Валер Карбалевіч: Да выбараў ва Украіне сустрэчы ў Менску не будзе
Палітолаг Валер Карбалевіч распавёў, ці можа ў Менску адбыцца сустрэча кіраўнікоў Расеі і Украіны ў тым фармаце, што прапанаваў Уладзімір Зяленскі.
Нагадаем, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў сустрэчу з Уладзімірам Пуціным у Менску, але з удзелам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Тэрэзы Мэй, канцлера Федэральнай Рэспублікі Ангелы Меркель і прэзідэнта Францыі Эмануіла Макрона.
Валер Карбалевіч: Мяркую, што гэта ход Зяленскага трэба разглядаць у рэчышчы той выбарчай кампаніі ў Вярхоўную Раду, якая зараз ідзе ва Украіне. Гэта піяр-акцыя, якая накіравана не на рэальную сустрэчу з Пуціным, а на атрыманне максімальнай падтрымкі электарата на выбарах.
Таму пазіцыя Зяленскага крыху супярэчлівая. З аднаго боку ён прапануе перамовы дзеля мірнага ўрэгулявання канфлікту з Расеяй, а з іншага выстаўляе такія ўмовы, якія для Масквы непрымальныя. Такім чынам можна атрымаць галасы ўкраінцаў з рознымі поглядамі.
РР: Вы лічыце, што такі фармат непрымальны для Крамля?
Валер Карбалевіч: Для Крамля непрымальна сама павестка дня: чый Крым? Зараз гэта Расея абмяркоўваць нават не будзе. Не зусім прымальны для Пуціна і ўдзел у сустрэчы іншых лідараў заходніх краінаў, бо ў такім выпадку атрымліваецца розны баланс сілаў падчас перамоваў.
Думаю, да завяршэння выбарчай кампаніі ва Украіне казаць пра сустрэчу ў Менску не выпадае. А затым, калі Уладзімір Зяленскі пачне праводзіць ужо рэальную замежную палітыку, магчымы розныя варыянты, пра якія сёння ўвогуле складана нешта казаць. Пазіцыі Расеі і Украіны па многіх пытаннях зараз настолькі далёкія, што цяжка нават меркаваць, што сустрэчы і перамовы могуць даць нейкі плён.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя