Валенты Вакулюк: Мы ніколі не лічылі беларусаў ворагамі
У эфіры Радыё Рацыя – Валенты Вакулюк – журналіст, старшыня Польскага таварыства ў Луцку.
РР: Луцк – захад Украіны, але і там таксама неспакойна.
Валенты Вакулюк: Я сёння ранкам перажыў дэжавю – у 5.15 раніцы, як і ў першы дзень вайны, зноў бамбавалі аэрадром, на якім практычна няма ніякай тэхнікі. Было чатыры выбухі, адбыўся вялікі пажар і, на жаль, ёсць чатыры ахвяры.
Мы думалі, што магчыма Беларусь устрымаецца. Але сёння два тыраны паміж сабою дамаўляюцца пра пэўныя рэчы. Ужо яны прыдумалі, што Украіна прэвентыўна ўдарыла па Беларусі. Але мы ўжо прызвычаіліся да прафесійнай хлусні, і нас гэта не здзіўляе.
РР: Лукашэнка сёння паехаў у Маскву нібыта размаўляць пра санкцыі, але палітычныя аглядальнікі і журналісты мяркуюць, што Пуцін у яго наўпрост спытае, чаму яшчэ ва Украіне няма беларускіх вайскоўцаў.
Валенты Вакулюк: Мы сочым за падзеямі і разумеем, што гэта верагодны сцэнар, які яны могуць рэалізаваць. І мы да яго гатовыя. Толькі яшчэ раз падкрэсліваю, што мы ніколі, ніколі не лічылі беларусаў ворагамі. І вельмі страшна будзе для нас, калі прыйдзецца страляць у нашых суседзяў.
Мы разумеем бяду беларусаў. На жаль, праз іхнюю палітычную імпатэнцыю яны не могуць зрабіць нейкі важны крок. І яны не разумеюць, што пасля Украіны яны ўжо практычна не будуць існаваць як самастойная дзяржава. І гэта нам баліць. Але нам прыйдзецца ваяваць.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: newsrealtime.biz