Вайскоўцы з 17 гарадоў Расеі адмаўляюцца ехаць ва Украіну
45-ы дзень вайны. Расея рэарганізавала камандаванне ўварваннем ва Украіну, цяпер за яго адказвае генерал Аляксандр Дворнікаў, «які мае вялікі досвед працы ў Сірыі». Пра гэта паведамляе BBC са спасылкай на неназванага заходняга чыноўніка. Паміж расейскімі падраздзяленнямі ва Украіне была дрэнная каардынацыя. Дворнікаў цяпер «адказвае за паляпшэнне каардынацыі».
Таксама крыніца выказала здагадку, што цяпер расейскія ўлады аддаюць прыярытэт перамовам, а не ваенным дзеянням, каб «дамагчыся поспеху» да Дня Перамогі 9 траўня. Ва Украіне ваююць не толькі расейскія кантрактнікі і салдаты тэрміновай службы, але і «добраахвотнікі»: на гэтым тыдні «атрад» такіх вайскоўцаў адправілі ва Украіну з самага беднага расейскага рэгіёну, Тувы. У той жа час расце колькасць вайскоўцаў, якія не хочуць удзельнічаць у вайне ва Украіне. Кіраўнік праваабарончай групы «Агора» Павел Чыкаў распавёў, што па дапамогу да іх ужо звярнуліся вайскоўцы і расгвардзейцы з 17 расейскіх гарадоў. Яны адмаўляюцца выконваць загад і ехаць ва Украіну, за што, паводле адвакатаў, іх звальняюць, аказваюць ціск і пагражаюць крымінальнымі справамі.
Беларускае Радыё Рацыя