Вайна ва Украіне: Захад пакуль не павінен здымаць санкцыі супраць Расеі



35-ы дзень вайны. Брытанскі прэм’ер Борыс Джонсан заявіў, што Захад не павінен здымаць санкцыі супраць Расеі, пакуль усе войскі не будуць выведзеныя з Украіны.

Па яго словах, „Вялікай сямёрцы” варта яшчэ ўзмацніць санкцыі. Джонсан таксама сказаў, што Вялікабрытанія абмяркоўвае нарошчванне падтрымкі Украіны і цяпер разглядае адпраўку бронетранспарцёраў.

Нямеччына гатовая выступіць гарантам бяспекі Украіны ў выпадку мірнай дамовы з Расеяй. Пра гэта канцлер Олаф Шольц заявіў у тэлефоннай размове Уладзіміру Зяленскаму. Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак раней заяўляў, што гарантамі бяспекі Украіны могуць быць пастаянныя члены ААН, а таксама, магчыма, Турцыя, Нямеччына, Канада і Ізраіль.

Тым часам, былы так званы міністр абароны «ДНР» Ігар Гіркін рэзка выказаўся пра міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу, назваўшы яго «фанерным маршалам» і патлумачыў, чаму расейцы вымушаныя адступіць з-пад Кіева. Цытата: «Наша групоўка, якая дзейнічае на правым беразе Дняпра, у раёне Гастомель — Буча — Ірпень, загразла ў гарадской забудове, у лясіста-балоцістай мясцовасці, і пасля таго як гэтая мясцовасць распусціцца праз месяц, яе будуць біць з-за кожнага куста. Колькасці войскаў недастаткова не тое што для баёў за трохмільённы горад, а нават для захавання таго перыметра, які занялі ў сакавіку. Украінскае камандаванне дзейнічае на парадак адэкватней з вайсковага пункту гледжання, чым расейскае», — прызнаў Гіркін.

Мінабароны Расеі насуперак гэтаму кажа, што ўсё так і было задумана.

Беларускае Радыё Рацыя