Валер Карбалевіч: Аўстрыя даўно запрашала Лукашэнку



Прэс-служба кіраўніка Беларусі пацвердзіла дэталі візіту Аляксандра Лукашэнкі 11 і 12 лістапада ў Аўстрыю. Гэта будзе яго першая афіцыйная паездка ў Еўразвяз за апошнія тры гады.

У прыватнасці плануецца, што 12 лістапада ў Вене ў вузкім і пашыраным складах пройдуць перамовы Лукашэнкі з Фэдэральным прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам.

„Аўстрыя, якая з’яўляецца нейтральнай краінай і не ўваходзіць у НАТА заўсёды імкнулася да супрацоўніцтва з недэмакратычнымі краінамі, у тым ліку з Расеяй і Беларуссю, дзе даволі шырока прадстаўлены аўстрыйскі бізнес. У сваю чаргу матывы Лукашэнкі таксама зразумелыя”, – кажа палітолаг Валер Карбалевіч:

– Аўстрыя вельмі даўно запрашала Лукашэнку. Ён вырашыў, што калі ўжо ехаць у Еўропу, то трэба ехаць у краіну Заходняй Еўропы. На запрашэнні, якія былі ў Латвію, дарэчы ў Латвію таксама візіт плануецца, ці ў Варшаву, з гледзішча афіцыйнага Менску ні Рыга, ні Варшава не лічацца сапраўднай Еўропай. А вось Аўстрыя – гэта сапраўдная Еўропа. Гэты чыннік таксама важны, першы ўезд у краіну Заходняй Еўропы менавіта, на ўзроўні афіцыйнага візіту.  

На думку Валера Карбалевіча, візіт Лукашэнкі ніяк не паўплывае на тэрміны падпісання пагаднення пра спрашчэнне візівага рэжыма паміж Беларуссю і Еўразвязам, а вось пагадненне пра прыярытэты партнёрства з ЕЗ цяпер будзе залежыць ад увядзення ў эксплуатацыю Беларускай атамнай электрастанцыі:

– Еўракамісар Хан заявіў, што Беларусі трэба вырашаць пытанне з АЭС, толькі тады можа быць падпісана партнёрскае пагадненне. Дасюль Еўразвяз стаяў трохі ўбаку ў гэтым канфлікце Літвы з Беларуссю з-за атамнай станцыі. Цяпер акцэнты расстаўлены так, што нібы Еўразвяз падтрымлівае Літву ў гэтым пытанні.

Як дадае Валер Карбалевіч, цікава, што Йоханэс Хан як раз з’яўляецца аўстрыйцам і належыць да Народнай партыі, якая з’яўляецца кіроўнай у Аўстрыі. Гэта дадае асаблівы аспект візіту Лукашэнкі. Акрамя гэтага Лукашэнка толькі выйграе, не баючыся трапіць пад крытыку Крамля, які таксама шчыльна супрацоўнічае з Аўстрыяй.

Беларускае Радыё Рацыя