Валенса збіраецца падаваць у суд на Інстытут Нацыянальнай памяці
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, былы прэзідэнт Польшчы і лідар прафсаюзу «Салідарнасць» Лех Валенса мае намер падаць у суд на Інстытут Нацыянальнай памяці (ІНП), які апублікаваў дакумэнты пра ягоную агентурную мінуўшчыну ў 1970-я гады. Пра гэта ён заявіў журналістам у Гданьску.
Паводле яго, справа скончыцца супрацьстаяннем у судзе. Валенса сказаў, што пачне справу, калі ў яго распараджэнні будуць доказы. Ён заявіў, што ведае, як гэта было зроблена, але пакуль не можа давесці. «Калі я знайду магчымасць даказаць, мы скончым справу ў судзе», — адзначыў ён. Паводле Валенсы, ён мае намер атрымаць у ІНП матэрыялы, якія яго кампраметуюць.
У панядзелак пракуроры з Інстытуту нацыянальнай памяці і супрацоўнікі паліцыі правялі ператрус у доме былога першага сакратара ЦК ПОРП нябожчыка генерала Войцеха Ярузельскага. Інфармацыя была пацверджаная сям’ёй Ярузельскага, прадстаўнікі якой паведамілі, што пракуроры цікавіліся асабістым архівам генерала. Летась ІНП пачаў расследаванне дакумэнтаў, якія нібыта даказвалі, што Ярузельскі супрацоўнічаў з вайсковай контравыведкай ў 1940-х і 1950-х гадах.
Ярузельскі быў прэм’ер-міністрам камуністычнай Польшчы з 1981 да 1985 году і кіраўніком дзяржавы з 1985 да 1990 году, калі яго змяніў абраны дэмакратычным шляхам Лех Валенса. У 1990 годзе сышоў з палітычнай арэны, а ў 1991 годзе — з войска. 25 траўня 2014 году ён памёр на 91-м годзе жыцця.