Вайна ва Украіне: расейцы спрабуюць наступаць па ўсім фронце



643-і дзень вайны. Расейскія акупанты наступаюць у раёнах Купянска, Крамянной, Бахмута, Аўдзееўкі, Мар’інкі і Рабоціна.

Ваяры УСУ. Фота: Генштаб Украіны

Пра гэта гаворыцца ў зводцы Генеральнага штаба Узброеных Сіл Украіны. Вайскоўцы заяўляюць, што за мінулыя суткі на фронце адбылося 84 баявыя сутыкненні. У кірунку Купянска былі адбітыя тры атакі. Паблізу Крамянной беспаспяховымі з боку расейцаў былі 12 штурмаў. Пад Бахмутам украінскія войскі адбілі 28 нападаў. Адначасова працягваюцца штурмы на паўднёвым фланзе. Расейцы працягваюць спробы атачыць Аўдзееўку, але нясуць страты. Украінскія злучэнні, паводле Генштаба, працягваюць наступальную аперацыю ў кірунку Мелітопаля. На левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці ўкраінскія падраздзяленні ўтрымліваюць плацдарм, знішчаюць тылы праціўніка і вядуць контрбатарэйнае змаганне. 

Між тым, экс-камандуючы войскам ЗША ў Еўропе Бэн Ходжэс заявіў, што ЗША ніколі не адправілі б сваіх салдат у наступ, не дамогшыся поўнай перавагі ў паветры, і не забяспечыўшы велізарную колькасць інжынернага абсталявання. Цытата: „Я ганаруся тым, што перадалі Украіне ЗША, але гэтага было дастаткова толькі для таго, каб утрымаць Украіну ў барацьбе”.

Беларускае Радыё Рацыя