Валер Карбалевіч: Беларускія ўлады вырашылі выкарыстаць “эфект Фомачкіна”



Палітолаг Валер Карбалевіч распавёў пра невыпадковасць чарговага беларуска-расейскага канфлікта.

Як вядома, Лукашэнка раскрытыкаваў Расею за тое, што тая не дае зніжкі на газ, і папярэдзіў пра магчымае зніжэнне ўзроўню інтэграцыі. Гэта ўжо не першы канфлікт, які распачынаюць “саюзнікі”.

Валер Карбалевіч: Беларуска-еўрапейскія адносіны канфліктныя па самой сваёй прыродзе. Канфлікты здараюцца рэгулярна і ідуць пэўнымі хвалямі. То яны вырашаюцца ў кулуарах, то выносяцца ў публічную прастору. Адным словам, тут шмат розных варыянтаў, якія ў любым выпадку не змяняюць сутнасці праблемы. Зараз вось ізноў канфлікт агучаны беларускім бокам, што часцей за ўсё і бывае. Але нічога сенсацыйнага ў гэтым няма.  

РР: Ці даюць вынік такія эмацыйныя выступы беларускага боку?

Валер Карбалевіч: Часцей даюць, чым не. І так адбываецца таму, што Лукашэнка добра разумее, скажам так, імперскія комплексы Расеі і вельмі ўдала на гэтым гуляе. А гуляе тады, калі для гэтага маецца спрыяльная атмасфера.

РР: Зараз – тая самая спрыяльная атмафера?

Валер Карбалевіч: Звярніце ўвагу, што газавы канфлікт доўжыцца ўжо амаль год – з канца мінулага году ідуць перамовы. І ўвесь гэты час кіраўнік Беларусі фактычна маўчаў, асабліва не каментаваў сітуацыю. Але зрабіў заяву з гэтай нагоды 11 верасня, падчас галасавання на выбарах, потым быў загад віцэ-прэм’еру Сямашку за некалькі дзён вырашыць пытанне, пасля – ізноў заява… Адным словам, зараз мы бачым цэлы каскад не вельмі добрых слоў у адрас Расеі. І мне падаецца, гэта звязана менавіта з тым, што афіцыйны Менск адчуў спрыяльную атмасферу. А з’явілася яна пасля таго, як беларускія паралімпійцы (а дакладней – спартыўны функцыянер Фомачкін) пранеслі на адкрыцці Паралімпіяды расейскі сцяг. Гэта выклікала ў Расеі агульнанацыянальную эйфарыю, хвалю сімпатый для Беларусі. І беларускія ўлады вырашылі выкарыстаць сітуацыю.

РР: Выкарыстаць “эфект Фомачкіна”?

Валер Карбалевіч: Можна сказаць і так. Трэба каваць жалеза, пакуль яно гарачае, таму беларускія ўлады вырашылі: пакуль “эфект Фомачкіна” не прайшоў, варта апеляваць да расейскай грамадскай думкі, каб тая паўплывала на Пуціна, а той пайшоў на саступкі. Разлік тут даволі рацыянальны, бо гэтую расейскую эйфарыю сапраўды трэба выкарыстоўваць на сваю карысць. Вось і загрукнулі нагамі. Іншая справа, пакуль невядома, якія эфект ад гэтага будзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя