Валер Карбалевіч: Лукашэнка не пабачыў карысці ад візіту ў Брусель



Аляксандр Лукашэнка не паедзе на саміт „Усходняга партнёрства”, які пачнецца ў Бруселі 24 лістапада.  Замест яго дэлегацыю на саміце ўзначаліць міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Хаця запрашэнне прыехаць на саміт было для Аляксандра Лукашэнкі доўгачаканым і важным.

Па меркаванню палітолага Валера Карбалевіча, ёсць некалькі прычынаў для гэтай адмовы.

Па-першае, магчыма да кіраўніка Беларусі дайшла кулуарная інфармацыя, што далёка не ўсе лідары вядучых еўрапейскіх краінаў прыедуць у Брусель.

– Не ўдалося дамовіцца з нейкімі сур’ёзнымі лідарамі з сур’ёзных еўрапейскіх краін аб двухбаковых сустрэчах. А ехаць у Брусель для таго, каб сустракацца з лідарамі постсавецкіх краін – гэта не сур’ёзна. Ён з імі рэгулярна сустракаецца на самітах СНД. Наступны момант, магчыма там былі нейкія непрыемныя інцыдэнты. Маглі б яго крытыкаваць на самім саміце за парушэнне правоў чалавека. Ну і нарэшце, фактар Масквы дастаткова важны. Масква не вельмі задаволена, каб Беларусь паляпшала адносіны з Еўропай.

Таксама Аляксандр Лукашэнка адмовай ехаць у Брусель падае сігнал еўрапейскім палітыкам, што Беларусь незадаволена тымі крокамі насустрач, якія зрабіла Еўропа за час, калі пасля пачатку канфлікта Расеі і Украіны пачаўся працэс размарожвання адносінаў паміж Еўразвязам і Беларуссю. Напрыклад, кіраўніцтва Беларусі не задаволена памерамі фінансавай дапамогі, адсутнасццю прагрэса ў візавым пытанні, – лічыць Валер Карбалевіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя