Вайна з Ізраілем выгодная Расеі
Атака на Ізраіль. Вайна з Ізраілем выгодная Расеі, бо адцягвае ўвагу міжнароднай супольнасці ад вайны ва Украіне. Гэтак лічыць польскі прэзідэнт Анджэй Дуда.
У той жа час міністр абароны краіны Марыюш Блашчак заявіў, што Польшча эвакуюе з Ізраіля сваіх грамадзян і за імі адправілі транспартныя самалёты. Стала вядома, што Ізраіль запытаў у ЗША дадатковую ваенную дапамогу. У сеціве з’явілася фота з забітымі ўдзельнікамі фестывалю на поўдні Ізраіля. Сярод знойдзеных цел апазнаны ізраільскі футбаліст Ліёр Асулін.

У СМІ пішуць, што толькі на фестывалі загінулі каля 200 чалавек, а агульная колькасць ахвяр дасягнула 600. Ізраільскі ваенны эксперт Давід Шарп мяркуе, што ізраільскія выведка і служба бяспекі „праспалі” самы буйны напад за некалькі дзесяцігоддзяў. Лічылася, што інжынерных збудаванняў дастаткова, каб у Ізраіль не траплялі невялікія групы. Буйныя ж аперацыі мусіла выяўляць разведка. Эксперт дадае, што ўсталяваны на мяжы плот у некалькіх месцах проста ўзарвалі.
Беларускае Радыё Рацыя
