Валер Карбалевіч: 25 сакавіка стане трыгерам, які пакажа, наколькі „гарачай” будзе вясна
Да Дня Волі застаецца крыху больш за тыдзень, але настрой не святочны, а трывожны. Ці выйдуць людзі, і што будуць рабіць улады? Пра гэта ў нашым эфіры разважае “Госць Рацыі” – палітолаг Валер Карбалевіч.
РР: Набліжаецца Дзень Волі – 103-я гадавіна абвяшчэння БНР. Вялікае свята ў гісторыі краіны, але настрой не святочны, а хутчэй трывожны. Чаго чакаць беларусам?
Валер Карбалевіч: Гэты Дзень Волі праходзіць у зусім іншых умовах. У сітуацыі палітычнага крызісу, які да канца не вырашаны, у сітуацыі, калі мінулым годам Беларусь патрэслі велізарныя пратэсты. І таму вельмі вялікая ўвага да гэтага Дня Волі ўсіх суб’ектаў: і ўладаў, і грамадства, і палітычных сілаў, і замежжа. Улады вельмі непакояцца пра тое, што можа адбыцца. Афіцыйныя асобы, у тым ліку Лукашэнка, публічна кажуць пра “гарачую вясну”. Дзяржаўныя медыя, дзяржаўныя асобы, у праватнасці старшыня КДБ, усяляк запужваюць людзей нейкімі расказамі пра тэрарыстаў, пра нейкія склады са зброяй, якія нібыта знайшлі. Гэта традыцыйная метода запужвання людзей перад такімі важнымі падзеямі.
Палітычнае напружанне нарастае. І я думаю, што гэтае 25 сакавіка будзе трыгерам, які паказвае, наколькі сапраўды будзе „гарачая вясна”, як таго непакояцца ўлады.
Наколькі сапраўды той пратэстны патэнцыял, які выбухнуў летам і восенню 2020 года, захаваўся і наколькі ён ізноў можа вылезці вонкі.
РР: Здаецца, што насамрэч зараз пратэсты мінімізаваліся. У горадзе ўжо няма бел-чырвона-белай сімволікі, “Пагоні”, якіх так шмат было яшчэ ўвосень. Але гэта можа толькі на першы погляд, бо ніхто ж не чакаў, што ў жніўні будзе такі выбух, магчыма, акрамя Лукашэнкі?
Валер Карбалевіч: Я не бяруся даваць прагнозы, што можа адбыцца 25 сакавіка. Які будзе маштаб пратэстаў. Тое, што людзі выйдуць на вуліцу, – гэта відавочна. А вось маштаб гэтай падзеі, я прагназаваць не бяруся. Настроі людзей зусім не тыя, якія былі летам і восенню 2020 года. Пэўнае расчараванне, даволі вялікая палітычная эміграцыя з Беларусі. Таму настрой зусім іншы.
РР: У свой час напісаўшы вялікую кніжку пра Лукашэнку, ведаючы яго псіхалогію, яго прыёмы, якія не змяніліся, мабыць, за гэтыя 26 год, як вы лічыце, што ён зараз думае, што рыхтуе?
Валер Карбалевіч: Лукашэнка атрымаў вялізную псіхалагічную траўму ад падзей мінулага года. Фактычна гэтыя падзеі разбурылі ўсе тыя дасягненні, пра якія сам Лукашэнка цвердзіў, пра якія цвердзілі дзяржаўныя медыя: пра тое, што ён гарант стабільнасці, што ён пабудаваў краіну, дзе не адбываецца ніякіх забурэнняў, пабудаваў мадэль, дзе адбываецца ўсё па справядлівасці і так далей. Усе гэтыя ілюзіі разбурыліся. І гэта быў для яго псіхалагічны шок, і таму цяперашнія масавыя рэпрэсіі ёсць у пэўным сэнсе акрамя чыста рацыянальных памкненняў запужаць усіх, у іх ёсць і элемент помсты. Лукашэнка помсціць усім, за каго ён перажыў такія нялёгкія часы, калі давялося яму хапацца за аўтамат, надзяваць бронекамізэльку і нават садзіцца ў верталёт і бегчы з Палаца незалежнасці, калі туды падыходзіў вялікі натоўп пратэстоўцаў.
Таму адзіная стратэгія, адзіная тактыка, якую Лукашэнка праводзіў і будзе праводзіць далей, гэта лінія на гвалт і сілавое падаўленне пратэстаў.
І ён імкнецца настолькі зачысціць глебу, настолькі закатаць усіх у асфальт, знішчыць усе ачагі пратэсту, каб узяць сітуацыю максімальна моцна пад кантроль і спакойна правесці ўсе тыя электаральныя кампаніі, якія ён плануе ажыццявіць. Нагадаю, гэта і мясцовыя выбары, і рэферэндум аб Канстытуцыі, гэта, магчыма, і наступныя пасля гэтых прэзідэнцкія і парламенцкія выбары, якія ён мімаходзь узгадваў. Ён разумее небяспеку электаральнай кампаніі, але спадзяецца, што да таго часу ён настолькі зачысціць прастору, што ніякай небяспекі для электаральнай кампаніі ўжо не будзе. Такі разлік. Наколькі ён рэалістычны – час пакажа.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Менск