Каманда Ціханоўскай прыязджала ў Кіеўскі сквер да тысячаў прыхільнікаў (абноўлена)



Акцыя скончылася мірна.

21:10 Вялікая грамада людзей прыйшла да плошчы Якуба Коласа, частка зь іх разышлася, частка пайшла па праспэкце Незалежнасьці ў бок плошчы Перамогі.

20:50 Значная колькасць людей застаюцца каля Кіеўскага скверу, гукаюць «Жыве Беларусь», «Перамен». Лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі. Людзі запальваюць ліхтарыкі на мабільных тэлефонах. Аўтамабілісты падтрымліваюць сігналамі.

20:40 «Людзі самі арганізоўваюць тое, што ім патрэбна. І гэта важнае адрозненне гэтай кампаніі ад усіх астатніх, бо людзі разумеюць, што немагчыма трываць тое, што адбываецца ў Беларусі, людзі хочуць павагі да сябе. Яны гатовыя сёння абараняць сябе на канапах, гэта важна і нас гэта вельмі радуе», – сказала прадстаўніца штабу Вольга Кавалькова.

«Сёння кожны чалавек, які выступае за перамены, павінен станавіцца лідарам. І перамены адбываюцца не 9 жніўня, яны адбываюцца кожны дзень, калі гэтыя людзі выходзяць на мерапрыемствы, паказваюць, колькі нас, колькі людзей, якія хочуць перамен і не падтрымліваюць дзейную ўладу», – дадала Вольга Кавалькова.

20:35 Людзі шматлюднай грамадой ідуць па вуліцах з Кіеўскага скверу. ​Дарогай яны працягваюць пляскаць у ладкі і выгукваць лозунгі. Машыны сігналяць.

20:10 Марыя Калеснікава, прадстаўніца аб’яднанага штабу, прыйшла да Кіеўскага скверу.

Марыю Калеснікаву ў сквер не прапусцілі. Яна заклікала людзей разысціся, каб не было правакацый. Людзі прасілі назваць іншае месца, дзе б яны маглі сабрацца. Але яна ўсё ж заклікала іх разысціся.

Паводле адной з версій, абышла сквер і вітала гледачоў і Святлана Ціханоўская, паводле другой – Святлана Ціханоўская не дайшла да скверу, бо ахова яе пераканала, што гэта можа быць небяспечна.

***

Паводле апошняй інфармацыі, Святлана Ціханоўская з паплечніцамі абыйшла па перыметру сквер і вітала прыхільнікаў, але ў сквер не заходзіла.

***

Паводле апошняй інфармацыі, штаб Святланы Ціханоўскай зняпраўдзіў інфармацыю, што Ціханоўская не прыйдзе ў Кіеўскі сквер.

19:30 Людзі ўжо не змяшчаюцца ў скверы, стаяць вялікія чэргі да пунктаў пропуску. Чакаюць Святлану Ціханоўскую, але яна не яшчэ прыехала, паведаміў па тэлефоне карэспандэнт «Настоящего времени».

19:20 Людзі пляскаюць і гукаюць «Верым, можам, пераможам!»

У скверы адбылася спрэчка ўдзельнікаў з дэпутатам Сяргеем Клішэвічам і прадстаўнікамі БРСМ. Людзей у скверы стала больш. Да месцаў пропуску сталі чэргі ахвотных прайсці ў Кіеўскі сквер.

У раёне сквера вельмі дрэнна працуе інтэрнэт.

***

Паводле карэспандэнта «Настоящего времени», які вядзе жывы рэпартаж з Менску, лік сабраных ідзе на тысячы. Ён кажа, што людзі дасталі плакаты, выгукваюць лозунгі.

Нечакана на ўвесь парк уключылі песню «Перемен» Віктара Цоя. У інтэрв’ю Свабодзе адказныя за музычнае суправаджэнне сказалі, што яны працуюць у Палацы дзяцей і моладзі, але працу, бадай, ужо страцілі. Але яны за перамены. Іх учынак сустрэлі авацыямі і воплескамі.

***

Улады занялі ўсе пляцоўкі, вылучаныя для агітацыі ў Менску, рознымі мерапрыемствамі. Такім чынам яны сарвалі анансаваны мітынг Святланы Ціханоўскай у парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор. Замест яго там святкуюць Дзень чыгуначных войскаў. Святлана Ціханоўская з паплечніцамі вырашала наведаць адно з афіцыйных мерапрыемстваў у Кіеўскім скверы а 19-й гадзіне.

На асноўнай пляцоўцы ў парку Дружбы народаў нешматлюдна. З забаваў – музыка, караоке, працуе гандаль ежай.

У Кіеўскім скверы, дзе 6 жніўня мусіў прайсці «Дзень адчыненых дзвярэй установаў дадатковай адукацыі», пра наведванне якога пасля адмены мітынгу-канцэрту на Бангалор заявіла кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская з паплечніцамі, падвезлі вайскоўцаў і міліцыю, агарадзілі сквер стужкай.

Вакол скверу выставілі ачапленне з супрацоўнікаў міліцыі, агарадзілі яго стужкай, падагналі аўтазак. Усіх, хто хоча прайсці на свята, даглядаюць.

Яшчэ раніцай тут не было ні агароджы, ні міліцыі. Яны прыехалі ў сквер пасля 15-й гадзіны, адразу пасля заявы Святланы Ціханоўскай, што яна як грамадзянка Беларусі разам з Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкалай плануе а 19-й наведаць свята «Дзень адкрытых дзвярэй установаў дадатковай адукацыі», якое гарадскія ўлады арганізуюць сёння ў скверы.

svaboda.org