Вакульчык і Барсукоў звольненыя ў запас па ўзросце



Вызваленыя ад сваіх пасадаў Валерый Вакульчык і Аляксандр Барсукоў звольненыя са службы ў запас па ўзросце, гаворыцца ў апублікаваных на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале ўказах Аляксандра Лукашэнкі.

Як паведамлялася, 29 кастрычніка 56-гадовы Вакульчык быў зняты з пасады дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі і прызначаны памочнікам Лукашэнкі — інспектарам па Берасцейскай вобласці. 55-гадовы Барсукоў пазбавіўся пасады намесніка міністра ўнутраных спраў — начальніка міліцыі грамадскай бяспекі і стаў яго памочнікам — інспектарам па Менску.

Вакульчык адкамандзіраваны з дзяржсакратарыята Савета бяспекі ў КДБ і звольнены з ваеннай службы „з правам нашэння ваеннай формы адзення і знакаў адрознення”, Барсукоў звольнены са службы ў органах унутраных спраў „з правам нашэння ўстаноўленай формы адзення і знакаў адрознення”. Абодвум прысвоены першы клас дзяржаўнага служачага.

54-гадовы Юрый Караеў, які быў вызвалены ад пасады міністра ўнутраных спраў і прызначаны памочнікам Лукашэнкі — інспектарам па Гарадзенскай вобласці, прыкамандзіраваны да Адміністрацыі прэзідэнта з пакіданнем у кадрах МУС.

Перад сваімі новымі памочнікамі ў рэгіёнах Лукашэнка паставіў задачу забяспечыць грамадскую бяспеку. Кажучы пра акцыі пратэсту, ён адзначыў, што „у асноўным бадзяюцца ў Менску, але супакойвацца не трэба і ў рэгіёнах”. „Хай невялікія там былі гэтыя акцыі — адна-дзве тысячы, але тым не менш. Асабліва ў Гародні, — падкрэсліў Лукашэнка. — Гэта што такое — заклікаюць спыніць „Гародня Азот” або зладзіць забастоўку. А калі выбух… Там жа высокатэхналагічная небяспечная вытворчасць. Не дай бог што здарыцца. Гародня побач, накрые цалкам. А ружа вятроў — заходняя. Там круціць гэты вецер, над Гародняй разнясе воблака, загінуць тысячы і тысячы людзей. З гасцямі амаль паўмільёна ў Гародні круціцца. Таму пытанне грамадскай бяспекі — найважнейшае пытанне”.

Паводле яго слоў, у кампетэнцыю Вакульчыка і Караева будзе ўваходзіць вайсковы складнік. „Дэсантна-штурмавая брыгада ў Берасці на гэта арыентаваная па законе, і велізарная мотастралковая брыгада разгорнутая ў Гародні. Гэта апора ваша — і сілавікоў, губернатараў там. Сілавы складнік. Я гэта адкрыта кажу і не хаваю. Усе павінны гэта разумець”, — адзначыў Лукашэнка.

Ён таксама паставіў задачу па ўзаемадзеянні сваіх памочнікаў з Міністэрствам абароны, МУС, КДБ у цэнтры. „Асабліва з Мінабароны, — падкрэсліў Лукашэнка. — Каб вы бачылі, чулі і разумелі, што адбываецца на мяжы і за мяжой. Каб вы своечасова мяне праінфармавалі. І калі трэба вас падперці Узброенымі сіламі, як гэта было летам, мы гэта зробім. Гэта ў маёй кампетэнцыі. І дапамога ўпраўленням КДБ і МУС на месцы. Вы ведаеце, якія задачы мы тут вырашалі — раней вырашалі, у жніўні пасля выбараў. Ім трэба аказаць дапамогу. Зноў жа кажу: вельмі тонкая грань, вы не павінны нікога падмяняць. Вы не павінны наўпрост камандаваць і кіраваць начальнікамі УУС і УКДБ на месцах. Таму што ў іх ёсць свае начальнікі. А ў вас ёсць свой начальнік — прэзідэнт”.

Прызначэнне Барсукова памочнікам у Менску Лукашэнка патлумачыў „асаблівым перыядам у сталіцы”. Паводле яго слоў, трэба зрабіць не фармальнай працу народных дружын. „Яны пачалі працаваць, але яшчэ ў поўную сілу не разгарнуліся, — сказаў Лукашэнка. — Вы бачылі, як было ў Кыргызстане? Хаос найпаўнейшы, усе сілавікі разбегліся, няма каму абараняць краіну. Хто ўзяў на сябе адказнасць? Народныя дружыны. Яны падцягнулі тых, што паразбягаліся, міліцыянераў, яны спецслужбы падцягнулі да сябе і вайскоўцаў. І стварылі магутныя народныя дружыны. І на працягу сутак патушылі ўсе пажары”.

belapan.by