Валер Карбалевіч: Гэта быў відавочны ўкол на адрас Пуціна



Наш карэспандэнт Улад Грынеўскі ў эфіры нашага радыё абмеркаваў з палітычным аналітыкам апошнія выказванні так званых журналістаў з дзяржаўных СМІ Беларусі.

РР: У сацыяльных сетках абмяркоўваецца выступ на тэлеканале СТБ, дзе журналіст вельмі канкрэтна затроліў Уладзіміра Пуціна і нават сказаў пра тое, што Аляксандр Лукашэнка не будзе сустракацца з міністрамі па відэасувязі, не будзе карыстацца ботаксам і ўвогуле Аляксандр Лукашэнка нашмат круцей за Уладзіміра Пуціна. Не называлі там Уладзіміра Пуціна, але ўсе зразумелі. Як гэта ўвогуле ацэньваць? Гэта нейкі аўтарскі падыход журналіста або ўсё ж такі нейкім чынам гэта можна звязаць з палітыкай?

Валер Карбалевіч: Безумоўна, гэта палітыка, безумоўна журналісты дзяржаўных тэлеканалаў не маглі так груба і жорстка “наехаць” на кіраўніка саюзнай дзяржавы без дазволу і нейкай санкцыі палітычнага кіраўніцтва. Гэты сюжэт, пра які вы згадалі, ёсць адлюстраванне таго, што паміж Менскам і Масквой цяпер нейкі перыяд напружання. Паміж сталіцамі прабегла чорная котка ці чорны кот, і таму мы бачым гэта па некалькі фактах. Ды і гісторыя з “Камсамольскай праўдай”, на якую звярталі ўвагу з Масквы. І прычым вельмі негатыўна гэта ацэньвалі. І адмова Уладзіміра Пуціна прыехаць у Менск на саміт СНД 15 кастрычніка, хоць у графіку расейскага кіраўніка гэты візіт стаяў, па сведчанні яго прэс-сакратара Дзмітрыя Пяскова. І адмова Лукашэнкі прыняць міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова, які ў тыя дні быў у Менску. Хоць Лукашэнка сустракаецца  з губернатарамі самых маленькіх расейскіх губерняў. І сумесная калегія міністэрства абароны дзвюх краін прайшла так, што пра вынікі бакі паведамляюць па-рознаму. Напрыклад, пра існаванне і дзеянне на тэрыторыі Беларусі двух ваенных аб’ектаў. Калі міністр абароны Расеі Сяргей Шойгу заявіў, што міністры падпісалі дамову, то на сайце міністэрства абароны Беларусі напісана, што бакі толькі абмеркавалі дамову аб пралангацыі гэтых расейскіх аб’ектаў на  беларускай тэрыторыі. І вось гэты выпад з боку дзяржаўных журналістаў. Яшчэ можна сказаць пра зліў інфармацыі, пра закрытае апытанне расейскай прадзяржаўнай сацыялагічнай структуры ВЦИОМ у Беларусі. І гэтае апытанне выявіла, што беларусы не вельмі любяць сваю ўладу і Аляксандра Лукашэнку. Вось гэтыя факты кажуць, што сапраўды пэўнае напружанне ёсць, але прырода гэтых рознагалоссяў да канца незразумелая. Можна толькі будаваць нейкія здагадкі і гіпотэзы.

РР: Але гэта такі больш унутраны прадукт ці таксама знешні? Мне падаецца, што дакладуць Уладзіміру Пуціну, што дзяржаўны журналіст вось так жартуе на яго конт. Ці гэта больш для беларусаў, каб яны зноў жа вуснамі дзяржаўнага журналіста зразумелі, што Лукашэнка самы круты ва ўсім свеце?

Валер Карбалевіч: Расейскія медыя звярнулі на гэта ўвагу і пракаментавалі, таму міма Пуціна гэта прайсці не можа. Думаю, што менавіта на гэта і быў разлік. Гэта быў відавочны ўкол на адрас Пуціна.

 Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:  

Беларускае Радыё Рацыя