Фота: t.me/polkazov

Тым часам, на заводзе ў Марыўпалі застаюцца яшчэ каля 200 мірных жыхароў і 500 параненых украінскіх вайскоўцаў. Расейскія войскі пачалі штурм «Азоўсталі». Раней кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін заяўляў, што ягоныя войскі не будуць штурмаваць прадпрыемства. Аднак пасля ягоных слоў абстрэлы і спробы штурму працягнуліся.

Кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай паведаміў, што расейская авіяцыя знішчыла элеватар са збожжам у Рубежным і склады з прадуктамі харчавання ў Севераданецку. Цытата: «Рашысты хочуць учыніць галадамор. У акупаваных гарадах зафіксаваны выпадкі вывазу нашага збожжа ў Расею».

Беларускае Радыё Рацыя